Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Лукашэнкам сустрэнецца прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця


Прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці

Прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці

Прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці наведае зь візытам Менск 17–18 лютага.

У яго заплянаваныя сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і дыпляматамі.

Падчас візыту бакі абмяркуюць магчымае пашырэньне супрацоўніцтва Беларусі і ЭБРР. Таксама Чакрабарці наведае завод па вытворчасьці рухомага складу кампаніі «Штадтлер» у Фаніпалі — гэты праект рэалізуецца пры ўдзеле ЭБРР, перадае БелаПАН.

Паводле экспэртаў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, сёлета ВУП Беларусі скароціцца на 1,5%.

У мінулым верасьні банк прадказваў, што сёлета ВУП Беларусі вырасьце на 0,5%.

Расейскай эканоміцы экспэрты банку прагназуюць падзеньне на 5%.

У аналізе банку адзначаецца, што эканамічны рост у Беларусі запавольваецца трэці год запар. Беларусь працягвае канцэнтраваць значныя рэсурсы ў дзяржаўным сэктары і стымуляваць унутраны попыт, павялічваючы сацыяльныя выдаткі. Гэтая палітыка прыводзіць да нізкіх тэмпаў росту, вялікіх зьнешніх дысбалянсаў і высокай рызыкі зьнешняга фінансаваньня, — адзначаюць экспэрты ЭБРР.

Паводле іх, неабходныя краіне структурныя рэформы затрымліваюцца. Быў дасягнуты пэўны прагрэс у лібэралізацыі цэнаў, хоць цэны на камунальныя паслугі па-ранейшаму застаюцца значна ніжэйшымі за сабекошт.

Эканамісты банку падкрэсьліваюць, што Беларусь атрымала дапамогу ад Расеі, што дало магчымасьць прадухіліць рэзкую эканамічную дэстабілізацыю.

Летась у верасьні ў Менску пабываў прадстаўнік Рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Шон Донлан. Ён заявіў журналістам, што «міжнародная супольнасьць з удзячнасьцю назірае і ацэньвае міратворчыя намаганьні, якія робіць Беларусь і прэзыдэнт Беларусі дзеля вырашэньня складанага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай».

Тады ж прадстаўнікі ЭБРР заявілі, што бачаць магчымасьці для актывізацыі дзейнасьці ў Беларусі.

ЭБРР — буйны інвэстар у Беларусі. Паводле стану на 1 верасьня 2014 году банк выдзеліў больш за 1,5 мільярда эўра па 66 праектах. Аб’ём апэрацыяў ЭБРР у 2013 годзе дасягнуў узроўню 255 мільёнаў эўра. Гэтыя сродкі банк накіраваў на падтрымку праектаў мясцовых і замежных інвэстараў у прыватным сэктары Беларусі.

XS
SM
MD
LG