Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З Новага году падаткі вырастуць і для людзей, і для фірм


У 2015 годзе ў Беларусі падаходны падатак для фізычных асобаў павялічыцца з 12 да 13%, для прадпрымальнікаў — з 15 да 16%. Банкі і страхавыя кампаніі будуць плаціць з прыбытку ўжо не 18, а 25%. Падатак для ўладальнікаў аўтамабіляў за доступ да дарожнага руху вырасьце на адну базавую велічыню. Мясцовыя ўлады атрымліваюць права павялічыць зямельны падатак у 2,5 раза, а не ўдвая, як сёлета. Гэтыя ды іншыя факты, зьвязаныя са зьмяненьнем падатковай сыстэмы ў надыходзячым годзе, агучыла сёньня на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі намесьніца міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая.

Намесьніца міністра адразу паведаміла, што ўсе гэтыя зьмены ўжо ўнесеныя ў Падатковы кодэкс. Сярод іншых яна прывяла і такі канкрэтны прыклад: калі цяпер базавая велічыня складае 150 тысяч рублёў, то ад 1 студзеня яна падрастае да 180 тысяч. Адпаведна, на такую суму павялічыцца і падатак на доступ да дарожнага руху. І толькі пэнсіянэрам ды інвалідам першай і другой груп зрабілі зьніжку — на 50%.

Прыбытковая частка бюджэту павялічыцца і за кошт росту акцызаў, — адзначыла Эля Сяліцкая:

«У першую чаргу на тытунёвыя вырабы. Стаўкі акцызаў, у залежнасьці ад цэнавай катэгорыі, будуць праіндэксаваныя — ад 15 да 30%. Асобна будуць праіндэксаваныя, крыху вышэй за ровень інфляцыі, які чакаецца ў наступным годзе, стаўкі акцызаў на алькагольную прадукцыю. Але не на ўсю. Калі, напрыклад, браць моцную алькагольную прадукцыю, то тут стаўкі акцызаў павялічацца дзесьці на 6%.

А вось для піва і аўтамабільнага паліва стаўкі акцызаў захаваюцца на роўні 2014 году».

1% для адной асобы абарочваецца 300 мільярдамі дадатковых рублёў у бюджэт

З новых захадаў найбольш карысным для дзяржаўнай казны будзе падвышэньне падаходнага падатку. 1% для адной асобы абарочваецца 300 мільярдамі дадатковых рублёў у бюджэт, калі б гэта было сёлета. А ў наступным годзе гэта будзе яшчэ большая лічба — паведаміла намесьніца міністра:

«Тыя дадатковыя грошы, якія будуць атрыманыя непасрэдна ад павелічэньня падаходнага падатку, будуць мець выключна мэтавае сацыяльнае прызначэньне. Паводле прэзыдэнцкага ўказу яны пойдуць на падтрымку сямей зь дзецьмі».

Калі параўноўваць падаткі сёлета і на наступны год, то бачна толькі іх павелічэньне ў 2015 годзе — адзначае кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Проста павялічваюцца стаўкі падаткаў. І яны найперш накіраваныя на тое, каб сабраць больш грошай для абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу. Бо тое, што гавораць пра мацярынскі капітал, ёсьць звычайны піяр. Калі яшчэ людзі атрымаюць гэтыя грошы? Праз 18 гадоў? А пакуль грошы будуць выкарыстоўвацца праз Банк разьвіцьця на бягучыя, інстытуцыйныя ды іншыя мэты.

Што тычыцца акцызаў, то яны і сёлета павялічваліся. Так будзе і ў наступным годзе. Тым больш што бюджэт-2015 пабудаваны на мітычна-ўтапічных прагнозах коштаў нафты і беларускага рубля. Ён будзе перароблены.Таму тое, што робіцца з падаткамі на нерухомасьць, на зямлю, на прадпрымальнікаў, сьведчыць: замест структурных, сыстэмных рэформаў адбываецца перакладаньне цяжару адказнасьці на бізнэс, а не на саму дзяржаву».

XS
SM
MD
LG