Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З Расеі вярнуўся на радзіму, але і тут крызіс» — гісторыі беспрацоўя


На Магілёўшчыне ўлады заяўляюць, што пачалі перапісваць дармаедаў. У сьпісе больш за дзьве тысячы асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця і адмаўляюцца працаваць. Ня ўсе, каго ўладкавалі, выйшлі на працу. Тым часам тыя, хто шукае працу, знаходзяць яе зь цяжкасьцю альбо наагул знайсьці ня могуць.

Жыхару Магілёва Сяргею пашанцавала. Не знайшоўшы працы праз службу занятасьці, гэты яшчэ малады хлопец уладкаваўся сам у жыльлёва-камунальнае упраўленьне зваршчыкам. Пра свае прыходы апавядае, ужываючы моцныя эпітэты:

«Наагул вакансій не было, калі я прыйшоў. Увесь калідор службы занятасьці быў забіты людзьмі. Мне прапанавалі ісьці дворнікам. Я адказаў: „Не, не пайду дворнікам“. І сам пазьней пайшоў у ЖЭУ і ўладкаваўся зваршчыкам. Тры, тры з паловай мільёна абяцаюць».

Сяргей ў сьнежні вярнуўся з Расеі. Кажа, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Сочы да алімпіяды. Калі надышоў крызіс і перасталі плаціць, прыехаў на радзіму. Расейскія заробкі згадвае з настальгіяй:

«Сочы раней наагул былі як вёска. Не было там ні высотак, нічога. Цяпер там набудавалі шмат чаго. Трыццаць тысяч рублёў я зарабляў за месяц. Жыльлё, харчаваньне — задарма. У мяне вылічвалі як зь беларуса пятнаццаць працэнтаў падаходнага падатку. А так бы я зарабляў 40-45 тысяч. Там з Украіны працавалі, шмат з Магілёва таксама. Нармальна там было».

Магілёвец Аляксей яшчэ шукае сабе працу. У службу занятасьці наведаўся, каб паглядзець, што тут прапануецца. Прызнаецца, што цяпер уладкавацца і мець добры заробак цяжка. Аляксей — будаўнік, муляр. Спадзяецца, што ўвесну будоўлі актывізуюцца, і яму знойдзецца занятак. З журналістам гаворыць па беларуску:

Быў у Расеі, але вяртаўся зь Яраслаўскай вобласьці тры тыдні. Пасярэднік забраў нашы грошы, і ўсё

«Цяжка цяпер нешта падшукаць. Варыянты ёсьць, але сказалі на некалькіх прадпрыемствах пачакаць да вясны. Быў у Расеі, але вяртаўся зь Яраслаўскай вобласьці тры тыдні. Пасярэднік забраў нашы грошы, і ўсё. Падышлі да гаспадара, а ён кажа: „Хлопцы, дамова зь ім, нічым дапамагчы не магу“. Грошы не вярнулі. Вярталіся за свае. Грошы давалі на паесьці, і ўсё», — апавядае Аляксей.

Не хавае, што намеры ўлады змагацца з дармаедамі яго напружваюць. Кажа, што ўчастковы ведае, што ён бяз працы, і ўжо папярэджваў пра адказнасьць.

Мікалай зьбірае другасную сыравіну. Пабачыўшы журналіста, ужо здалёк абазваўся кароткай фразай: «Зьбіраю бутэлькі ў свабодны ад працы час».

Разгаварыўшыся, аднак прызнаўся, што сталай працы ў яго няма. На біржу не хадзіў і не зьбіраецца. Свой лад жыцьця мяняць ня хоча. Пра закон аб дармаедах выказваецца каротка:

«Усё гэта казкі. Цяпер паспрабуй яшчэ ўладкавацца на працу. Няма работы, а працаваць за мільён я не хачу».

Тым часам афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што ў рэгіёне пачаўся перапіс дармаедаў. Заяўляецца, што ў гэтую катэгорыю беспрацоўных найперш далучаюць тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцьця. Такіх налічылі больш за дзьве тысячы чалавек. Сьцьвярджаецца, што 1300 ужо ўладкавалі, але ня ўсе працуюць:

«Прынятае рашэньне працаўладкаваць больш за 2700 асобаў, якія вядуць антыграмадзкі лад жыцьця. Рэальна ўладкавана каля 1000 чалавек, альбо 34 працэнты. Большая частка з іх працягвае працоўную дзейнасьць», — даводзіць супрацоўнік абласной пракуратуры.

Прызнаецца і тое, што мэханізм спагнаньня з дармаедаў падатку ў суме трох мільёнаў шасьцісот тысяч рублёў як такі адсутнічае.

«Дзе беспрацоўнаму ўзяць грошы, каб заплаціць гэты падатак? Ды й асабліва і працы няма. Знайсьці яе можна, але што зь яе заробіш — тут як каму пашанцуе», — разважае над сытуацыяй адзін з наведнікаў службы занятасьці. Мужчына сярэдняга веку кажа, што ў яго праца ёсьць, а вось заробак на ёй мізэрны. Шукае альтэрнатыву.

Яшчэ адзін суразмоўца прызнаўся, што раней працаваў на інжынэрнай пасадзе. Што сталася прычынай для звальненьня, ня кажа. У службу занятасьці зьвяртаўся, але бяз плёну. Жыве з часовага заробку:

«Я туды хадзіў — няма для мяне вакансій. Там дэфіцытныя прафэсіі: інструмэнтальшчыкі, мэдработнікі, настаўнікі, а працоўных месцаў няма. Стаж яшчэ патрэбны ад пятнаццаці гадоў, каб высокай кваліфікацыі спэцыяліст быў».

Паводле зьвестак з гарадзкой службы занятасьці, на адну вакансію прэтэндуюць да чатырох чалавек. Спэцыялісты адзначаюць, што наплыў ахвотнікаў знайсьці працу справакавалі намеры ўлады распачаць барацьбу з сацыяльным дармаедзтвам ды вяртаньне працоўных з Расеі.

XS
SM
MD
LG