Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За руйнаваньне Менску — няпоўны дзясятак пратаколаў. Дзе астатнія тысячы?


Від на Менск «адрамантаваны»

Від на Менск «адрамантаваны»

Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму паведамляе: цягам 2015 году ажыцьцяўляўся маніторынг аб’ектаў са статусам гістарычнай каштоўнасьці і вяліся плянавыя праверкі выкананьня заканадаўства ў галіне аховы помнікаў гісторыі і культуры. Па іх выніках складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў за парушэньні заканадаўства ў сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Адмыслоўцы перакананыя, што лік такіх спраў павінен ісьці як мінімум на сотні, уключна з крымінальнымі. Гістарычны цэнтар сталіцы з пачаткам новай хвалі горадабудаўнічай актыўнасьці ў 2004 годзе пасьлядоўна страчваў свае базавыя характарыстыкі, што, згодна з заканадаўствам, не дазваляе кваліфікаваць яго як комплексную гісторыка-культурную каштоўнасьць першай, найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі ва ўсім мажлівым дыяпазоне. Беспадстаўна зьмянялася ягоная гістарычная пляніровачная структура, вялася масавая забудова аб’ектамі, якія ня маюць нічога агульнага зь пералікам дзеяньняў, дазволеных законам у дачыненьні да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Кіраўнік архітэктурнай сэкцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Вантух так адкамэнтаваў гадавую справаздачу гарадзкіх уладаў у галіне кантролю за выкананьнем ахоўнага заканадаўства:

Антон Вантух (у цэнтры) з калегамі Антонам Астаповічам і Андрэем Лары

Антон Вантух (у цэнтры) з калегамі Антонам Астаповічам і Андрэем Лары

«Лічбы можна агучваць якія заўгодна — 9, 50, 350. Сэнс ад гэтага які? На самой справе працэсы, якія сёньня адбываюцца ў гэтай галіне, цалкам нэгатыўныя. Даволі простае пытаньне: мы сёньня страчваем гісторыка-культурную спадчыну (калі гаворка пра гістарычны цэнтар Менску) ці набываем яе ў выглядзе адрэстаўраваных аб’ектаў і г.д.? Адказ відавочны — ідзе татальнае зьнішчэньне неацэнных помнікаў гісторыі. А пад фармат справаздачы можна падвесьці што заўгодна — маўляў, ідзе праца, назіраем, караем. На жаль, у рэальнасьці можна канстатаваць адваротнае».

Адметна, што ў ведамстве не ўдакладняюць, якія менавіта парушэньні за мінулы год выяўленыя і на якіх канкрэтна аб’ектах яны зафіксаваныя. Тым ня меней, перакананы Антон Вантух, усе тыя прадпісаньні носяць, хутчэй, сымбалічны характар і не скіраваныя супраць ініцыятараў і выканаўцаў шырокамаштабнай «бульдозэрнай рэстаўрацыі»:

Рэвалюцыйная вуліца: рэстаўрацыя «праз калена», 2006 год

Рэвалюцыйная вуліца: рэстаўрацыя «праз калена», 2006 год

Муляжы «пад даўніну» на Нямізе

Муляжы «пад даўніну» на Нямізе

«Самае цікавае, што яны маглі вынесьці прадпісаньне за якую-небудзь няўзгодненую ці няправільна аформленую шыльду, якая, на іх думку, засланяе фасад. Але пры гэтым даць дазвол, каб зруйнаваць суседні дом ХІХ стагодзьдзя. Ну і што з гэтых лічбаў? Абсалютная бессэнсоўнасьць. Прыкладам, ёсьць прадпісаньне на Базыльянскі кляштарны сад, дзе стаіць будынак, з рашэньнем на дэмантаж лішняга паверху. Рашэньню больш за год, працэсы не адбываюцца ніякія. Апроч тых, што будаўніцтва працягваецца і аб’ект у такой форме рыхтуецца да адкрыцьця. Я ўжо не кажу пра самазваны „Кемпінскі“ на месцы першай электрастанцыі ці пра што іншае. Высновы зрабіць досыць проста: дастаткова прайсьціся па цэнтры гораду, паглядзець навокал — і, нават ня будучы прафэсіяналам, даць ацэнку працэсам рэгуляваньня, якія сёньня адбываюцца. У дадзеным выпадку датычна гістарычнага цэнтру Менску».

Калі верыць забудоўнікам, гэта «паркоўка-гараж» на Нямізе, 2006 год

Калі верыць забудоўнікам, гэта «паркоўка-гараж» на Нямізе, 2006 год

У справаздачы Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму сказана: у сталіцы налічваецца 630 помнікаў архітэктуры, мастацтва, гісторыі, археалёгіі. Летась ведамства аформіла звыш 300 ахоўных абавязаньняў, праведзена больш за паўтары сотні ўзгадненьняў адчужэньня права ўласнасьці на аб’екты спадчыны — будынкі і нежылыя памяшканьні. Міністэрства культуры распрацавала і зацьвердзіла тры праекты зонаў аховы ў Менску.

Будынак, якому прадпісана «панізіцца» на паверх

Будынак, якому прадпісана «панізіцца» на паверх

Навабуд на беразе Сьвіслачы

Навабуд на беразе Сьвіслачы

Архітэктар Уладзімер Папруга некалькі гадоў адпрацаваў у структуры ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму, дзе быў галоўным дзяржаўным інспэктарам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Ён як ніхто іншы ведае, якім чынам кантрольныя органы «рупяцца» пра захаваньне гістарычнай спадчыны.

Суразмоўца ўдакладняе, што менавіта няздольнасьць чынавенства супрацьстаяць сыстэме масавага зьнішчэньня гістарычных помнікаў урэшце прывяла да таго, што ён быў вымушаны пакінуць сваю пасаду. Апошняй кропляй стала гісторыя, якая выявіла сапраўднае стаўленьне да праблемы з боку нібыта зацікаўленых структураў. У выніку праходжаньня ўсіх інстанцыяў спадар Папруга ініцыяваў разгляд пытаньня, жыцьцёва важнага для будучага вобліку сталіцы, у прэзыдэнцкай адміністрацыі. Але пасьля першага паседжаньня камісіі, на якім выдалі даручэньні і заплянавалі працу на наступны месяц... больш нічога не адбылося:

«Монстар» у Траецкім прадмесьці

«Монстар» у Траецкім прадмесьці

«Усё шматслоўна расьпісанае — не працэс аховы спадчыны з ужываньнем закону, дасканала распрацаванай мэтадалёгіі і ўстаноўленай законам працэдуры, а імітацыя ўсяго пералічанага. Спроба прыняць гэта ўсур’ёз таму і натыкаецца на сутнасную нелягічнасьць усяго адрапартаванага і ў цэлым, і ў дробязях. І парушаецца ня толькі Закон па ахове спадчыны Міністэрства культуры, але ва ўсім дыяпазоне парушаюцца і тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры. Звычайнай практыкай зрабілася „ўнясеньне зьменаў“ у прававыя акты, ініцыяваныя экспромтам проста на паседжаньнях Горадабудаўнічай рады Камітэту архітэктуры Менгарвыканкаму — раптам высьвятлялася, што прапанаваныя гораду на ўзгадненьне пляны супярэчаць цалкам карэктным базавым нарматыўным актам у галіне горадабудаўніцтва».

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга

Спадар Папруга зазначае, што ў тэорыі канфліктныя сытуацыі ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны цалкам магчыма вырашаць у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Аднак на практыцы пошук праўды часьцяком заводзіць у тупік — зноў жа, з-за гнуткай пазыцыі тых, хто прымае рашэньне на канкрэтным паверсе ўладнай вэртыкалі:

«Менавіта такім чынам адбылося, напрыклад, узгадненьне праекту першага рынкавага комплексу на Нямізе (насупраць царквы), сьціпла названага на стадыі сваёй легітымацыі „гаражом-стаянкай“. Гэта раўназначна ўнясеньню зьменаў, скажам, у Крымінальны кодэкс пад кожны канкрэтны выпадак, калі каго зловяць на вынасе з гіпэрмаркету тэлевізара, ці ў правілы дарожнага руху ў выпадку ДТЗ зь лятальным вынікам. Дзіўна гучыць? Але ў справе абыходжаньня са спадчынай падобныя цыркі чамусьці лёгка дазваляюць сабе і гарвыканкамаўскія чыноўнікі, і „інвэстары“. І ўсё названае, заўважым, адбываецца ў сытуацыі, калі закон, наяўная дасканалая мэтадалёгія і працэдура нават у сваім цяперашнім выглядзе цалкам дазваляюць бесканфліктна вырашаць усе праблемныя сытуацыі карэктна і бездакорна і з карысьцю для ўсіх — гістарычнага цэнтру, гораду, саміх інвэстараў. Але арганізаваны выканаўчай адміністрацыяй сабатаж, ад верху ў самы ніз, якраз і блякуе ўсю прававую базу. Названае пытаньне даўно праваабарончае па сутнасьці. Усё пералічанае па выніках і выяўляе галоўнае — факт наяўнасьці ці адсутнасьці прававой дзяржавы як зьявы».

Грамадзкае абмеркаваньне забудовы гістарычнага цэнтру

Грамадзкае абмеркаваньне забудовы гістарычнага цэнтру

У 1980–90-х інэртнасьць афіцыйных структураў кампэнсавалася праявамі грамадзкай актыўнасьці — пікеты супраць разбурэньня помнікаў са сьпісу гісторыка-культурнях каштоўнасьцяў прынамсі адтэрмінавалі выкананьне прысуду шмат якім знакавым аб’ектам. Зрэшты, ацалець да нашых дзён удалося хіба адзінкам — дзяржаўны курс на навабуды пад прыкрыцьцём «аднаўленьня» практычна вынішчае гістарычны цэнтар.

Ці мае голас грамадзкасьці нейкую вагу ў сёньняшніх рэаліях? Ці здольныя гараджане вырашаць свой лёс самастойна? Уладзімер Папруга так ацэньвае ролю масаў у супрацьстаяньні адміністрацыі, якая не выконвае закон:

Новая «нерухомасьць» Верхняга гораду

Новая «нерухомасьць» Верхняга гораду

«Выходзіць людзям — куды і навошта? Пікеты працуюць выключна ў прававых дзяржавах. Дзе і сама неабходнасьць такіх пікетаў узьнікае толькі ў сытуацыях, калі закон не парушаецца, але грамадзкасьць зь нечым нязгодная. Ва ўсіх іншых сытуацыях парушэньня заканадаўства толькі кантрольныя і наглядныя органы працуюць як мае быць. Між тым усе нашы пералічаныя праблемы — гэта парушэньне менавіта заканадаўства. Абсалютна ўсе выпадкі — ад будаўніцтва новых рынкавых комплексаў на Нямізе, праз усе „Фарты“, „Мортэксы“ і па той самы „Кемпінскі“. Усе названае ёсьць татальным парушэньнем закону, мэтадалёгіі, тэхнічных нарматыўных прававых актаў і самой працэдуры прыняцьця найважнейшых рашэньняў».

Гатэль, ад якога адцураўся сапраўды «Кемпінскі»

Гатэль, ад якога адцураўся сапраўды «Кемпінскі»

Адзін з праектаў «асваеньня» Замчышча

Адзін з праектаў «асваеньня» Замчышча

Чаму органы ўлады ігнаруюць свае асноўныя функцыі ў канкрэтнай галіне? Архітэктар Уладзімер Папруга трымаецца такой пазыцыі:

«Што ж адбываецца насамрэч? Адзіны адказ, верагодна, у тым, што пракуратуры ў неправавых дзяржавах не выконваюць сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Бо менавіта ў неправавых дзяржавах усе без выключэньня кантрольныя і наглядныя органы жвавыя толькі на выкананьне адрасных камандаў „фас“, якія аддаюць самі парушальнікі ўсяго вышэй пералічанага. Кола замкнулася. Гэта ніяк не працэдура законапрымяненьня, дзе яна была б аднолькавая для ўсіх. Таму ўсё ва ўсім дыяпазоне ды ва ўсіх без выключэньня выпадках парушаецца менавіта так, як і ў выпадку „Кемпінскі“. Дзе той канкрэтны „нібыкемпінскі“ — проста шараговы эпізод сярод сотняў іншых, меншых ці большых па сваёй дэструктыўнасьці».

Гандлёвая вуліца: лічыцца, што прыгожа

Гандлёвая вуліца: лічыцца, што прыгожа

Скрыжаваньне Герцэна-Гандлёвай перад пачаткам «зачысткі»

Скрыжаваньне Герцэна-Гандлёвай перад пачаткам «зачысткі»

У згаданым раней рапарце ідэалягічнага ўпраўленьня Менгарвыканкаму ня ставіцца пад сумнеў культывацыя і захаваньне толькі аднаго гістарычнага пэрыяду — «Вялікай Айчыннай вайны». Так, да сьвяткаваньня 70-й гадавіны Перамогі добраўпарадкаваныя тэрыторыі мэмарыяльных комплексаў і памятных аб’ектаў першай паловы 1940-х. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну прывяла да ладу помнік Асаналіеву, Першамайскага — аднавіла помнік савецкім вайскоўцам. Таксама адрамантаваны мэмарыяльны комплекс «Баявы шлях гвардзейцаў». На гэтыя мэты прыцягнутыя пераважна пазабюджэтныя сродкі.

«Сьвечка» на Пераможцаў як сымбаль новага парадку

«Сьвечка» на Пераможцаў як сымбаль новага парадку

XS
SM
MD
LG