Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына пра датэрміновае галасаваньне студэнтаў: Назавем гэта подкупам


Belarus - Parliamentary elections. Early voting. The CEC chairman Lidziya Yarmoshyna votes. Minsk, 7Sep2016
Belarus - Parliamentary elections. Early voting. The CEC chairman Lidziya Yarmoshyna votes. Minsk, 7Sep2016

Сёньня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына наведала ўчастак для галасаваньня ў Старавіленскай выбарчай акрузе № 105, што ў бізнэс-цэнтры «Пакроўскі». Паводле яе словаў, «гэтыя парлямэнцкія выбары — самыя дэмакратычныя з 2000 году».

За трыццаць хвілін да зьяўленьня Ярмошынай сябры выбарчай камісіі абмяркоўвалі, куды лепш прыхаваць свае сумачкі, «каб было прыгожа, бо будзе здымаць тэлебачаньне».

Старшыня камісіі Мікалай Сергіенка працуе на гэтай пасадзе ўжо трэція выбары запар.

«Вядома, мы ўсе трошкі хвалюемся, прыедзе адна зь першых асобаў рэспублікі. Але таксама ўжо прызвычаіліся — Лідзія Міхайлаўна заўжды галасуе тут, па месцы жыхарства. Набылі кветкі для яе. Я лічу, мы абавязаныя выказаць павагу прыгожай жанчыне», — сказаў Сергіенка.

На ўчастку прысутнічалі чатыры назіральнікі: ад зьбіральнікаў подпісаў, ад працоўнага калектыву гандлёвага комплексу «Арэна Сіці», ад БРСМ і ад Сацыяльна-спартыўнай партыі.

Сустракаць старшыню ЦВК ля ўваходу на ўчастак выйшаў сакратар Менскай гарадзкой выбарчай камісіі Арцём Цуран.

Лідзія Ярмошына зьявілася на ўчастку ў блакітным пінжаку і ў суправаджэньні людзей у цывільным. У першую чаргу Ярмошына падышла да назіральнікаў і спытала, ці не зафіксаваныя парушэньні.

«Пакуль што не», — у адзін голас адказалі назіральнікі.

Пад бліскавіцы камэраў Ярмошына апусьціла бюлетэнь у скрыню.

«На мінулых выбарах памяшканьне ўчастку было настолькі малое і цеснае, што нават назіральнікі часам не зьмяшчаліся. Цяпер тут значна лепш. Што тычыцца кандыдатаў, то чалавек, за якога варта прагаласаваць, на мой погляд, павінен альбо дасягнуць вядомасьці, альбо значнага капіталу, або мець, напрыклад, бліскучую адукацыю. Я прагаласавала за кандыдата, якога добра ведаю», — сказала Лідзія Ярмошына.

На пытаньне, як яна ацэньвае сёлетнюю выбарчую кампанію, старшыня ЦВК адказала:

«Гэтыя выбары праходзяць на 100% празрыста, дэмакратычна, актыўна. Скаргаў не паступала, парушэньняў няма».

Журналістка «Белсату» запытала пра зарэгістраваныя праваабаронцамі выпадкі, калі студэнтаў у інтэрнатах прымусова зганялі на датэрміновае галасаваньне.

«Гэта адбываецца, бо многім студэнтам трэба зьехаць на вёску на выходныя. Умоўна назавем гэта подкупам. Адміністрацыя ВНУ дзейнічае абсалютна ў рамках закону, калі такім чынам заахвочвае моладзь», — адказала Ярмошына.

У Старавіленскай акрузе № 105 балятуюцца сьпявачка Ірына Дарафеева, кандыдат ад Камуністычнай партыі Беларусі Кірыл Герасімаў, сябра Партыі БНФ Уладзімер Падгол, сын экс-кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Андрэй Козік, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Віктар Цярэшчанка і прадстаўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Часалаў.

За каго аддала свой голас Лідзія Ярмошына, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG