Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З гледзішча маралі Курапаты трэба пакінуць у спакоі, — Ігар Чарняўскі


Былы начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры пракамэнтаваў Свабодзе скандал вакол будоўлі каля мэмарыялу «Курапаты».

Працягваецца акцыя пратэсту па вуліцы Мірашнічэнкі ў Менску, дзе рыхтуюцца ўзьвесьці пяціпавярховы бізнэс-цэнтар.

Грамадзкія актывісты выступаюць супраць будаўніцтва. Паводле іхнай інфармацыі, да 2014 году ўчастак быў у межах ахоўнай зоны Курапатаў, пасьля гэтую зону істотна ўрэзалі. Гісторыкі і пратэстоўцы лічаць, што на месцы будоўлі могуць быць пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Ігар Чарняўскі некалькі месяцаў таму пайшоў з пасады начальніка ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. Свабода пацікавілася, ці на самой справе рашэньне аб зьмене межаў ахоўнай зоны прымалася ў ягоную кадэнцыю:

«Пытаньне ня ў тым, выведзена зямля ці ня выведзена. Трэба ўзяць у рукі дакумэнты і ўважліва прасачыць, што і як адбывалася. Справа ў тым, што да 2014 году праекту зоны аховы як такога не было — была схема зонаў аховы на пэрыяд да распрацоўкі дэталёвага пляну. Гэта было зроблена яшчэ ў 2003–2004 гадах, ледзь не чатыры месяцы мы хадзілі, узгаднялі па кабінэтах, пакуль „прабілі“ тую схему. Асабліва ўпіраўся Менскі райвыканкам. Але прынялі, і яна дзейнічала. І там ёсьць запіс адносна таго, што схема зацьверджаная да распрацоўкі дэталёвага пляну».

Ігар Чарняўскі кажа, што аўтарства той схемы належыць яму, а з прыняцьцем дэталёвага пляну былі ўнесеныя папраўкі і ўдакладненьні:

«Схему рабіў я. Калі паглядзіце яе чарцёж, то ён досыць непрафэсійны, фактычна выкананы ад рукі. Тады я ня ведаў пра шмат якія нюансы, дзе і якія ляжаць камунікацыі, тыя ж самыя вадаводы. Але ўжо на стадыі дэталёвага пляну гэта ўсё было ўдакладнена, папраўлена. І, адпаведна, калі я распрацоўваў на замову „Менскграда“ праект зонаў аховы, усе гэтыя горадабудаўнічыя нюансы ўлічваліся».

Як колішні чыноўнік, доўгія гады адказны за сфэру аховы гісторыка-культурнай спадчыны, расцэньвае наступ на Курапаты з маральнага гледзішча?

«Я не ацэньваю з пазыцыі правільнасьці будаўніцтва, хай гэта робяць горадабудаўнікі — у іх свае падыходы, свая навука. А вось з пункту гледжаньня маралі, безумоўна, Курапаты трэба было б пакінуць у спакоі. То бок мець нейкую буфэрную тэрыторыю, буфэрную зону, каб уся сучасная забудова проста не наяжджала на Курапаты.

Згадайце: была спроба забудавацца з боку вуліцы Мірашнічэнкі ад ЭкспаБелу, але надзвычай талкова паступіла Гандлёва-прамысловая палата. Прааналізаваўшы ўсе нюансы, яе кіраўніцтва вырашыла: калі і будаваць гандлёва-выставачны цэнтар, дык не пераходзячы мяжу ахоўнай зоны. То бок па ўмоўнай дарозе на Драздова — яе цяпер няма праз поле, але яна была і лёгка знаходзіцца. Вось такі падыход павінен быць і ў астатніх забудоўшчыкаў. Усё ж ёсьць нейкія здаровыя, разумныя парамэтры, і ўсе гэтыя межы — далей ці бліжэй — добра было б вызначаць паводле агульнай згоды. У нас занадта шмат спрэчак: адзін на аднаго наяжджаем, не спрабуючы знайсьці рацыянальныя рашэньні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG