Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За вяртаньне самалёта «Белавія» ў Кіеў у Менску чакаюць выбачэньняў, але ня кажуць, ад каго


Кіраўніцтва кампаніі «Белавія» пракамэнтавала інцыдэнт з прымусовым вяртаньнем ейнага самалёта ў кіеўскі аэрапорт «Жуляны».

Суму кампэнсацыі не называюць, чакаюць выбачэньняў.

Гендырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў лічыць, што ў інцыдэнце зь беларускім самалётам, які пад пагрозай «падняць зьнішчальнікі» 21 кастрычніка вярнулі ў кіеўскі аэрапорт, цалкам вінаваты ўкраінскі бок. «Белавія» чакае грашовай кампэнсацыі стратаў, але пакуль не называе суму.

«Мы працуем з нашымі калегамі з Украіны, каб вызначыцца адносна кампэнсацыі стратаў. Увага да гэтага з абодвух бакоў ёсьць», — сказаў Анатоль Гусараў.

Дырэктар Дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Ўладзімер Косьцін таксама лічыць вінаватым у інцыдэнце ўкраінскі бок. Пры гэтым чыноўнік прызнае, што вяртаньне самалётаў на загад дыспэтчара — «гэта нармальная практыка», і ўкраінскі дыспэтчар дзейнічаў паводле інструкцыі, як і экіпаж беларускага самалёта, які ў выніку выканаў загад на вяртаньне. А вось украінскі бок так і не прынёс выбачэньняў, дакараў украінцаў спадар Косьцін. За што тады чакаць выбачэньняў, калі дыспэтчар дзейнічаў дакладна? — запытаўся карэспандэнт Свабоды ў чыноўніка.

«Маю на ўвазе, што калі прагучала, што ў выпадку чаго мы падымем вайсковыя самалёты на перахоп, гэта было як бы запалохваньне. Нават калі сапраўды ўкраінскі бок ведае, што там небясьпечны чалавек, дык ёсьць жа дамова, можна было б пазваніць і гэтае пытаньне вырашыць. Бо гэта ж стрэсавая сытуацыя. А калі экіпажу не тлумачаць прычыну вяртаньня, а на пытаньні камандзіра пра прычыну, каб не адказваць, дыспэтчар пераходзіць на ангельскую мову... Потым высьветлілі, што няма ніякага тэрарыста, што ўсё нармальна — дык скажыце: „Прабачце, мы памыліліся“. Гэта было б нармальна. Вы зразумейце яшчэ пасажыраў, якія былі на борце. Што яны адчуваюць?»

На ўдакладняльнае пытаньне, ад каго канкрэтна ва Ўкраіне беларускі Дэпартамэнт авіяцыі чакае выбачэньняў, Уладзімер Косьцін адказаў:

«Мы пэўна не выказваем прэтэнзіяў ані авіяцыйным уладам, ані МУС Украіны. Мяркую, яны, відаць, выконвалі загады зьверху. Мяркую, пэўныя структуры ў нас з гэтым разьбяруцца. Мне цяжка камэнтаваць».

Украінскі напрамак «Белавія» — прыбытковы

Нягледзячы на інцыдэнт зь беларускім самалётам у небе над Украінай, збольшага авіязносіны суседніх краін пасьпяхова разьвіваюцца, і гэты кірунак для «Белавія» вельмі пэрспэктыўны. Гэтак лічыць гендырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў. Ён сказаў, што цяпер штодня ва Ўкраіну зь Менску выконваецца 8 авіярэйсаў: 5 зь іх у Кіеў і па адным у Адэсу, Харкаў і Львоў.

«Напрамак прыбытковы, прычым узімку ў Львоў дададзім яшчэ адзін штодзённы рэйс, бо гэта цікава тым, хто зьбіраецца катацца на лыжах у Карпатах», — сказаў гендырэктар «Белавія».

Сёлета стала выконвацца больш рэгулярных рэйсаў таксама ў Сочы, Батумі, Тэль-Авіў, Лёндан, Гановэр, Барсэлёну, Ларнаку. Зь лістапада павялічваецца частата палётаў у Ашгабад.

Перабудовы ў аэрапорце «Мінск» ідуць, захады бясьпекі «нязьменныя»

У Менскім нацыянальным аэрапорце пачаліся працы па замене тэлескапічных трапаў, якім ужо 30 гадоў, на новыя, сучаснай канструкцыі. Таксама заменяць эскалятары, а на фасадзе зьявяцца панарамныя ліфты для наведнікаў з абмежаванымі магчымасьцямі.

А вось што да захадаў бясьпекі, дык паводле гендырэктара нацыянальнага аэрапорту «Мінск» Дзьмітрыя Мелікяна яны мякчэйшымі ня стануць. Карэспандэнт Свабоды запытаў у дырэктара, ці скарэктуюць інструкцыю для ахоўнікаў пасьля інцыдэнту з расейкай Марыяй Рымар, якую за неасьцярожны жарт пра выбухоўку ў валізцы зьнялі з рэйсу і аддалі пад суд. На судзе Марыя Рымар казала, што супрацоўніца службы бясьпекі аэрапорту была да яе занадта прыдзірлівая, інцыдэнт зь яе недарэчным жартам мог бы скончыцца больш мірна. Ці ня трэба ўлічваць асаблівасьці пасажыраў, каб у тым ліку не псаваць імідж аэрапорту?

Дзьмітры Мелікян, па-першае, ня лічыць, што суд над расейскай пасажыркай нанёс страты іміджу менскага аэрапорту. Па-другое, ніякіх саступак у жорсткіх захадах бясьпекі ў «Мінску» чакаць ня варта.

«Зьменаў ніякіх ня будзе. Наша дзяржава для лякалізацыі пытаньняў бясьпекі дапамагае закупляць неабходную тэхніку і абсталяваньне, якія гарантуюць бясьпеку. Што чалавек кажа, падняўся ён з адной нагі ці з другой нагі... Любы чалавек, які заяўляе, што ў яго ёсьць выбуховае рэчыва, нясе за гэта адказнасьць», — сказаў спадар Мелікян.

На судзе над Марыяй Рымар стала вядома, што пасьля яе словаў пра выбухоўку ў валізцы, якая ўжо прайшла агляд, гэты багаж зноў ня быў дасьледаваны. Да жанчыны выклікалі міліцыянта, яе зьнялі з рэйсу, трымалі пад вартай амаль месяц, а ў верасьні судзілі. Марыя Рымар казала на працэсе, што «пажартавала» гэтак, бо не пераносіць асабістага надгляду, які пачаўся з пытаньня: «Ці ёсьць у вас выбухоўка?».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG