Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт з кітайскімі рабочымі вычарпаны, пратэстоўцы вярнуліся на працу — прадстаўнік кампаніі


Кітайскі марш з Добруша ў Гомель 2 ліпеня

Кітайскі марш з Добруша ў Гомель 2 ліпеня

Канфлікт паміж кітайскімі будаўнікамі кардоннай фабрыкі ў Добрушы і генпадрадчыкам, кампаніяй «Сюань Юань», вычарпаны.

Сытуацыя ўрэгуляваная, усе заробкі выплачаныя, даўгоў няма, паведаміў прадстаўнік кітайскай кампаніі ў Беларусі.

Ён сказаў БелаПАН, што гэта была незадаволенасьць 10–20 чалавек, якія выступілі завадатарамі пратэсту.

«Гэта ж мужчынскі калектыў на вельмі сьціснутай тэрыторыі. Вядома, ёсьць нейкія незадаволенасьці, нейкія пажаданьні. Гэта натуральна», — сказаў прадстаўнік кітайскай кампаніі.

Суму нядаўняй завінавачанасьці па заробках ён не паведаміў, але адзначыў, што большасьць рабочых-пратэстоўцаў аднавілі працу.

Што тычыцца магчымай дэпартацыі завадатараў пратэсту, пра якую раней казаў старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Юры Назараў, то гэтае пытаньне, па словах прадстаўніка кітайскай кампаніі, знаходзіцца ў кампэтэнцыі дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС.

Каля 200 кітайскіх рабочых, занятых на будаўніцтве Добрускага кардоннага камбінату, 2 ліпеня прыйшлі пешшу ў Гомель, пратэстуючы супраць нявыплаты заробкаў. Пасьля сустрэчы з кітайскімі дыпляматамі рабочыя вярнуліся з Гомеля на будоўлю.

Кіраўнік канцэрну «Беллеспаперапрам» Юры Назараў сказаў журналістам, што ў дачыненьні да «завадатараў» акцыі можа быць прыменена дэпартацыя зь Беларусі.

7 ліпеня Юры Назараў і намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Мікалай Снапкоў наведалі Добруш, каб на месцы азнаёміцца з сытуацыяй, аднак падрабязнасьці іхняй паездкі пакуль невядомыя.

Будоўлю вядзе кітайская карпарацыя «Сюань Юань» (Xuan Yuan Industrial Development Co., LTD). Яна ж плаціць будаўнікам з КНР заробак, якога, як сьцьвярджаюць рабочыя, яны не атрымлівалі цягам трох месяцаў.

XS
SM
MD
LG