Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«З помнікаў Леніну трэба будаваць дарогі», — украінскі палітоляг


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

«Закон, які забараняе прапаганду камуністычнага і нацысцкага рэжымаў ва Ўкраіне, спазьніўся. І гэтае спазьненьне стала для нас трагічным. У іншым выпадку мы б жылі цяпер у прынцыпова іншай краіне». Такую думку выказаў Свабодзе ўкраінскі палітоляг Віктар Каспрук.

Вярхоўная Рада Ўкраіны 9 красавіка прыняла пакет законаў па дэкамунізацыі. Яны забараняюць прапаганду камуністычнага рэжыму і камуністычную сымболіку. Помнікі камуністычнага рэжыму належыць дэмантаваць, «камуністычныя» назвы гарадоў і вуліц — замяніць, вытворцы павінны таксама памяняць усе савецкія назвы прадпрыемстваў і таварных знакаў.

Пра сам закон і пра магчымыя цяжкасьці, якія будуць стаяць на шляху яго рэалізацыі, Свабода пагутарыла з кіеўскім палітолягам Віктарам Каспруком.

— Як вы ставіцеся да новага закону?

— Я не задаволены ў тым сэнсе, што забараніць прапаганду камуністычнага і нацысцкага рэжымаў трэба было тады, калі Ўкраіна стала незалежнай, яшчэ ў 1991 годзе. Фактычна, гэты закон спазьніўся на 25 гадоў. Калі б колішняе ўкраінскае кіраўніцтва прыняло гэты закон, што цяпер зрабіў Пятро Парашэнка, Украіна ўжо даўно магла б быць іншай дзяржавай, магчыма, ужо была б у НАТО і Эўразьвязе. Дваістая пазыцыя ўсіх папярэдніх прэзыдэнтаў прывяла да таго, што дэкамунізацыі так і не адбылося, на плошчах гарадоў і сёлаў засталіся савецкія істуканы, у выніку чаго людзі не ўспрымалі ўкраінскую незалежнасьць як нешта незваротнае. Таму было шмат рэцыдываў адраджэньня камуністычных ідэяў, было жаданьне нейкай часткі грамадзтва прыяднацца да Расеі. Ясна, што закон, накіраваны на асуджэньне камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага таталітарных рэжымаў як злачынных, — гэта вельмі правільнае рашэньне, але яго трэба было прымаць нашмат раней.

— Ці не занадта цяжка будзе рэалізаваць закон — зьнесьці ўсе помнікі камуністычным лідэрам, перайменаваць гарады і вуліцы?

Ніякай новай Украіны ня будзе, калі захаваць сымбалі таталітарнай акупацыйнай камуністычнай савецкай эпохі

— Будзе шмат што залежаць ад паводзінаў мясцовай улады і саміх людзей. У адным зь мястэчак Чарнігаўскай вобласьці, адкуль паходзіць мая маці, пасьля першай украінскай рэвалюцыі ў 2004 годзе помнік Леніна быў прынцыпова пакінуты. А пасьля другой рэвалюцыі — 2014 году — гэтыя самыя людзі помнікі зьнесьлі, разумеючы, што гэта трэба рабіць зараз, а не адкладаць на потым. Таму ўсё залежыць ад людзей на месцах. Калі людзі будуць патрабаваць хуткага перайменаваньня вуліц, зьнясеньня ўсіх помнікаў Леніну і іншым дзеячам часоў савецкай акупацыі Ўкраіны, то гэта можа пайсьці хутка. Калі ж знойдуцца людзі, якія будуць абараняць гэтыя помнікі або пачнуць расказваць казкі пра тое, што гэта помнікі гісторыі і іх нельга парушаць, то працэс запаволіцца. Я думаю, што цяпер вельмі важна працаваць зь людзьмі і казаць, што ніякай новай Украіны ня будзе, калі захаваць сымбалі таталітарнай акупацыйнай камуністычнай савецкай эпохі. Але ў цэлым тыя паўгода, якія даюцца законам для вырашэньня гэтага пытаньня, — гэта цалкам дастаткова.

— Што можна сказаць украінцам, якія ставяцца да гэтых помнікаў і сымбаляў як да культурнага пласту, які нельга зьнішчаць?

— Я б сказаў, што ня трэба песьціць настальгію па сваёй маладосьці. Бо кожны чалавек памятае толькі самае лепшае з часоў маладосьці і аўтаматычна забывае кепскае. Калі ж казаць пра мастацкую вартасьць гэтых помнікаў, то яна вельмі нізкая. Як правіла, для скульптараў гэта была халтура — стандартны Ленін, які працягвае руку, або Ленін у кепцы, або Ленін, які трымае кепку ў руках. Усё было зроблена па адным стандарце. Калі параўнаць такія помнікі ў Беларусі, Расеі, Украіне, то стане зразумелым, што яны вельмі падобныя. Я б назваў іх скульптурнымі трафарэткамі. Вялікай мастацкай каштоўнасьці яны несьці ня могуць. Калі ж нехта вельмі хоча захаваць гэтыя помнікі, то трэба зрабіць музэй таталітарнага мастацтва пад адкрытым небам, сабраць так некалькі соцень такіх помнікаў і паказваць людзям. Але лепш, вядома, здрабніць гэтыя помнікі па шчэбень і будаваць зь яго дарогі ў Эўразьвяз.

— За прапаганду камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага рэжымаў, а таксама за выраб і пашырэньне камуністычнай ды нацысцкай сымболікі прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў. Чаму такое суровае пакараньне?

Мы і так занадта доўга цярпелі камуністычныя атавізмы

— Усьведамляючы атавізмы камуністычнасьці, якія застаюцца ва Ўкраіне, і тое, што пэўныя палітыкі спрабуюць на камуністычнай прапагандзе зарабіць пэўныя дывідэнды, парлямэнт хоча папярэдзіць, што любыя намаганьні фальсыфікаваць украінскую гісторыю, выкарыстоўваць камуністычныя ідэі будуць сур’ёзна пакараныя. Пастаўленая плянка, пераходзіць празь якую проста нельга. Мы і так занадта доўга цярпелі камуністычныя атавізмы, і мы бачым, да якіх жахлівых наступстваў давёў запаведнік камунізму і алігархізму, якім стала Данецкая і Луганская вобласьці.

— Ці не справакуе такая мера прыхільнікаў камунізму, якія цяпер ёсьць ва Ўкраіне? Ці не пачнуць яны рабіць дэманстрацыі з камуністычнымі атрыбутамі — маўляў, усіх жа не пасадзяць на 5 гадоў?

— Камусьці трэба патлумачыць, кагосьці — папярэдзіць пра адказнасьць. Такія людзі ёсьць, але гэта невялікая меншасьць. Пра гэта сьведчыць і тое, што Пятро Сіманенка і ягоная камуністычная партыя ня трапілі ў Раду. Электарату ў камуністаў практычна няма: частка вымерла фізычна, іншыя разумеюць, што час камунізму ў мінулым. Таму трэба спадзявацца на здаровы сэнс старэйшага пакаленьня ўкраінцаў, якія ня будуць шкадаваць аб сваёй маладосьці, разумеючы, што вярнуць яе немагчыма.

— Пад забарону трапляюць сьцягі і гербы былых сацыялістычных рэспублік. Цяперашнія дзяржаўныя сымбалі Беларусі вельмі падобныя да тых, якія былі ў нас у час СССР. Дык атрымліваецца, што беларус, прыехаўшы ва Ўкраіну са сваім афіцыйным сьцягам, можа быць за гэта пакараны?

— Калі гэта будзе грамадзянін братняй Беларусі, то да яго будзе іншы падыход. Увогуле, калі закон будуць парушаць замежнікі, то да іх будзе іншае стаўленьне — такі чалавек проста будзе дэпартаваны з Украіны бяз права ўезду на некалькі гадоў.

— Як вы думаеце, ці хутка і ў Беларусі зьнясуць помнікі Леніну?

— Як Польшча стала прыкладам для Ўкраіны, так і Ўкраіна мусіць быць прыкладам для Беларусі. Усё, што робіць Украіна, аўтаматычна празь нейкі час паўтараецца і ў Беларусі. У палітычным сэнсе Ўкраіна — гэта крыгалом, які робіць калідор у крызе таталітарнай камуністычнасьці ў Эўропу ня толькі для сябе, але і для Беларусі, Малдовы і Грузіі. Таму ўсе тыя рэчы, якія выпрабоўваюцца ва Ўкраіне, зь цягам часу прыйдуць і да вас, у Беларусь.

XS
SM
MD
LG