Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белы сьцяг над Крымам і мяжа Эўропы


Крым на Каталёнскім атлясе сьвету (Atles català). А. і Е. Крэскесы, в. Маёрка, 1375. Захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі. Выява прадстаўленая Радыё Свабода - Library of Congress/Science Photo Library (Courtesy Image)
Крым на Каталёнскім атлясе сьвету (Atles català). А. і Е. Крэскесы, в. Маёрка, 1375. Захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі. Выява прадстаўленая Радыё Свабода - Library of Congress/Science Photo Library (Courtesy Image)

Зьбіраючы матэрыялы пра наш нацыянальны сьцяг, я напаткаў вось такое дзіва.

Так, гэта Крым на старадаўняй мапе (поўдзень зьверху).

Каталёнскі атляс 1375 году — ілюстраваны атляс сьвету аўтарства вядомых картографаў і кніжных ілюмінатараў бацькі й сына Абрагама і Ефуды Крэскесаў, якія жылі на высьпе Маёрка і, адпаведна, увасаблялі сваёй творчасьцю маёрскую картаграфічную школу.
​Каталёнскі атляс сьвету (Atles català). А. і Е. Крэскесы, в. Маёрка, 1375. Захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі
​Каталёнскі атляс сьвету (Atles català). А. і Е. Крэскесы, в. Маёрка, 1375. Захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі


Укладзены на замову іхнага апекуна караля Арагону Пэдра IV для падарунку францускаму манарху Каралю VI. Мова Атлясу каталянская. Каштоўнасьць яго ня толькі ў перадачы геаграфічных уяўленьняў эпохі, але і ў тым, што шэсьць аркушоў пэргамэнту на драўляных панэлях, складзеныя ў гармонік, багата і па-мастацку ілюстраваныя, у тым ліку золатам і срэбрам, і з геральдычнымі выявамі. Каталёнскі атляс добра ведаюць гісторыкі і геральдысты; у Беларусі яго дасьледуе Аляксей Мартынюк.
Заходняя Эўропа
Заходняя Эўропа


Навукоўцы лічаць, што Атляс — свайго роду масток ад ранейшых алегарычных і часта фантастычных Mappaemundi (мапаў сьвету — лац.) да геаграфічна дакладных парталянаў —вывераных тагачаснымі навігацыйнымі прыладамі мапаў узьбярэжжаў і партовых гарадоў, вельмі патрэбных капітанам вайсковых і гандлёвых караблёў. Сапраўды, у Атлясе ўзьбярэжжы паказаныя даволі дэталёва і, відаць, адпаведна эпосе дакладна. Дарэчы, тагачасныя картографы міждзяржаўных межаў не паказвалі, а палітычную прыналежнасьць зямлі ці гораду тут пазначалі сьцягам ці гербам.

Чаму ж над пераважна татарскім, а да таго грэцкім і гоцкім Крымам горда залунаў быў бел-чырвона-белы сьцяг?


Дрэўка сьцягу ўваткнутае ў крымскую зямлю ля гораду Caffa (Фэадосія). З XIII па XV ст. Кафа, як і шэраг іншых гандлёвых калёніяў на крымскім узьбярэжжы, належала Генуэскай рэспубліцы, прычым Кафа была сталіцаю Газарыі — шматлікіх валоданьняў Генуі на Чорным моры (у тым ліку цяперашніх Балаклавы і Сочы). Часткова Генуя адваявала пасьлябізантыйскую спадчыну ў канкурэнта — Вэнэцыі; Кафу перадаў Генуі ў валоданьне Мангу-хан у Крыме. Ханы давалі калёніям поўнае самакіраваньне, хаця канфлікты бывалі. Насельніцтва добра ўмацаваных і багатых генуэскіх калёніяў было поліэтнічнае і талерантнае. Генуэскія місіянэры пашыралі тут хрысьціянства.

Апякун Генуі — сьвяты Юры (San Giorgio, Sàn Zòrzo па-генуэску)




Адпаведна выглядае і герб Генуі.


Сьцяг Генуі, як і належыць і як яго выявілі Крэскесы, — чырвоны крыж сьв. Юр’я на белым палатне. Такі сьцяг поруч з чырвона-залатым бізантіыйскім відаць над Канстантынопалем, які дажываў апошнія дзесяцігодзьдзі перад турэцкім нашэсьцем.



Картограф так абазначыў генуэскую калёнію Galata над затокай Залаты Рог (рэха — у назьве стамбульскай футбольнай каманды «Галатасарай»).

А бел-чырвона-белы трохпалосны — варыянт сьвятаюраўскага. Вось такая даўняя агульнаэўрапейская традыцыя, прычым спрадвеку вядомая і ў нашым рэгіёне.



