Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве ў супрацьстаяньні з дэманстрантамі байцы спэцназу МУС і Ўнутраных войск выкарыстоўвалі шырокі спэктар спэцсродкаў, у тым ліку стрэльбы, гранаты, газы. У сутычках былі забітыя і параненыя. Свабода высьвятляе, што ёсьць на ўзбраеньні беларускіх сілавікоў?

У Кіеве ад куляў загінулі трое — наш зямляк Міхаіл Жызьнеўскі, а таксама Сяргей Нігаян і Раман Сенік. Вайсковы журналіст Аркадзь Бабчанка сабраў доказы і перакананы, што сьмяротныя стрэлы зрабілі менавіта байцы спэцпадразьдзяленьня МУС Украіны. Гэта пацьвярджаюць і расьсьледаваньні ягоных украінскіх калегаў. А што ёсьць на ўзбраеньні беларускіх сілавікоў? Тэму дасьледуе журналіст Радыё Свабода.

Ці будуць страляць у пратэстоўцаў беларускія сілавікі?


«Будуць!» — перакананы экс-камандзір мар’інагорскага спэцназу палкоўнік Уладзімер Барадач.

Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач

«Грошай для сваёй абароны прэзыдэнт не шкадуе. Нашае ўзбраеньне лепшае, чым маюць МУСы ў іншых краінах. Публічна ў нас не выкарыстоўвалася толькі стралковая зброя і вадамёты, а ўсё астатняе ўжывалі ў той ці іншай ступені, — працягвае Барадач. — Будзьце ўпэўнены, у выпадку неабходнасьці ў нас будзе прыменены ўвесь арсэнал сродкаў на ўзбраеньні для абароны сям’і Лукашэнкі. У адрозьненьне ад Украіны».

МУС РБ даваць інфармацыю пра ўзбраеньне сваіх спэцпадразьдзяленьняў адмаўляецца. «Гэта інфармацыя абмежаванага ўжываньня, і ў нас няма ніякіх абавязкаў вам яе прадстаўляць нават на запыт, — адрэагаваў прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч на просьбу Радыё Свабода. Пры гэтым інфармацыя пра ўзбраеньне ўкраінскіх байцоў адкрытая.

Можна толькі меркаваць, што спэцпадразьдзяленьні беларускага МУС могуць быць узброеныя падобна да ўкраінскіх і расейскіх. Гэта значыць, што на ўзбраеньні будуць аўтаматы АКМ, АК-74, пісталеты ПМ, АПС, ПБС, Форт-12, Форт-17, помпавыя стрэльбы «Форт-500», снайпэрскія вінтоўкі СВД, кулямёты РПК-74, сьвятла-шумавыя і сьлезацечныя гранаты «Заря», «Пламя», аэразольныя «Дрейф-2», сьвятла-шумавыя «Пламя-М», «Факел-С», «Заря-2».




З таго, што вядома дакладна — цяпер спэцназ мае бясшумныя пісталеты ПБ(6П9), аўтаматычныя бясшумныя пісталеты АПБ/6П13.

На думку палкоўніка Алега Алкаева, з ПБ-9 маглі забіць Захаранку, Ганчара і Красоўскага.

​«У 2006-м мне ў сьпіну аднойчы стрэлілі. Мэтраў зь пятнаццаці. Я адразу не зразумеў, таму што было як штуршок. Але на мне было два слаі тэрмабялізны, тоўстая флісавая байка і тоўсты цёплы пухавік. Дома ўжо пабачыў сіняк на сьпіне. Нічога асабліва не балела, — саракагадовы Сяргей распавядае, як 25 сакавіка 2006 году хадзіў за Казуліным на Акрэсьціна. Сяргей (проста каб лепш уявіць) ростам пад два мэтры і важыць сто кіляграмаў.








У сакавіку 2006-га ўлада прымяніла супраць маніфэстантаў сьвятла-шумавыя гранаты і гумовыя кулі.

«Мы на кальцы Клары Цэткін уткнуліся ў шэраг спэцназу. Яны пачалі кідаць шумавыя гранаты. Дым. Народ замёр і стаў ад шэрагу на дастатковай адлегласьці. А я пайшоў зь сябрам па версе вала, бо думалі дварамі пралезьці. Але там за плотам таксама спэцназ стаяў, і нас пагналі. Мы пайшлі ўніз, і тут пачаўся штурм. Я там пабачыў, што ў другім шэрагу на сьпіны першых забраліся двое з драбавікамі», — працягвае Сяргей.

Стралялі тады, найверагодней, з карабіна КС-23 ці яго мадыфікацыяў. Прынамсі, КС дакладна быў на ўзбраеньні АМАП, які і стаяў тады на Багдановіча. Гэта пацьвярджае артыкул журналісткі «Беларусь сегодня».

Страляе КС-23 гумовымі і плястыкавымі кулямі і газавымі патронамі. Яны, дарэчы, таксама выкарыстоўваліся на менскіх вуліцах. Гэта зафіксавана на фатаздымках і ў сьведчаньнях удзельнікаў.

«Баец плаўна націскае курок, і газавая куля, выпушчаная з 50 мэтраў... зь лёгкасьцю прабівае падвойнае аконнае шкло... Нават за 10 мэтраў ад месца прызямленьня кулі знаходзіцца практычна немагчыма. Сьлёзы — градам, у горле — пажар... У цэнтры выбуху канцэнтрацыя „каталізатара“ сьлёзнай рэакцыі здольная вывесьці са строю нават слана»... — захоплена апісвае журналістка прымяненьне газавага патрона.
Прымяняліся ў 2006-м сьвятла-шумавыя і дымавыя гранаты

У нашага АМАПа, верагодна, ёсьць у распараджэньні газавыя патроны «Сирень-7» (дальнасьць ужываньня 100 мэтраў, утварае воблака газу ў 50 кубоў) і «Черемуха-7» (дальнасьць — 150 мэтраў, воблака — 30 кубоў); гумовыя кулі «Волна-Р» (дальнасьць ужываньня — 70 мэтраў) і плястыкавыя «Стрела-3».

Прымяняліся ў 2006-м сьвятла-шумавыя і дымавыя гранаты. «Падчас вулічных беспарадкаў адным патронам на сытуацыю не паўплываеш. Патрабуецца сродак мацнейшы, — працягвае журналістка СБ. — Ручная аэразольная граната „Дрейф“ — тое, што трэба... Некалькі гранат хопіць на сярэдніх памераў гарадзкую плошчу».

Хтосьці думае, што ўсе гэтыя сродкі ня могуць нанесьці значнай шкоды і тым больш не заб’юць. Аднак падчас падзеяў у Кіеве ў сутычках з спэцпадразьдзяленьнямі МУС пацярпела больш за тысячу чалавек. Выбітыя вочы, пашкоджаны зрок і слых, страсеньні мозгу.

Так, у журналіста Ігара Дземчанку баец «Беркута» кінуў гранату. У жывым эфіры сур’ёзнае раненьне атрымаў расейскі журналіст Сяргей Грыгор’еў. Аляксею Штанюку аскепкам сьвятла-шумавой гранаты выбіла вока.

Такое магло здарыцца і ў Менску.

«Сьвятла-шумавая граната зашыпела і выбухнула проста перад тварам маёй жонкі, — Стась Карпаў распавядае пра напад 19 сакавіка 2010-га на групу Някляева на Калектарнай. — Пашчасьціла, бо крыху апаліла вока і валасы абгарэлі. У яе бот узарваўся і торба згарэла напалову. Роўненька палова засталася».

Стась кажа, што каля дзясятка сьвятла-шумавых гранатаў раскідалі адразу, без аніякага папярэджаньня.

«Наша група, чалавек 30–40, мы спакойна ішлі па Калектарнай, з боку вуліцы Караля сталі выбягаць людзі ўсе ў чорным, крычаць: „Тварам у сьнег, сукі!“ і кідалі гранаты. Усе паляглі, я жонку прыкрыў сабою. Хто спрабаваў узьняць галаву — адразу білі. На сьнезе была кроў».
На плошчы ў 2010-м таксама ўжываліся электрашокеры, сьвятла-шумавыя гранаты. А найбольш — дубінкі.

Хлопец распавядае, што жонцы было асабліва шкада канспэктаў, якія вываліліся з абгарэлай торбы. «Яна тады была на пятым курсе, ёй яшчэ дзяржыспыты трэба было здаваць. Мы ўжо пасьля Плошчы на наступны дзень туды вярнуліся, дык там ня тое што канспэктаў, сьнег з крывёю быў пачышчаны. Увогуле ніякіх сьлядоў не засталося ад таго, што было».

Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў пасьля зьбіцьця на вуліцы Калектарнай, 19 сьнежня 2010 году

Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў пасьля зьбіцьця на вуліцы Калектарнай, 19 сьнежня 2010 году




19 сьнежня 2010 году на Плошчы Незалежнасьці

19 сьнежня 2010 году на Плошчы Незалежнасьці



На плошчы ў 2010-м таксама ўжываліся электрашокеры, сьвятла-шумавыя гранаты. А найбольш — дубінкі. 21-гадовая Мая Абромчык атрымала складаны пералом нагі якраз ад спэцназаўскай дубінкі.

«Я сам пасьля разгону 25 сакавіка 2006-га бачыў чалавек шэсьць без прытомнасьці. Мне рост дазваляе глядзець па-над кардонам, — распавядае Аляксандар Атрошчанкаў пра падзеі 2006-га. — І паведамленьні пра забітых былі. Выдатна памятаю, бо адно СМІ сказала, што гэта мяне забілі, дык мне пасьля ўвесь тыдзень тэлефон абрывалі. А пасьля высьветлілася, што гэта адзін з параненых меў падобнае прозьвішча».

Як пацярпелага ад дзеяньняў беларускай міліцыі СМІ называлі тады Сяргея Атрошчанкава.

«Як паказалі падзеі ва Ўкраіне, пры прымяненьні такой зброі надзвычай тонкая мяжа паміж летальным і нелетальным дзеяньнем, — тлумачыць Аляксандар Атрошчанкаў. Менавіта ён зьвярнуў увагу на тое, што падзеі 2006-га ў Беларусі апярэджвалі ўкраінскія.

«Гэта выбар асобнага байца спэцназу — страляць са ста мэтраў у нагу дэманстранта ці зь пяці — і ў галаву. Буйны калібр карабінаў таксама дазваляе зараджаць іх паляўнічымі і баявымі боепрыпасамі, як мы гэта назіралі ў Кіеве. У любым выпадку, загад на ўжываньне зброі падвышае верагоднасьць гібелі людзей. Я лічу, што адказнасьць ляжыць на тых, хто аддае загад. А ў 2006-м і пазьней неаднаразова беларускія ўлады прадэманстравалі, што яны гатовыя пайсьці на ўсё».

Паўлічэнка-2: Сын за бацьку


Фатаздымак, на якім спэцназавец цэліць у шэраг маніфэстантаў, фіксуе і палкоўніка, першага камандзіра СОБРа («Специальный отряд быстрого реагирования») Дзьмітрыя Паўлічэнку.

Паўлічэнка разам з двума былымі міністрамі ўнутраных спраў Уладзімірам Навумавым і Юрыем Сіваковым, а таксама былым сакратаром Савету бясьпекі Віктарам Шэйманам падазраецца ў выкраданьнях і забойствах лідэраў беларускай апазыцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. На гэтай падставе ён унесены ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз і ЗША.

Пакуль Паўлічэнка быў камандзірам, СОБРаўцы ахвотна і публічна ўдзельнічалі ў разгонах дэманстрацый. Пазьней іхная актыўнасьць на падобных акцыях была ўжо не такая заўважная. «Замарочвацца» перасталі, і цяпер такімі апэрацыямі займаюцца проста «людзі ў чорным».

Дзьмітры Паўлічэнка кіраваў 3-й асобнай брыгадай спэцыяльнага прызначэньня, што месьціцца ва Ўруччы ў часьці 3214. Цяпер Дзьмітры на пэнсіі і ўзначальвае вэтэранскую арганізацыю спэцназаўцаў «Гонар».

А ў часьці 3214 ёсьць Паўлічэнка-2 — ягоны сын Арцемі. Як паведамляе прэса, Арцемі на пляцы 3214 зь дзяцінства. Цяпер ён курсант першага курсу Факультэту ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі.

Вось на гэтым фота тата даў маленькаму Арцемію пастраляць зь пісталета Сьцечкіна.



2 сакавіка 2006 году Дзьмітры Паўлічэнка без прымяненьня ўсялякіх спэцсродкаў, проста нагамі зьбіў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. У зьбіцьці таксама ўдзельнічалі камандзір «Алмаза» (спэцпадразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам МУС РБ) Мікалай Карпенкаў і намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Найдзенка.

Сам Казулін сьцьвярджаў, што ў нападзе на яго ўдзельнічалі супрацоўнікі «Алмаза» Дзядкоў, Баразінец, Бугаенка, Сафін, Цюшэўскі, Бяласьнікаў, Латко, Шынкарэнка.

Нібыта гэтыя ж «правераныя байцы» 19 сьнежня 2010 году нэўтралізоўвалі групу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, якая рухалася на плошчу.

Кажуць, што ў «Алмаза» ёсьць на ўзбраеньні пісталеты «Глок» і пісталеты-кулямёты Heckler & Koch MP5. Дарэчы, мала хто ведае, што пры стварэньні падразьдзяленьня ў 1990-м яго назвалі «Беркут». Перайменавалі толькі празь некалькі гадоў.
А СОБР не хаваў, што некалькі гадоў таму закупіўся пісталетамі Sig Sauer.
Паводле нашых зьвестак, спэцназ мае стрэльбы Mossberg 590.

Mossberg & Sons | Mossberg 590 Special Purpose і Benelli M1014.

А СОБР не хаваў, што некалькі гадоў таму закупіўся пісталетамі Sig Sauer.

Што на ўзбраеньні спэцыяльнага атраду КДБ РБ «Альфа», ніхто ня ведае. Праўда, байцы ганарацца, што нават на вучэньнях выкарыстоўваюць толькі баявую зброю. Кажуць, што ў кагосьці ёсьць той жа Mossberg 590.

Паводле заканадаўства ў кожнага са спэцпадразьдзяленьняў войска, МУС і КДБ свае функцыі, — тлумачыць палкоўнік Уладзімір Барадач. — Але мы жывём не паводле закону».

«Падчас апошняга наведваньня 5-й асобай часьці спэцпрызначэньня ў Мар’інай Горцы Лукашэнка зразумеў, што тыя, хто адслужыў, падрыхтаваныя людзі, сыходзяць „на гражданку“. І іх 17 тысяч — некалькі брыгадаў. Таму гэтым хлопцам, іхнім сем’ям, сваякам прэзыдэнт мусіць забясьпечыць чалавечыя ўмовы ўтрыманьня. Інакш яны пакрыўдзяцца, і яму будзе не схавацца за сьпіны толькі што прызваных пацаноў», — працягвае палкоўнік Барадач.

«Тое, што адбылося на Ўкраіне, гэта, на маю думку, самастойныя дзеяньні асобных супрацоўнікаў „Беркуту“. Ніхто ніякай каманды прымяняць агнястрэльную зброю сярод кіраўніцтва „Беркуту“ нікому не аддаваў, — лічыць генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб. — Калі б такую каманду аддалі, то гэта былі б сотні чалавек, якія б пацярпелі, загінулі, былі параненыя. А не адзін і нават ня дзесяць чалавек».

«Гэта нэрвы, усё магчыма. І з таго боку, і з гэтага боку. Калі нэрвы ўзбуджаныя з абодвух бакоў супрацьстаяньня, то чакаць можна ўсяго чаго хочаш, і без усялякай каманды з боку некаторых асобаў», — заключае Грыб.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG