Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кандыдаты ад улады, спарынг-партнэры, апазыцыя, кухар, цыркач — хто імкнецца ў Палату?


Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала сьпіс зарэгістраваных ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На 110 выбарчых акругаў зарэгістравана 446 ініцыятыўных групаў.

Для вылучэньня кандыдатаў ініцыятыўныя групы павінны сабраць ня менш за 1 тысячу подпісаў выбарцаў, зарэгістраваных менавіта ў той акрузе, дзе вылучаецца кандыдат. Подпісы ЦВК будзе пільна правяраць, і дакладная колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў будзе вядомая пасьля праверкі. А да 1 жніўня сваіх прэтэндэнтаў павінны вылучыць працоўныя калектывы і палітычныя партыі. Толькі тады будзе больш-менш поўная карціна таго, хто прэтэндуе на дэпутацкае крэсла.

У Менску на адну акругу прыпадае ад 2 да 8 патэнцыйных кандыдатаў, у абласьцях карціна прыкладна такая ж самая.

Але ёсьць і безальтэрнатыўныя акругі. У Віцебскай вобласьці — Гарадоцкая, Пастаўская, Докшыцкая (па якой, дарэчы, вылучаецца цяперашні старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка). У Гомельскай — Жыткавіцкая, Жлобінская, Калінкавіцкая. У Гарадзенскай вобласьці — Гарадзенская сельская выбарчая акруга. У Менскай вобласьці — Капыльская (там вылучаецца намесьніца міністра сельскай гаспадаркі Людміла Ніжэвіч).

Па Слуцкай акрузе ў дэпутаты хочуць балятавацца ажно 3 студэнты: самы малады прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла 22-гадовы студэнт Арцём Маліноўскі (ВНУ не пазначаная), Аліна Нагорная, студэнтка Баранавіцкага ўнівэрсытэту, і Кацярына Шуст, студэнтка сталічнага пэдунівэрсытэту, сябра партыі БНФ.

Самыя шматлікія сфэры — адукацыя (дырэктары гімназіяў, школ і каледжаў; прадстаўнікі вэртыкалі — старшыні, намесьнікі старшыняў абласных і раённых выканкамаў; лекары (на ўзроўні кіраўнікоў устаноў аховы здароўя, галоўных спэцыялістаў).

Магутна выглядае сілавы блёк: у Гомельскай вобласьці ў дэпутаты ідзе начальнік Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Іван Корж, у Гарадзенскай вобласьці — першы намесьнік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі генэрал-маёр Валянцін Міхневіч, начальнік Смаргонскай памежнай групы Аляксандар Маркевіч, пракурор Дзятлаўскага раёну Аляксандар Заяц, у сталіцы — намесьнік начальніка ўпраўленьня КДБ па Менску і вобласьці Пётар Атрошчанка, начальнік Ваеннай акадэміі Сяргей Бобрыкаў.

Пацягнулася ў палітыку і маладое пакаленьне: у дэпутаты ідзе Андрэй Козік, старшыня асацыяцыі «Міжнароднае права і арбітраж» — сын экс-старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама сын старшыні ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча Алег Гайдукевіч.

Палітоляг Юры Чавусаў, што да тактыкі вылучэньня прадстаўнікоў праўладных колаў, перакананы: сыстэма выбараў у Беларусі засталася ранейшай.

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Ёсьць відавочныя вылучэнцы ад уладаў, якія — кожны ў сваёй акрузе — выступаюць у якасьці фаварыта. Праўда, пакуль ёсьць літаральна некалькі акругаў, дзе сярод гэтых праўладных кандыдатаў на першы погляд нельга вызначыць, хто ўваходзіць у сьпіс адміністрацыі, а хто не. Напрыклад, ёсьць інтрыга па Сеньніцкай выбарчай акрузе, бо падобна, што ў парлямэнт дапусьцяць кіраўніка Беларускай патрыятычнай партыі казака Мікалая Ўлаховіча. Аналягічная сытуацыя і з Гайдукевічам — малодшым з ЛДПБ. Магчыма, яны знаходзяцца ў сьпісе, які ўлады вырашылі ў парлямэнт прапусьціць.

Зь іншага боку, ёсьць некалькі акругаў, дзе выбары выглядаюць безальтэрнатыўнымі, але вылучэньне працягваецца. Будуць яшчэ вылучэнцы ад працоўных калектываў, ад розных палітычных партыяў. І я падазраю, што тактыка ўладаў будзе такая, што безальтэрнатыўных акругаў не застанецца. Будуць дзяржаўныя службоўцы, якія вылучаюцца толькі ў якасьці спарынг-партнэра для праўладнага фаварыта.

Напэўна, з досьведу мінулых кампаніяў можна прагназаваць, што вось гэтыя кандыдаты-фаварыты будуць вылучацца некалькімі шляхамі: і зборам подпісаў, і ад працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў. І ў гэтым сэнсе выбары ідуць па традыцыйнай каляіне».

Захаваецца ў новаабраным парлямэнце і пераемнасьць. Шляхам збору подпісаў у новы парлямэнт вылучаюцца і 28 цяперашніх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Апазыцыя будзе яшчэ вылучаць сваіх прадстаўнікоў ад палітычных партыяў. Але даволі вялікая грамада ідзе шляхам збору подпісаў: старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, прадстаўнікі руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец, лідэры кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, прадстаўнік незалежных прафсаюзаў Аляксандар Бухвостаў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і ягоная намесьніца Алена Анісім.

Аляксей Янукевіч на пікеце па зборы подпісаў

Аляксей Янукевіч на пікеце па зборы подпісаў

Палітоляг Юры Чавусаў спадзяецца на яшчэ большую актыўнасьць — наперадзе партыйныя зьезды:

«Можна прагназаваць, што кандыдатаў ад апазыцыі выбаршчыкі пабачаць на большасьці выбарчых акругаў. Пакуль цяжка ацэньваць балянс паміж рознымі палітычнымі партыямі, хто больш рэгіструе, хто менш. Па ініцыятыўных групах лідыруе АГП — 39 групаў, але варта адзначыць, што ў гэты сьпіс уваходзяць прадстаўнікі БХД, руху „За свабоду“. Ёсьць цікавыя сытуацыі, як па той жа Сеньніцкай акрузе, дзе дзьве ініцыятыўныя групы зь сябраў АГП зарэгістраваныя. Напэўна, пры падачы дакумэнтаў усё ж такі будзе вырашана, хто стане асноўным кандыдатам ад гэтай партыі. Падобная сытуацыя з Партыяй БНФ у Віцебску, дзе частка сябраў партыі ідуць як прадстаўнікі руху „За свабоду“, і там ёсьць акруга, дзе дзьве ініцыятыўныя групы зарэгістраваныя сябрамі партыі БНФ. Напэўна, да 1 жніўня гэты працэс узгадненьня пройдзе, і ў кандыдатаў усё ж такі атрымаецца „разьвесьці“ акругі.

Але большасьць партыяў робяць стаўку ўсё ж такі на партыйнае вылучэньне: і АГП, і БНФ, і Грамада, і „Справядлівы сьвет“ заяўлялі пра большую колькасьць кандыдатаў, і відавочна, што збор подпісаў — гэта такая дапаможная рэч: візуалізаваць прысутнасьць у населеных пунктах, правесьці пікеты. Але вялікая доля кандыдатаў будзе вылучана ўсё ж такі партыйнымі зьездамі, і колькасьць кандыдатаў будзе большая».

Збор подпісаў за вылучэньне Ірыны Дарафеевай

Збор подпісаў за вылучэньне Ірыны Дарафеевай

Сярод ахвочых трапіць у парлямэнт ёсьць прадстаўнікі і даволі шараговых прафэсіяў — кухар, вартаўнік, сьлесар-зваршчык, цясьляр, заатэхнік, прадавец і нават старшыня Гарадзенскага рыбалоўнага клюбу.

А вось сфэра культуры прадстаўлена даволі сьціпла: з найбольш вядомых асобаў — эстрадная сьпявачка Ірына Дарафеева (яна ж — загадчыца катэдры мастацтва эстрады Ўнівэрсытэту культуры), артыст-гумарыст Яўген Крыжаноўскі, цыркач Сяргей Бандарчук.

XS
SM
MD
LG