Інфармацыі — яўнай і схаванай — і загадак у Атлясе гэтулькі, што іх хопіць яшчэ на многія дасьледаваньні.

Але чым далей ад роднага аўтарам Міжземнага мора (і добра знаёмага мараплаўцам мора Чорнага), чым глыбей у кантынэнтальныя лясы ці стэпы — тым больш апасродкаванай інфармацыі, прыблізнасьці, домыслаў. На глыбокім сухазем’і марскія картографы з чужога пераказу ссоўваюць маштабы, скажаюць назвы гарадоў. Затое ёсьць дзе разгарнуцца і фантазіі гістарычных рамантыкаў.

Для гістарычнай геаграфіі Беларусі матэрыялу на першы погляд няшмат. І тым ня менш.

Прыблізна ў той самы час, што і Атляс, выйшла праца на гішпанскай мове «El Libro del conosçimiento de todos los regnos e tierras e señoríos que son por el mundo» («Кніга ведаў пра ўсе каралеўствы і землі і ўладаньні, што ёсьць у сьвеце») з апісаньнем разьмяшчэньня краінаў і гарадоў, а таксама з выявамі геральдыкі. Відавочна, што або аўтар «Кнігі ведаў» карыстаўся Атлясам, або Крэскесы чыталі «Кнігу ведаў», а таму яна дапамагае разабрацца ў мапах Атлясу.

Пераносімся на балтыйскі бераг.


Litefama pagana (Літва паганская) — на мапе пазначаная як горад на беразе Балтыйскага мора (у «Кнізе ведаў» гэта краіна). Думаю, што Litefama — вынік памылкі перапісваньня, была Litefania. Спалучэньне ni часта блыталі з m: хрэстаматыйны прыклад — паходжаньне слова зэніт з арабскага samt ­→ sanit.

Чаму паганская? Бо балцкая частка насельніцтва ВКЛ была пахрышчаная толькі ў 1387 г. (аўкштота; жамойць яшчэ пазьней). Будучы юдэямі, Крэскесы, відавочна, не ўкладалі станоўчай ці адмоўнай канатацыі ў гэтае азначэньне.

Але больш пытаньняў выклікае выпісаная капітальнымі літарамі назва краіны на паўднёвы ўсход ад балтыйскага ўзьбярэжжа і ўяўнага гораду Litefama. Гэта EUROPA.


Яе атачаюць знаёмыя краіны.

На захадзе Польшча, да якой у той гістарычны момант належаў Leon-Львоў. Але ў «львоўскія» гарады, паводле «Кнігі ведаў», уваходзіў і Тураў.


Далей на паўднёвы ўсход ляжыць краіна Rossia з аглямэрацыяй сямі гарадоў, над купаламі храмаў якіх (падобных да мячэтаў) няма крыжоў — значыць, жывуць «схізматыкі». (А ў «Кнізе ведаў» як краіна схізматыкаў апісваецца, здаецца, Польшча).

Ніжэй па Дняпры — горад Chiva, відавочна, Кіеў.

Ці пад Rossia маюцца на ўвазе «рускія» княствы Беларусі і Ўкраіны — невядома, але на ўсход ад іх, за Дняпром, ляжыць Куманія (Палавецкая зямля, кыпчакі) пад сьцягамі Залатой Арды. Вялікая рака на поўначы, што ўпадае ў Балтыйскае мора каля Рыгі, — гэта, вядома, Дзьвіна.

Паходжаньне слова Эўропа (напачатку — фінікійская княжна, якую скраў Зэўс; крыцкая багіня) да канца ня высьветлена: і ад грэцкіх каранёў, і ад сэміцкага érebh ’захад’. Першымі пачалі ўжываць слова Эўропа як тапонім старажытныя грэкі, для якіх яна была часткаю міжземнаморскага басэйну і «трохчасткавага сьвету» разам з Азіяй і Афрыкай («Лібіяй»).
Тры часткі сьвету на схеме сьв. Ізыдара, біскупа Сэвільскага. XII ст.
Тры часткі сьвету на схеме сьв. Ізыдара, біскупа Сэвільскага. XII ст.


Гэтыя словы ня мелі цывілізацыйнага значэньня, а былі чыста геаграфічнымі паняцьцямі. Эўропа — на захад ад Эгейскага мора, Дарданэляў, Мармуровага мора і Басфору, Чорнага і Азоўскага мораў (значыць, Крым у Эўропе, а Таманская паўвыспа — у Азіі).

Нашыя ж продкі слова «Эўропа» ўведалі таксама, але пазьней. Напачатку яно (і прыметнік эўропскі) ужывалася ў гістарычна-геаграфічных перакладных трактатах: ...Татарове (...) зараз обе Сарматы(і) — азійскую і эўропскую — сроґа скаралі (Мацей Стрыйкоўскі, «Кройніка славянаў руская а панствах рускіх, польскіх і літоўскіх», пач. XVII ст.).

Для старадаўніх жа грэкаў Эўропа і Азія былі падзеленыя вадой. Таму ўжо ў эліністычную і раманскую эпоху яны шукалі паўночнага працягу воднай мяжы Эўропы і Азіі — гэта аказалася рака Дон (Танайс па-грэцку; яго лічылі мяжою Страбон і Пталемэй). Землі далей на поўнач былі слаба вядомыя грэкам. Паступова, разам з пазнаньнем новых абшараў, знаходзілі ўмоўную гідраграфічную апору для мяжы Эўропы. Гэта была камбінацыя Дон — Волга, іншыя спалучэньні лініяў рэк.

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам»

ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ


Новы асьветны праект Свабоды, прысьвечаны беларускай мове, гісторыі, культуры. Мовазнаўца Вінцук Вячорка распавядае пра рэчы, якія ва ўсіх на слыху, але сутнасьць якіх застаецца схаванай пад пластом мінуўшыны, забабонаў і прапаганды.

Мы даведаемся, што за праблема ўзьнікла з назвай нашай нацыі і краіны, чаму многія беларусы называюць сваіх дзяцей не па-беларуску, дзеля чаго патрэбная беларуская лацінка ды шмат іншага.

ЧЫТАЦЬ УСЕ НАВІНЫ РАЗЬДЗЕЛУ
Але, зразумела, на ўсходзе Эўропы фізычна-геаграфічнай мяжы з Азіяй няма. Паступова паняцьце Эўропы набывала цывілізацыйна-культурны сэнс і адпаведна фіксавалася мяжа гэтай тэрыторыі («часткі сьвету»).

Яшчэ ў VIII ст., калі аб’яднаныя войскі хрысьціянскага Захаду пачалі выціскаць арабаў з Галіі ды Пірэнэйскай паўвыспы, таледзкі біскуп Ізыдар назваў іх Europenses. Тэрмін замацаваўся як назва гістарычна-культурнай, цывілізацыйнай супольнасьці. Адукаваныя людзі Эўропы ў канцы XIV ст., у тым ліку нашыя картографы Крэскесы, не маглі ня ведаць гэтага слова.

Што ж можа абзначаць тапонім EUROPA ў атлясе? Напісанае яно тым жа шрыфтам і колерамі, што назвы краінаў (параўн. POLONIA). Краіну? У «Кнізе ведаў» згадваецца «краіна Эўропа», але ў Скандынавіі. Крыжацкія фарпасты ў Лівоніі? Але паганская Litefama і крыжацкая Рыга пазначаныя аднолькава.

Тады, магчыма, слова EUROPA — пазначэньне эўрапейскай мяжы? Адпаведна старадаўняй грэцкай завядзёнцы — па рацэ, у гэтым выпадку па Дзьвіне (а далей на поўдзень — па Доне, на ўсход ад якога Азія?).


Наагул усходняя мяжа Эўропы на старадаўніх эўрапейскіх мапах пазначалася па-рознаму. Напр., Gerard de Jode ў 1593 г. праводзіў мяжу па Доне і па той самай нашай Дзьвіне (мапа «Паўкулі па лініі экватару»).
Мапа сьвету з пэрспэктывы полюсаў. Gerard de Jode, 1593
Мапа сьвету з пэрспэктывы полюсаў. Gerard de Jode, 1593


Была і лінія Дзьвіна—Дон, і Двіна (што ўпадае ў Белае мора), і нават Об на поўначы. Расея з іміджавых меркаваньняў была зацікаўленая ў перасоўваньні ўяўнай эўрапейскай мяжы далей на ўсход, урэшце ў XVIII ст. В. Тацішчаў і некаторыя эўрапейцы прапанавалі такою цалкам умоўнаю мяжою Ўральскія горы.
Эўропа. З атлясу «Theatrum Orbis Terrarum sive Atlas Novis». Вілем Бляў, Амстэрдам, 1634.
Эўропа. З атлясу «Theatrum Orbis Terrarum sive Atlas Novis». Вілем Бляў, Амстэрдам, 1634.


Наколькі вядома, усе варыянты правядзеньня ўсходняй картаграфічнай мяжы Эўропы пакідалі Беларусь (прынамсі яе большую частку) на заходнім баку. А дзякуючы Каталёнскаму атлясу мы ведаем, што тэрыторыя ВКЛ і Беларусі (нягледзячы на яе «паганска-схізматычны» статус) вачыма геаграфічна далёкіх ад нас міжземнаморскіх эўрапейцаў XIV стагодзьдзя атаесамляецца з Эўропай.
  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG