Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 пратаколаў і ахрыплыя галасы, — пікеты ў падтрымку Пальчыса самыя працяглыя з 2007 году


Міліцыянт складае пратаколы перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам, архіўнае фота
Міліцыянт складае пратаколы перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам, архіўнае фота

За чатыры дні закрытага суду над Эдуардам Пальчысам міліцыянты склалі каля 40 пратаколаў на пікетоўцаў, якія стаяць пад сьценамі Менскага гарадзкога суду. Такой увагі да працэсу не чакаў ні сам Эдуард, ні ягоныя бацькі, ні жонка. А Зьміцер Дашкевіч кажа, што гэта самая працяглая акцыя падтрымкі з 2007 году.

Штодня да 10-й раніцы да Менскага гарадзкога суду, як на працу, сьцягваюцца каля дзясятка чалавек. Яны скандуюць лёзунгі ў падтрымку Пальчыса цягам усяго пасяджэньня — да 17-й гадзіны.

Павал Севярынец і Яўген Афнагель перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам
Павал Севярынец і Яўген Афнагель перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам

Праз пяць хвілінаў з суду Фрунзенскага раёну, які месьціцца ў адным будынку зь Менскім гарадзкім судом, выходзяць два міліцыянты і складаюць пратаколы. Усё адбываецца па адным сцэнары ўжо чацьвёрты дзень запар.

«Нас чуе Эдуард, чуе адвакатка, чуе судзьдзя, чуе пракурор, — кажа Свабодзе Павал Севярынец, які прыходзіць да суду штораніцы. — Я заходзіў у суд па позву і бачыў вочы супрацоўнікаў. У іхных позірках сумесь страху і павагі. Ім цікава, што адбудзецца далей».

За чатыры дні скандаваньня ў Севярынца сеў голас. Акурат сёньня Алесь Макаеў прынёс мэгафоны і пікетоўцы сталі зьвяртацца да супрацоўнікаў суду.

«Вы судзіце чалавека, які ёсьць патрыётам Беларусі, — кажа Севярынец да судзьдзі і пракурора. — Тое, што вы робіце — гэта злачынства перад беларускім народам».

Такой акцыі падтрымкі не чакаў ні сам Эдуард Пальчыс, ні ягоная жонка. Вікторыя Пальчыс прыгадвае словы Эдуарда пра тое, што на яго ўсе хутка забудуцца. Маўляў, пасьля таго, як у СМІ трапіць інфармацыя пра яго, Пальчыса паабмяркоўваюць два-тры дні, а праз тыдзень пра яго ўжо ніхто ня будзе згадваць.

Вікторыя Пальчыс перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам
Вікторыя Пальчыс перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам

«Таму што так працуе інфармацыйнае поле — нават самыя важныя навіны забываюцца праз колькі дзён, — цытуе Вікторыя Пальчыс свайго мужа. — Пра такую падтрымку ён нават ня думаў. Я таксама не чакала, што людзі будуць зьбірацца каля суду і стаяць там увесь час. Гэта шок для мяне».

Таксама і бацька Аляксандар Пальчыс не разьлічваў на такую падтрымку ягонага сына. Ён думаў, што пікет скончыцца ўжо праз 30-40 хвілін яшчэ ў першы дзень суду.

Аляксандар і Антаніна Пальчыс падчас працэсу над іх сынам Эдуардам Пальчысам
Аляксандар і Антаніна Пальчыс падчас працэсу над іх сынам Эдуардам Пальчысам

«Для нас прыемная нечаканасьць, што так годна адрэагавала сьвядомая частка беларускага грамадзтва, — сказаў Аляксандар Пальчыс Свабодзе. — Наш бацькоўскі дзякуй і павага людзям, якія на такой халадэчы стаяць там. Гэта вельмі цяжкая праца».

За чатыры дні закрытага суду на пікетоўцаў склалі ўжо каля 40 пратаколаў. Але ні затрыманьняў, ні правакацый на іх адрас не было.

«Таму што ў іх ёсьць загад не затрымліваць, — кажа Севярынец. — Раней такога не было — усіх проста забіралі. А цяпер людзі бачаць, што куча міліцыі, АМАПу, а мы стаім са сьцягамі і скандуем. Гэта ўжо нейкая раўнавага».

Па словах Зьмітра Дашкевіча, такой працяглай акцыі салідарнасьці ён ня можа прыгадаць з 2006-2007 гадоў.

«Мяне судзілі цягам трох-чатырох дзён у 2006 годзе. І пад судом былі сотні людзей, — кажа Дашкевіч. — Потым была „Справа пяцёх“ у 2007 годзе. Тады таксама пару дзён людзі стаялі».

Удзельнікі акцыі салідарнасьці з Пальчысам плянуюць працягваць пікетаваньні да канца судовага працэсу.

«Нас рэжым вымушае, — кажа Дашкевіч. — Так бы мы сядзелі на судзе. Але ён закрыты».

На пікеце ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. Архіўнае фота
На пікеце ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. Архіўнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG