Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 абяцаньні ў праграме разьвіцьця Беларусі на «пятую пяцігодку»


Дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі 17 чэрвеня «Асноўныя палажэньні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады», якая мае быць ухваленая на пятым Усебеларускім народным сходзе. Афіцыйныя СМІ для прапаганды праграмы называюць яе савецкім азначэньнем «пятая пяцігодка».

Чытайце таксама: 13 прызнаных правалаў і 8 з паловай дасягненьняў «чацьвёртай пяцігодкі»

Свабода вылучыла асноўныя пункты праграмы.

У прэамбуле да праграмы гаворыцца пра глябалізацыю, інтэрнэт, пераход ад індустрыяльнай эканомікі да «эканомікі ведаў», ператварэньне сельскай гаспадаркі ў высокатэхналягічную сфэру, дыстанцыйную адукацыі і магчымасьць стварэньня штучнага інтэлекту. Гэта, на думку аўтараў дакумэнту, дае Беларусі шанец хутка збудаваць новыя галіны эканомікі і разьвіваць Беларусь не ў напрамку застою і стагнацыі, а ў напрамку прагрэсу.

Да канца 2020 года плянуецца:

Рост працягласьці жыцьця да 75,3 год (на 2015 год 70,3 года), зьніжэньне дзіцячай сьмяротнасьці да 40,5 выпадкаў на 100 тысяч дзяцей, падвышэньне каэфіцыенту нараджальнасьці з 12,5 да 13 праміле, стабілізацыя колькасьці насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн чалавек.

Рост ВУП на 12-15%, рост вытворчасьці прамысловай прадукцыі на 9,1-15,2%.

Зьніжэньне інфляцыі да 5%, спыненьне росту цэнаў.

Рост рэальных грашовых прыбыткаў грамадзян на 9,5-11,6%, падвышэньне заробкаў бюджэтнікаў да 80% сярэдняй зарплаты, падтрыманьне пэнсіяў на ўзроўні не ніжэй за 40% ад сярэдняй зарплаты, аптымізацыя функцыяў і колькасьці бюджэтнікаў, набліжэньне да бюджэту пражытачнага мінімуму мінімальнай велічыні пры налічэньні ставак, усталяваньне мінімальнай зарплаты на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту на аднаго чалавека ў сямʼі з чацьвярых, захаваньне ўзроўню малазабясьпечанага насельніцтва ў межах да 5,5%.

Бездэфіцытны бюджэт. Збалянсаваць бюджэт бяз росту падатковай нагрузкі, захаваць «сацыяльную скіраванасьць» бюджэтных выдаткаў, павялічыць выдаткі на «інавацыйнае разьвіцьцё», пераход да плянаваньня бюджэту на тры гады.

Стварэньне новых працоўных месцаў, прынамсі 50 тысяч штогод, пераход ад палітыкі захаваньня працоўных месцаў да палітыкі максымальнага эфэкту ад рабочага месца, перанакіраваньне працоўнай сілы на сэктары эканомікі, што растуць, у тым ліку ў высокатэхналягічную і навукаёмістую сфэры, утрыманьне афіцыйнага беспрацоўя ў межах 2%.

— Стварэньне паўнавартаснага фінансавага рынку і лібэралізацыя валютнай сыстэмы, зьніжэньне кошту банкаўскіх паслугаў, зьніжэньне стаўкі па крэдытах да 9-11%.

Захаваньне падатковай нагрузкі на ўзроўні 26% ВУП (на 2015 год 25,6%), мараторый на «пагаршэньне» падатковага заканадаўства.

Рост экспарту на 21-25% і пастаўка на экспарт прынамсі 65% вырабленай прамысловай прадукцыі, выхад на новыя рынкі, перавышэньне тэмпаў росту экспарту над імпартам, пашырэньне сувязяў з WTO, рост экспарту ў Эўразьвяз і разьвіцьцё інтэграцыі ў ЭАЭС, дывэрсыфікацыя экспарту, актывізацыя эканамічнага ўзаемадзеяньня з Азіяй, Лацінскай Амэрыкай, Бліжнім Усходам, Афрыкай, Кітаем і Індыяй.

Фінансавае аздараўленьне прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі, ліквідацыя дэфіцыту абаротных сродкаў, прыцягненьне інвэстараў (супольныя праекты з Кітаем на $100 млн на год на кожны зь сямі рэгіёнаў), пераабсталяваньне вытворчасьцей, зьніжэньне выдаткаў на выпуск прадукцыі, аптымізацыя з улікам попыту на прадукцыю, прырост штогадовай выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на $600 млн, стварэньне прынамсі 3500 працоўных месцаў у аграбізнэсе, нарошчваньне экспарту харчоў да 7,5 млрд даляраў.

Абнаўленьне сыстэмы кіраваньня эканомікай, скарачэньне залішніх органаў дзяржаўнага кіраваньня, фармаваньне «кампактнага» ўраду, узмацненьне пазыцыяў Нацыянальнага сходу на міжнароднай арэне.

Прыватызацыя дзяржаўнай маёмасьці: перадача нестратэгічных прадпрыемстваў у камунальную ўласнасьць, актывізацыя малой і сярэдняй прыватызацыі, выпуск акцыяў найбуйнейшых кампаніяў на біржы Лёндану, Нью-Ёрку і Франкфурту, прадстаўленьне міністрам, аблвыканкамам і менскаму гарвыканкаму дадатковага права на адчужэньне часткі акцыяў дзяржпрадпрыемстваў і іншае.

— Рэалізацыя 80 буйных інвэстыцыйных праектаў на $27 млрд, 20 ключавых дзяржаўных праграм. У ліку інвэстыцыйных праектаў БелАЭС, вытворчасьць аўтамабіляў «БелДжы», кітайска-беларускі індустрыяльны парк, горна-ўзбагачальныя комплексы на Петрыкаўскім і Старобінскім месцах заляганьня, завод сульфатнай белай цэлюлёзы ў Сьветлагорску, завод мэталічнага ліста і белай бляхі, комплекс «Менск-Мір».

Будаўніцтва АЭС, мінімізацыя імпарту электраэнэргіі, скарачэньне выкарыстаньня прыроднага газу на 1,5 млн тонаў, дасягненьне глыбіні перапрацоўкі нафты ў 90% па кожным заводзе, падвышэньне мясцовых відаў паліва 52%.

Пабудова 18 млн м² жытла, падвышэньне забясьпечанасьці жытлом з 26,5 м² да 27,3 м² на чалавека, забудова «гарадоў-спадарожнікаў», падтрымка індывідуальнага будаўніцтва), льготнае будаўніцтва жытла, «магчымасьць для кожнай сямʼі збудаваць свой дом ці кватэру», падвышэньне абʼёмаў капітальнага рамонту жытла да 3% на год.

Пабудова 1000 км рэспубліканскіх дарогаў (удвая больш за мінулую пяцігодку), разьвіцьцё транзытнай прывабнасьці і «індустрыі гасьціннасьці».

Разьняволеньне прадпрымальніцкай ініцыятывы праз пашырэньне дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, падвышэньне эфэктыўнасьці бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, увядзеньне адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за ўмяшаньня кантралюючых органаў у законную дзейнасьць, зьніжэньне штрафаў за нязначныя парушэньні, спрашчэньне справаздачнасьці; сыстэма ацэнкі наступстваў ад прыняцьця законаў па прадпрымальніцтве, увядзеньне падатковых кансультантаў і іншае, падвышэньне гандлёвых плошчаў з 551 м² да 620 м² на 1000 чалавек.

— Стварэньне сучаснай тэлекам-інфраструктуры, запуск пілётных зонаў 5G, ахоп інтэрнэтам 80% хатніх гаспадарак, стварэньне электроннага ўраду, будоўля новых кватэраў з сыстэмай «Разумны дом», шырокае выкарыстаньне электронных падручнікаў і дзёньнікаў, пераход да земляробства з аўтаматызаванымі сыстэмамі збору інфармацыі і кіраваньня працэсамі.

Падвышэньне долі высокатэхналягічных відаў дзейнасьці з 3,2% да 4-6% вытворчасьці. Выпуск новых лекаў і складанай мэдычнай тэхнікі, паскоранае разьвіцьцё фатонікі, вытворчасьці электратранспарту, новых канструкцыйных матэрыялаў, бесьпілётнікаў і іншага.

Падвышэньне колькасьці людзей, якія займаюцца фізкультурай і спортам, да 25%, падтрымка спартовага рэйтынгу Беларусі па алімпійскіх дысцыплінах на ўзроўні не ніжэй за 25 месцаў штогод,

Рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцей да ўзроўню 30% адрэстаўраваных зь цяперашніх 15%.

Гарантыя працоўнага месца выпускнікам, дапаўненьне дзейнай сыстэмы праз спрыяньне занятасьці ў малым і сярэднім бізнэсе, гранты на навучаньне ў замежных адукацыйных цэнтрах пры ўмове далейшай працы ў Беларусі; сыстэма незалежнай ацэнкі якасьці сярэдняй адукацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG