Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітальд Вашчыкоўскі: «Можна сказаць, я тутэйшы»


Вітальд Вашчыкоўскі у Горадні
Вітальд Вашчыкоўскі у Горадні

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі сказаў сёньня побач з помнікам Элізе Ажэшцы ў Горадні, што ён, можна сказаць, тутэйшы. Бо яго мама нарадзілася ў Ваўкавыску, які ён вельмі хацеў наведаць.

Пасьля ўскладаньня вянка да помніка польскай пісьменьніцы міністар адказаў на пытаньні журналістаў.

Размова з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам працягвалася каля гадзіны, расказаў ён:

«Пачалі з памежных спраў, бо гэта паміж суседзямі трэба высьветліць найперш. Потым былі гістарычныя пытаньні. Размаўлялі таксама пра палякаў у Беларусі. І размаўлялі пра расейска-ўкраінскі канфлікт. Як дзьве нашы краіны, Беларусь і Польшча, магчыма, у недалёкай будучыні маглі б выступіць ініцыятарамі чарговай мірнай ініцыятывы».

Па словах Вітальда Вашчыкоўскага, гаворка ішла пра тое, «як разьвязаць расейска-ўкраінскі ваенны канфлікт».

На пытаньне пра Курапаты госьць сказаў:

«Мы размаўлялі пра гэта зь міністрам Макеем, я зьвярнуў увагу таксама прэзыдэнта Лукашэнкі, што абодва нашы народы былі ахвярамі злачынстваў часу тэрору.

Нас гісторыя ня дзеліць, нас гісторыя, хутчэй, злучыла тым, што мы былі ахвярамі рэпрэсіяў, якія былі ажыцьцёўлены адносна беларусаў і палякаў іншымі.

У сувязі з гэтым тут няма праблемаў гісторыі, якія б нас падзялялі. Мы можам разам памятаць гэтыя ахвяры і шанаваць іх».

Вітальд Вашчыкоўскі дадаў:

«Учора зь міністрам замежных спраў Макеем мы абмяркоўвалі, як палепшыць памежны рух, каб не дайшло да нейкага некантраляванага пераходу ў будучыні праз нашы межы якойсьці хвалі ўцекачоў ці мігрантаў. Вядома, выказалі таксама спачуваньні пацярпелым і блізкім тых ахвяр, якія загінулі ў Брусэлі ў выніку тэрарыстычных замахаў».

Ці плянуюцца бліжэйшым часам «абменныя» візыты?

Польскі госьць адказаў, што «запрасіў міністра Макея як найхутчэй наведаць Варшаву. Таксама праз тры-чатыры месяцы прыедзе віцэ-прэм’ер Польшчы Маравецкі, які будзе працягваць гэтую размову што да эканамічнага аспэкту, грамадзкага. Будуць таксама наступныя кансультацыі. Будзем размаўляць пра консульскія пытаньні. Не хачу, канечне, ускладаць вялікай надзеі, але дамовіліся, што прыгледзімся яшчэ раз сур’ёзна, прафэсійна, як адбудаваць магчымасьць, каб функцыянаваў Саюз палякаў у Беларусі. Але пакінем гэта цяпер дыпляматам, экспэртам, каб у кабінэтнай цішыні яны выпрацавалі спосаб, як можна аднавіць гэтую дзейнасьць».

Пры канцы Вітальд Вашчыкоўскі сказаў: «Мая мама нарадзілася ў Ваўкавыску ў 1936 годзе. Тут правяла першыя гады. Тут жылі, працавалі дзяды. А пасьля 1945 году яны былі пераселеныя ў Польшчу». Спадару Вашчыкоўскаму хочацца ўбачыць тыя мясьціны, Ваўкавыск. Так што ён, «можна сказаць, тутэйшы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG