Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўная гісторыя: калі б перамог путч


Абвяшчэньне ГКЧП, 19.08.1991
Абвяшчэньне ГКЧП, 19.08.1991

У якой краіне мы б жылі, калі б у жніўні 1991 году ГКЧП не прайграў?

Дракахруст: 19 жніўня 1991 году ў Маскве пачаўся камуністычны путч. Прэзыдэнт краіны быў фактычна адхілены ад улады, у сталіцу СССР былі ўведзеныя войскі, новае кіраўніцтва абвясьціла пра вяртаньне да савецкіх прынцыпаў кіраваньня. Але сілы, якія гуртаваліся вакол Вярхоўнага Савету Расеі і лідэра РСФСР Барыса Ельцына аказалі перавароту супраціў, ён пацярпеў крах, у выніку гэтай паразы абрынулася камуністычная сыстэма, а неўзабаве — і Савецкі Саюз. 25 жніўня Вярхоўны Савет БССР надаў дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону, што, на думку некаторых, стала фактычным абвяшчэньне незалежнасьці краіны.

А што было б, калі б путч перамог? Людзі вакол Белага дому ў Маскве разагнаныя або расстраляныя, Ельцын у турме або забіты.

Напачатку, безумоўна, быў бы параксізм рэакцыі, рэваншу. Расповед пра тое, што ў дні путчу ў Менску на вакзале былі падрыхтаваныя вагоны для арыштаваных, можа і чутка, але тое, што рэпрэсіі былі б дастаткова масавымі, не выклікае сумневаў.

Пазьней, годзе ў 92-м, калі падзеі пайшлі інакш, Алесь Адамовіч зьедліва казаў пра ўлады сувэрэннай Беларусі: «Яны б камуністычныя парадкі хоць заўтра аднавілі. Адно стрымлівае — далажыць няма каму». У выпадку перамогі путчу Маскве ў жніўні 1991 году было б каму далажыць. І з энтузіязмам бы аднавілі і далажылі.

Але вось што было б далей?

Часам пра цяперашнія беларускія і расейскія парадкі гаворыцца — той жнівеньскі путч у нашых краінах усё ж такі перамог. Але гэтая трапная мэтафара хавае адрозьненьні — нават цяперашні беларускі і расейскі лад істотна адрозьніваецца ад савецкага: ёсьць свабода выезду, ёсьць прыватная ўласнасьць, ёсьць свабода слова, вельмі абмежаваная ў параўнаньні з заходнімі стандартамі, але даволі шырокая ў параўнаньні з савецкім часам.

Калі казаць пра сцэнары, то падаецца, што перамога путчу выклікала б зацяжную вайну прынамсі ў Балтыі, Грузіі, магчыма, у частцы Ўкраіны.

Гісторыя ведае прыклады амаль поўнага вяртаньня — Вугоршчына 1956 году, Чэхаславаччына 1968 году. Але там і тады гэта дасягалася замежнай вайсковай сілай. У 1991 годзе прагай аднаўленьня быў прасякнуты цэнтар «чырвонай імпэрыі», крыніца той вайсковай сілы, якая заганяла назад у камуністычны «рай» вугорцаў, чэхаў і славакаў.

Калі казаць пра сцэнары, то падаецца, што перамога путчу выклікала б зацяжную вайну прынамсі ў Балтыі, Грузіі, магчыма, у частцы Ўкраіны. Аднак Савецкі Саюз мог бы і захавацца, прынамсі на пэўны час і ў пэўнай канфігурацыі.

Гэта да пытаньня, ці звалілася незалежнасьць беларусам, як сьнег на галаву. Не зусім так, была і барацьба за яе, быў і ціхі, часам неўсьвядомлены рух да яе намэнклятуры, але падаецца, што гэтага было б недастаткова, каб здабыць незалежнасьць не са згоды Масквы Ельцына, а насуперак Маскве пераможных путчыстаў.

Ну а што да сыстэмы... Досьвед Кітаю, нават сучаснай Кубы паказвае, што хутчэй за ўсё і ў выпадку перамогі путчу яна б трансфармавалася ў больш свабодную, калі заўгодна, у больш капіталістычную калі ня шляхам рэформаў, дык шляхам заняпаду і карумпаваньня. Намэнклятура, адчуўшы ўжо ў гады перабудовы смак уласнасьці і капіталу, наўрад ці пагадзілася б зь вяртаньнем у 1985 год.

Усё ж, як яно заўсёды і бывае ў часы вялікіх рэвалюцыяў, прага да пераменаў тады ахоплівала літаральна ўсіх, а ня толькі рэвалюцыянэраў. Уяўленьні пра брэжнеўскі застой як пра «залаты век» зьявіліся ў рэале значна пазьней, калі рэвалюцыя ўсё ж перамагла.

Дый палітычная камуністычная сыстэма, калі б і захавалася, то напэўна ў значна больш лібэралізаваным выглядзе, прыкладна як у сучасным Кітаі.

Зразумела, у гісторыі няма наканаванасьці. Магчыма, у той гісторыі, якая рэалізавалася, былі разьвілкі, у якіх, калі б Беларусь пайшла іншым шляхам, то была б цяпер як Літва або Польшча.

Але ня выключана, што мэтафару пра цяперашнюю ў рэшце рэшт перамогу путчу можна і перавярнуць — а калі б ён перамог тады, то праз большую кроў, магчыма, праз больш працяглы час, зразумела, што ў іншым антуражы, прынамсі ў Беларусі, атрымалася б прыкладна тое самае, што і ёсьць цяпер.

Карбалевіч: Думаю, ГКЧП запазьніўся. Калі б ён адбыўся годам раней, дзесьці ў 1990 годзе, то мог бы мець посьпех. А ў 1991 годзе камуністычная сыстэма перажывала агонію. Дрыготкія рукі кандыдата ў дыктатары віцэ-прэзыдэнта СССР Генадзя Янаева, як і ягоная карыкатурная ў палітычным сэнсе фігура — гэта пэўны сымбаль таго путчу. У сытуацыі агоніі сыстэма наўрад ці можа перамагчы.

Калі праводзіць гістарычныя паралелі, я б параўнаў ГКЧП з карнілаўскім мяцяжом у жніўні 1917 году. Спроба перамагчы рэвалюцыйную Расею з дапамогай двух кавалерыйскіх карпусоў у той момант была вялікай ілюзіяй. Прычым, Карнілаў быў даволі папулярны ў войсках генэрал. А ў складзе ГКЧП папулярных палітыкаў не было. Адныя чыноўнікі. Якраз наадварот, путчу супрацьстаяў папулярны ў народзе Барыс Ельцын.

Дарэчы, у кастрычніку 1993 году Ельцын не пабаўся расстраляць з танкаў будынак Дзярждумы. Розьніца ня толькі ў тым, што ў прэзыдэнта Расеі не дрыжэлі рукі. Больш важна, што сам Ельцын і ягоная каманда адчувалі, што гісторыя іх апраўдае, што яны, так бы мовіць, на правільным баку гісторыі. Падаецца, што такога адчуваньня не было ў ГКЧП.

Думаю, ГКЧП запазьніўся. Калі б ён адбыўся годам раней, дзесьці ў 1990 годзе, то мог бы мець посьпех.

Але ўявім, што верныя ГКЧП войскі не пабаяліся б крыві, расстралялі б Белы дом, дзе атачыліся прыхільнікі Ельцына. Думаю, спыніць зусім працэс дэмантажу камуністычнага рэжыму ўжо ўсё роўна было б немагчыма. Можна было толькі прытармазіць. Вярнуцца ў брэжнеўскія часы «разьвітога сацыялізму» было нерэальна. Вельмі шмат што зьмянілася ў краіне за пэрыяд гарбачоўскай перабудовы.

Тое, што ўдалося ў Вугоршчыне ў 1956 годзе, Чэхаславаччыне ў 1968 годзе, Польшчы ў 1981 годзе, наўрад ці ўдалося б у СССР. І розьніца ня толькі ў тым, што ў выпадках з гэтымі краінамі ў сытуацыю ўмяшалася моцная вонкавая сіла. Але і ў тым, што ў савецкім выпадку адначасова развальваўся ня толькі камуністычны рэжым, але і імпэрыя.

Таму ў выпадку перамогі ГКЧП агонія сыстэмы зацягнулася б і была б больш крывавая.

Глод: Калі я толькі паглядзеў на пытаньне Юрыя Дракахруста, мне здалося, што я дзесьці чытаў такі гучны загаловак: «З чаго вы ўзялі, што путч не перамог?» Пашукаўшы ў інтэрнэце, знайшоў гэты артыкул. Сапраўдны загаловак там трохі іншы: «З чаго мы ўзялі, што путч не атрымаўся?» Напісаў матэрыял Мікалай Касалапаў, у жніўні 1991 году ён быў памочнікам сакратара ЦК КПСС Аляксандра Якаўлева.

Дык, вось, дзьве самыя цікавыя ягоныя высновы:

1. «Падзеі ў Маскве не былі путчам. Гэта былі канвульсіі ранейшай сыстэмы, выкліканыя яе абсалютнай няздольнасьцю рэфармавацца».

Мне падаецца, самае галоўнае тут ня ў форме тых падзеяў (путч або ня путч), а ў разуменьні таго, што далей СССР ня мог захавацца. Гэта да таго, што ўсё часьцей можна пачуць: якую вялікую краіну развалілі. Ды не была на той час гэтая краіна вялікай. Што і пацьвярджаюць далейшыя падзеі.

2.«З пазыцый Расеі, Украіны, краін Балтыі, Каўказу путч якраз атрымаўся: ён адкрыў дарогу да практычнай (а ня толькі дэкляратыўнай) незалежнасьці саюзных рэспублік. З пазыцый бюракратыі ён таксама атрымаўся, канчаткова пазбавіўшы яе ад абрыдлага партыйнага і грамадзкага кантролю».

Заўважаю, што Беларусь спадар Касалапаў ня ўзгадвае зусім. І гэта і ёсьць адлюстраваньне той спэцыфічнасьці беларусаў, якую ўсе адзначаюць.

Калі б путч атрымаўся, то найхутчэй усё роўна нельга было б утрымаць Савецкі Саюз ад распаду.

А што было б, калі б падзеі ў жніўні скончыліся перамогай ГКЧП? У якой краіне мы б жылі цяпер? Думаю, што тады хутка падпісалі б новую саюзную дамову. Аднак гэта нічога прынцыпова не зьмяніла б. Усё роўна Савецкі Саюз разваліўся б. Бадай, адзінае, што адрозьнівала такі варыянт ад цяперашняга, гэта тое, што не было б кароткага адрэзку ельцынскай дэмакратыі. Чэкісты (і тады гэта быў бы ня Пуцін, а нехта іншы) прыйшлі б да ўлады не ў 2000 годзе, а раней.

Я лічу, што калі б путч атрымаўся, то найхутчэй усё роўна нельга было б утрымаць Савецкі Саюз ад распаду. А Белавескія пагадненьні толькі падвялі рысу пад хаатычным распадам былой вялікай дзяржавы.

Але самае галоўнае з падзеяў жніўня 1991 году — гэта тое, што правал путчу і ў далейшым афармленьне распаду Савецкага Саюзу празь Белавескія пагадненьні далі магчымасьць пазьбегнуць разьвіцьця сытуацыі ў Савецкім Саюзе па югаслаўскім сцэнары. Бо інакш пралітай крыві, я думаю, было б болей, чым у той Югаславіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG