Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тое, што пагрэўся ля Вечнага агню, пагражае 6 гадоў калёніі


Вечны агонь на плошчы Перамогі, архіўнае фота
Вечны агонь на плошчы Перамогі, архіўнае фота

У Партызанскі раённы аддзел Сьледчага камітэту накіраваная для расьсьледаваньня крымінальная справа супроць маладога менчука, якога затрымалі 5 красавіка на плошчы Перамогі. Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры Менску, «малады чалавек бегаў вакол Вечнага агню, размахваў над ім нагамі, грэўся каля яго, забягаў на помнік у месцы для ўскладаньня вянкоў, клаўся сьпінаю на падножжа помніка». У пракуратуры лічаць, што гэтымі дзеяньнямі затрыманы зьдзейсьніў злоснае хуліганства. Паводле Крымінальнага кодэксу за гэта можна атрымаць да 6 гадоў зьняволеньня.

Ці вартае тое, што зрабіў затрыманы, такога вялікага пакараньня? Праваабаронца зь «Вясны», былы адвакат Павал Сапелка адзначыў, што ўвогуле ня бачыць прыкметаў крымінальнага злачынства:

Павал Сапелка
Павал Сапелка

— Усё ж трэба вызначыцца з намерам. Калі малады чалавек ставіў за мэту парушыць грамадзкі парадак, наўмысна дэманстраваў непавагу да помніка, у цэлым да нормаў, якія ёсьць у грамадзтве, тады — так, тут могуць быць прыкметы хуліганства, якое караецца паводле Крымінальнага кодэксу. Але калі чалавек сапраўды проста грэўся, калі яму не было куды пайсьці, каб адпачыць, — то гэта ня цягне на крымінал. Тут прыблізна гэтаксама, як з адпраўленьнем натуральных патрэб у грамадзкім месцы: калі чалавек робіць гэта наўмысна — гэта адно, а калі робіць таму, што ня можа больш трымаць, — іншае.

— А з таго, што вядома, хіба незразумела, чаму гэтак сябе паводзіў чалавек? Вось вы б узяліся яго бараніць?

— Тут трэба ўсё ж спытаць спачатку ў самога чалавека, чаму ён гэтак зрабіў. У тым ліку магло быць гэтак, што быў нападпітку і не задумваўся пра тое, што парушае грамадзкі парадак. Але, як мне здаецца, гэта ня той выпадак, калі трэба прыцягваць чалавека да крымінальнай адказнасьці. Так, гэта Вечны агонь, гэта помнік, гэта вельмі важна, да яго трэба ставіцца з павагай. Але ўсё ж гэта не забароненая тэрыторыя, чалавек там мог знаходзіцца, і матэрыяльнай шкоды ён не нанёс. А што да паводзінаў — гэта іншая рэч, і пытаньне тут на мяжы паміж нормамі права і маралі. На маю думку, лепш пакінуць нейкія рэчы ў сфэры маралі, а не выцягваць іх у крымінальную практыку. Вось як раней людзей за праступкі накіроўвалі ў царкву на пакаяньне, ці як у савецкія часы — у таварыскі суд на размову, каб проста прысаромілі. А павялічваць гэткім чынам колькасьць вязьняў у калёніях ці хаця б «хімікаў» — гэта мне падаецца ня лепшым выйсьцем"

— Вы ня бачыце тут уплыву палітыкі? Гаворка ж пра Вечны агонь, пра адну з самых дарагіх каштоўнасьцяў народу.

— Не казаў бы пра палітыку, але адзначу, што апошнім часам дзяржава занадта ўмешваецца ў сфэру прыватных адносінаў паміж людзьмі. То затрымліваюць за нейкія фатаздымкі на фоне адміністрацыйных будынкаў, то вось разьдзьмухваюць зь несур’ёзнага праступку цэлую крымінальную справу. Паўтаруся, безумоўна, я б гэтак не рабіў, але і крымінальнай адказнасьці такія дзеяньні не заслугоўваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG