Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ысгод. У падручніку беларускай мовы наблыталі з трансьлітарацыяй


Фрагмэнт падручніка «Беларуская мова» для 10 клясы і аўтар параграфу Ўладзімер Саўко (фота з афіцыйнага сайту БДПУ)

Фрагмэнт падручніка «Беларуская мова» для 10 клясы і аўтар параграфу Ўладзімер Саўко (фота з афіцыйнага сайту БДПУ)

У новым падручніку «Беларуская мова» для 10 клясы Нацыянальнага інстытуту адукацыі чытач Свабоды заўважыў мноства памылак у разьдзеле, зьвязаным зь беларускай трансьлітарацыяй.

На старонцы 16 (PDF) са спасылкай на Інструкцыю па трансьлітарацыі геаграфічных назваў прыводзяцца прыклады лацінізацыі, у якіх пераблытаныя літары U і Y, а таксама G, H і Ch. Памылкі ёсьць як у электроннай, так і ў друкаванай вэрсіі.

Фрагмэнт старонкі з памылкамі

Фрагмэнт старонкі з памылкамі

Прыводзяцца такія напісаньні назваў:

Yshod (Ысгод, а трэба Uschod — Усход);

Park Čaliyskincaŭ (Парк Чаліыскінцаў, а трэба Čaliuskincaŭ — Чалюскінцаў);

Grušaŭka (Ґрушаўка, а трэба Hrušaŭka — Грушаўка);

Niamiga (Няміґа, а трэба Niamiha — Няміга);

Plošča Pieramogi (Плошча Перамоґі, а трэба Pieramohi — Перамогі).

Аўтар параграфу, дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства БДПУ Ўладзімер Саўко сказаў карэспандэнту Свабоды, што нічога ня ведае пра памылкі і сумняецца ў іх наяўнасьці, і пажадаў пакінуць гэтае пытаньне без камэнтароў. Зьвязацца з рэцэнзэнтамі падручніка на момант публікацыі не ўдалося.

Памылкі ў трансьлітарацыі назваў дапускаюць і шматлікія дзяржаўныя сайты, на якіх зьяўляюцца «вулітса Мітскэвіцга» альбо «вулітса 50 лет ВЛКСМ стрээт» і іншыя.

Нормы трансьлітарацыі, падобныя да гістарычнай беларускай лацінкі (з папраўкамі на карысьць школьнага правапісу, «наркамаўкі»), былі прынятыя Рэспубліканскай тапанімічнай камісіяй пры Акадэміі навук у 2007 годзе. Але, як казала Свабодзе былая старшыня камісіі Валянціна Лемцюгова, ніякай адказнасьці за іх парушэньне не прадугледжваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG