Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ежце г..., піце сц...»: маладыя вяскоўцы супраць будоўлі гіганцкіх сьвінакомплексаў


Будаўніцтва пад’язных шляхоў у Соўлаве
Будаўніцтва пад’язных шляхоў у Соўлаве

Увечары 12 траўня ля будынку Маладэчанскага райвыканкаму заплянаваны пікет супраць будоўлі буйных сьвінакомплексаў у вёсках Палачаны і Соўлава. Агулам тут хочуць сканцэнтраваць 200 тысяч сьвіней.

Аднойчы народная актыўнасьць ужо мела плён. Пры канцы 2014 году грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб узьдзеяньні мэгакомплексаў на навакольнае асяродзьдзе прывялі да таго, што маладэчанская вэртыкаль перагледзела першапачатковую ідэю разьмясьціць фэрму адразу за рысай гораду — у вёсцы Мойсічы. Праўда, як выявілася, канчаткова адмаўляцца ад плянаў ніхто не зьбіраўся — заказчыку ў асобе кампаніі «Вялес-Міт» улады прапанавалі пашукаць іншую пляцоўку, якой урэшце і сталі ваколіцы Палачанаў.

Іншае месца, вызначанае пад будоўлю — у вёсцы Соўлава — не карэктавалася. Наадварот: Маладэчанскі райвыканкам ухваліў рашэньне аб дазволе на будоўлю акурат пасярэдзіне тэрміну, вызначанага пад грамадзкае абмеркаваньне. Чым, уласна кажучы, парушыў працэдуру — да працэсу галасаваньня зьбіраліся далучыцца жыхары Валожынскага раёну, якія непасрэдна суседнічаюць з гэтымі аб’ектамі.

Цяжкая тэхніка ў Соўлаве
Цяжкая тэхніка ў Соўлаве

«Вялес-Міт»: найлепшы рэжым бяз тэндэраў і аўкцыёну

«Вялес-Міт» — правапераемнік кампаніі арыштаванага бізнэсоўца Юрыя Чыжа «Трайпл-Вялес». Рэбрэндынг правялі пасьля прыватызацыі маладэчанскага мясакамбінату. Цяпер фірмай кіруе Аляксей Алексін — былы паплечнік Чыжа, куратар нафтавых праектаў у колішняй трайплаўскай імпэрыі. Каб загрузіць магутнасьці, узамен за набытыя акцыі ААТ «Гарадзілава» «Велес-Міт» бярэцца ўзьвесьці да 2018 году два сьвінакомплексы па 100 тысяч галоў кожны. Зямлю інвэстару выдзелілі без аўкцыёну, ён атрымаў права прыцягваць праектныя і падрадныя арганізацыі без папярэдняга тэндэру. Кампанія Алексіна вызваленая ад сплаты ўвознага мыта і ПДВ на імпартнае абсталяваньне.

Днямі ў памяшканьні Палачанскага сельскага выканаўчага камітэту прайшло абмеркаваньне новага месца дысьлякацыі аднаго са сьвінакомплексаў — замест «адбітых» маладэчанцамі Мойсічаў. Да выбару пляцоўкі ў Палачанах, як і ў выпадку з Соўлавам, шмат пытаньняў з боку эколягаў, якія канстатуюць: нягледзячы на заўвагі экспэртаў, у абодвух праектах так і не мінімізаванае шкоднае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе і мэтады эксплюатацыі прыродных рэсурсаў.

Праціўнік гіганцкіх сьвінафэрмаў Уладзіслаў Юркоў
Праціўнік гіганцкіх сьвінафэрмаў Уладзіслаў Юркоў

Адзін з удзельнікаў нядаўняй нарады — жыхар вёскі Лохаўшчына Ўладзіслаў Юркоў. Ягоны дом на самай мяжы Маладэчанскага і Валожынскага раёнаў, літаральна за 3 кілямэтры ад будучага мэгакомплексу ў Соўлаве (да Палачанаў, адпаведна, крыху далей). Апроч Лохаўшчыны, у санітарна-ахоўную зону трапілі дзясяткі паселішчаў з абодвух бакоў — Зоранька, Вялікае сяло, Клопачы, Груздаўка, Высокае, Рудзеўшчына, Ленкаўшчына, Трэскі ды іншыя. І хоць у выніковых дакумэнтах санзону скарацілі, пэрспэктывы, як кажа спадар Юркоў, палохаюць:

Абмеркаваньне сьвінакомплексу ў аграгарадку Палачаны (ч.1):

«У Палачанах жыве шмат людзей, адпаведна, слуханьне выклікала шырокі рэзананс. Народу прыйшло шмат, большая палова нават ня трапіла ў залю сельвыканкаму; камусьці ў той таўкатні рабілася дрэнна, але не было нават вады, каб прывесьці чалавека да прытомнасьці. Хутчэй за ўсё, будзе яшчэ адно дадатковае абмеркаваньне, бо далёка ня ўсім удалося выказацца па набалелай праблеме. Прынамсі, першае паседжаньне прайшло вельмі эмацыйна, і пазыцыя жыхароў адназначная: нам гэты комплекс сто гадоў не патрэбны».

Імаверная пляцоўка пад Палачанамі
Імаверная пляцоўка пад Палачанамі

Пасьля таго як перагледзелі рашэньне па сьвінакомплексе ў Мойнічах пад Маладэчнам, апанэнты ўзрадаваліся. Зрэшты, ненадоўга — выявілася, што той жа самы праект папросту пераносіцца ў Палачаны. І хоць людзі на грамадзкія абмеркаваньні цяпер зьбіраюцца іншыя, настрой, кажа Ўладзіслаў Юркоў, аналягічны:

«Ніхто ня хоча мець пад бокам статысячнік з такой колькасьцю г..., якое за наступныя дзесяцігодзьдзі проста зьнішчыць усю навакольную экасыстэму», — кажа суразмоўца, удакладняючы, што ўжо паводле азначэньня гэта будзе «сьвіны рэгіён»:

Пасьля рэалізацыі праектаў шмат якія вёскі могуць апусьцець
Пасьля рэалізацыі праектаў шмат якія вёскі могуць апусьцець

«Ад маёй вёскі да фэрмы недзе 2–3 кілямэтры. Магчыма, нармальна па санітарных нормах, але ў мяне гэта ўсё роўна выклікае занепакоенасьць — і факт суседзтва, і сур’ёзная шкода для навакольнага асяродзьдзя, якую нясуць вялізныя прадпрыемствы. Такія сельскагаспадарчыя комплексы нашмат больш небясьпечныя, чым нават атамныя электрастанцыі — азот, нітраты трапляюць у грунтовыя воды, зь імі — у рэкі, адтуль — у Балтыйскае мора. Штодня забруджваецца ўся экасыстэма. З-за таго, што індустрыяльны спосаб прыйшоў у аграрную сфэру, гэта ўжо ня звыклая сельская гаспадарка, гэта завод па вытворчасьці сьвіней, дзе нон-стоп працуе канвэер: жывёла адкормліваецца, расьце, яе забіваюць. У разьліку на год гэта проста неверагодная колькасьць».

Права на годнае экалягічнае жыцьцё хвалюе ўсіх

Прадстаўнікі ўладаў, забудоўшчыкі запэўніваюць, што новыя тэхналёгіі бясьпечныя і не ўяўляюць пагрозы для людзей і навакольнага асяродзьдзя. Спасылаюцца перадусім на тое, што распрацоўкай праектаў займаецца ізраільская кампанія «Агрыка», якая мае адпаведны досьвед у гэтай галіне. Між тым, як дадае Ўладзіслаў Юркоў, згодна з нарматывамі патрэбна яшчэ 1,5–2 тысячы гектараў зямлі, каб утылізаваць адкіды сьвіной жыцьцядзейнасьці:

Краявіды маладэчанска-валожынскага памежжа
Краявіды маладэчанска-валожынскага памежжа

«Кампанія-праектант — кампанія „Агрыка“ з Ізраілю. Там падобныя мэгакомплексы з прычыны пэўных культурных кодаў будаваць забараняюць. Затое ў нас ідуць насустрач, насуперак волі тутэйшых жыхароў. Калі пачалі абмяркоўваць праект у Мойсічах, гэта закранула нашмат больш людзей — Маладэчна не хацела такога суседзтва. Але праблема не здымаецца, яна проста перасоўваецца геаграфічна. І гэта тычыцца ўсіх, нельга сказаць, што я тут ні пры чым — мы жывём у адным рэгіёне, п’ём ваду з адных падземных рэзэрвуараў, дыхаем адным паветрам. Гаворка пра права чалавека на годнае экалягічнае жыцьцё, яно хвалюе ўсіх. Паколькі ў Маладэчне людзей больш фізычна, рэзананс быў большы. А па вёсках бабулькі ня могуць прыйсьці да канторы, хтосьці ўвогуле ня ведае, што нешта абмяркоўваецца. Адпаведна, у маланаселеных мясьцінах прасунуць такія праекты прасьцей».

Жыхары навакольных вёсак яшчэ спадзяюцца на нейкі цуд, але з кожным днём надзеі на тое, што на праектах паставяць крыж, усё меней. У Соўлаве праект будоўлі статысячніка на стадыі рэалізацыі — ужо працуе цяжкая тэхніка, рыхтуецца пляцоўка. У Палачанах зачыстка мясцовасьці — на стадыі «адмашкі зьверху».

Змагарка са сьвінакомплексамі Наталька Буглак
Змагарка са сьвінакомплексамі Наталька Буглак

У красавіку жыхарка вёскі Малое Запрудзьдзе Наталька Буглак наведвалася на грамадзкае абмеркаваньне ў аграгарадок Беразінскае, дзе бізнэсоўцы і чыноўнікі трымалі справаздачу адносна комплексу ў Соўлаве, і пераканалася: падобныя «плебісцыты» — толькі для адводу вачэй:

«Самае паказальнае, што спачатку прынялі рашэньне пра будаўніцтва, а потым наладзілі як бы грамадзкі сход, які фармальна павінен быў ухваліць прынятыя захады. Відавочная нестыкоўка, якую, тым ня меней, намесьнік старшыні Маладэчанскага райвыканкаму Актанаровіч так і ня змог патлумачыць. Дарэчы, яны шмат на якія пытаньні ня здолелі адказаць, абмяжоўваючыся дзяжурнымі фразамі — маўляў, нам цяжка з ходу сказаць, напішам у пісьмовым выглядзе. Іншымі словамі, ціха самі сабе ўсё вырашылі і цяпер думаюць, як гэта ўсё прапхнуць. Бальшыня людзей супраць такіх плянаў. Выступалі і па-беларуску, і па-расейску. Канечне, знаходзіліся і тыя, хто „за“, але такое адчуваньне, што гэта зомбі, якім проста сказалі — ідзі і падымі руку».

Наталька Буглак і Алеся Каржова, Малое Запрудзьдзе
Наталька Буглак і Алеся Каржова, Малое Запрудзьдзе

Наталька Буглак кажа, што ўсе абмеркаваньні падобныя адно да аднаго: лабісты сьвінакомплексаў расхвальваюць выгоды, якія нібыта прынясе новы аб’ект, мясцовы люд абяцанкам ня верыць. У выніку размова пераходзіць на высокія танальнасьці, калі разьлічваць на паразуменьне не выпадае:

«Пахваліліся, што пачалі будаваць, што панарабілі нейкіх сьвідравінаў. Паказалі схемы, як скаціну будуць карміць, як гной будуць вывозіць, увесь гэты жах. Зразумела, зь іх боку гэта падаецца не як жах, а як вялікае шчасьце. Адна цётачка нават справакавала цэлую буру эмоцыяў — маўляў, а давайце гаварыць пра станоўчае! Мяне гэта так абурыла, што я выйшла на трыбуну і сказала: «Нічога станоўчага ў тым, што вы тут ужо тры гадзіны капаецеся ў сьвіных экскрэмэнтах, няма. Бо нічога ў праекце, апроч грошай для зацікаўленых структураў, не цікавіць».

Абмеркаваньне сьвінакомплексу ў аграгарадку Палачаны (ч.2):

«Вольнае паветра»: водар спэцыфічнага антуражу

Аднавяскоўку падтрымлівае маладая маці Алеся Каржова. Таксама ня верыць, што такія маштабныя збудаваньні могуць быць бясьпечныя для навакольнага асяродзьдзя, як запэўніваюць ініцыятары праекту з кампаніі «Вялес-Міт» і вызначаныя імі ж падрадчыкі:

Алеся Каржова ў сваёй хаце
Алеся Каржова ў сваёй хаце

«Нам кажуць: давайце шукаць плюсы. Але нам як мясцовым жыхарам ніякіх плюсаў ад гэтага асабліва ня бачна. Якія плюсы, калі побач будзе адбывацца забойства жывёлаў, будзе вечны смурод — побач з экалягічным, культурным цэнтрам, які тут нараджаецца? Канечне, яны пераконваюць у адваротным: маўляў, усё будзе экалягічна, а возера сьвінога г... нават ня будзе сьмярдзець. Шчыра кажучы, не ўяўляю, як гэтыя адкіды могуць не сьмярдзець? Зразумела, што ўсё ўрэшце пойдзе ў грунтовыя воды, адтуль — у студні. Якая пасьля гэтага ў нас будзе вада? А галоўнае — як гэта ўсё потым спыніць? Ніяк ня спыніш, гэта ж зразумела! Яны, мабыць, не „даганяюць“, як гэта павернецца, як матухна-прырода за ўсё адпомсьціць».

Яе каляжанка Наталька Буглак перакананая, што пры дэкляраваных аб’ёмах мясной вытворчасьці захаваць чысьціню прыроды заведама немагчыма. Таму жыхарам навакольных вёсак трэба рыхтавацца да поўнага набору дыскамфорту, які суправаджае падобную вытворчасьць:

У гармоніі з прыродай
У гармоніі з прыродай

«Нас супакоілі, што ўсё будзе „асобна“. То бок выходзіць як — будуць дзяліць гэтыя фэкаліі на „вадкія“ і на „цьвёрдыя“. Цьвёрдыя будуць заворваць на палі, і яны непазьбежна трапяць у грунтовыя воды, а вадкія спусьцяць у засохлую раку Бярозаўку. То бок усё лета, 90 дзён з гакам, будуць раскідваць гной па палях і зьліваць мачу. Выдатна прыдумалі, як бы даючы зразумець: ежце г..., піце сц... Калі ласка, вось ваша пэрспэктыва. Я ўстала і ўсім тым начальнікам наўпрост сказала: людзі, віншую вас, вы вялізнымі крокамі ідзяце ў поўнае цемрашальства».

Алеся Каржова мяркуе, што ўрэшце дзеля бізнэс-выгады меркаваньні ды аргумэнты вяскоўцаў начыста праігнаруюць. І застаецца толькі шкадаваць, што грошы выступаюць наперад здаровага сэнсу:

«Проста бессаромна „разьдзярбанілі“ беларускую зямлю, каб нажывацца на экспарце сьвініны ў тую ж Расею, а можа яшчэ куды. Наша зямля, груба кажучы, гадзіцца, а грошы праз нас проста перацякаюць транзытам. Вядома, нейкая частка будзе заставацца ў бюджэце, але гэта проста грошы. А як жа жывая прырода, як жа культура, як жа людзі, якія тут жылі спакон веку?»

Куточак пад назвай Цудоўныя Ўзгоркі
Куточак пад назвай Цудоўныя Ўзгоркі

Таксама Алеся Каржова зьвяртае ўвагу, што мясьціны, абраныя для глябальнага сьвінагадоўчага праекту, вядомыя якраз сваёй запаведнасьцю ды актыўным культурным жыцьцём. За некалькі апошніх гадоў у Высокае, Лохаўшчыну, Кашчэлічы, Лоск, Вялікае і Малое Запрудзьдзе пераехала багата маладых, творчых, актыўных людзей. Месяц таму тут стартаваў дабрачынны маратон на пасадку дубравы, улетку на хутары «Шаблі» праходзіць фэст «Вольнае паветра», назва якога неўзабаве стане гучаць сумнай іроніяй.

Старажытнае гарадзішча ў Лоску
Старажытнае гарадзішча ў Лоску

«Па-першае, тут крыніца Сьвятога Панцеляймона, да якой едзе мноства людзей, за старым храмам — купель. Цудоўная атмасфэра, найчысьцейшае месца — адпачываеш ад гэтай энэргетыкі, прыгажосьці. Вельмі адметны куток з рачулкай, зь якой таксама можна піць. Хутка гэтага нічога ня будзе. Па-другое, Лоск — знакавыя мясьціны асьветніка Сымона Буднага, дзе ён складаў і выдаваў свае трактаты. Па-трэцяе, па суседзтве на хутары „Шаблі“ ладзяцца фэстывалі міжнароднага маштабу пад адкрытым небам, куды з розных краінаў зьяжджаюцца тысячы гледачоў і ўдзельнікаў. Што яны ўбачаць і адчуюць пасьля пабудовы комплексу? Сьвіны канвэер зь невынішчальным пахам? Трэба калі не падтрымліваць, то хоць бы лічыцца з тым, што зроблена іншымі людзьмі».

Крыніца Сьвятога Панцеляймона з купельлю
Крыніца Сьвятога Панцеляймона з купельлю

Жыхары шэрагу вёсак у Маладэчанскім і Валожынскім раёнах катэгарычна супраць разьмяшчэньня адразу двух гіганцкіх сьвінакомплексаў практычна ў адным месцы. Яны падалі заяўку на пікет супраць іх узьвядзеньня каля вёсак Соўлава і Палачаны. Пікет заплянаваны на 12 траўня каля Маладэчанскага райвыканкаму па вуліцы Віленскай, 6.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG