Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выжыць пасьля аварыі, альбо Хто дапаможа Віталіі Ляшчынскай?


Аўтамашына Ляшчынскіх пасьля аварыі

Аўтамашына Ляшчынскіх пасьля аварыі

Сем тыдняў ляжыць бяз руху ў Жыткавіцкім шпіталі пасьля аварыі 24-гадовая настаўніца і прадпрымальніца зь Лельчыцаў Віталія Ляшчынская. Мясцовыя мэдыкі сьцьвярджаюць, што ня могуць павезьці яе на агляд нават у Мазыр, бо ня вытрымае дарогі. Затое выпраўляюць у Лельчыцы, у тамтэйшы шпіталь.

Трывогу наконт стану Віталіі і дзеяньняў жыткавіцкіх мэдыкаў б’е яе муж, Аляксандар Ляшчынскі. Ён ужо зьвяртаўся зь лістом у Міністэрства аховы здароўя, кансультаваўся з расейскімі мэдыкамі і, нарэшце, паведаміў пра сваю бяду ў сацыяльнай сетцы.

Аляксандар: «Я шмат якім спэцыялістам тэлефанаваў. Усё кажуць: няхай нават прафэсар прыедзе, усё адно найперш трэба зрабіць КТ, МРТ — з дапамогай кампутарнай тамаграфіі дасьледаваць мозг, якія часткі яго працуюць, а якія — не працуюць. Яна цяпер на апараце штучнага дыханьня, бо ў яе сутаргавая гатоўнасьць. І так ужо другі месяц. Гэта сьведчыць, хутчэй за ўсё, што ёсьць нейкая гематома ці пухліна, якую ня выявілі без кампутарнага тамографа. І яна не дае жонцы спакойна дыхаць».

Спэцыялісты з Гомеля і Менску, які прыяжджалі ў Жыткавічы аглядаць жанчыну, таксама лічылі, што перавозіць пацярпелую немэтазгодна.

Ляшчынскі кажа, што, паводле дасьведчаных мэдыкаў, з дыягназам, які паставілі ў Жыткавічах, пацыенты звычайна жывуць пару ці тройку дзён. А Віталія ляжыць у шпіталі бяз руху ўжо сем тыдняў — ад 18 кастрычніка, калі здарылася аварыя:

Сям’я Ляшчынскіх

Сям’я Ляшчынскіх

«Я накіраваў учора эпікрыз у Расею, у Санкт-Пецярбург, дык там сказалі, што з такімі дыягназамі больш як сем дзён не жывуць, а яна ўжо сем тыдняў жыве. Напісалі яшчэ траўматычны шок ІІІ ступені, а гэта наагул два ці тры дні жыцьця. Там, у Піцеры, ёсьць сумнеў наконт правільнасьці пастаўленага дыягназу. Разумееце, у Жыткавічах шпіталь раённага ўзроўню, і такія выпадкі здараюцца, можа, раз на пяць ці дзесяць гадоў. Спэцыялісты там маглі штосьці і не ўлічыць, бо ў жонкі найскладанейшы стан».

Аляксандар Ляшчынскі кажа, што кіраўніцтва шпіталю на пачатку адмаўлялася даць яму выпіску з гісторыі лячэньня жонкі. Яму нават давялося скардзіцца ў пракуратуру і Міністэрства аховы здароўя:

Раней яны наагул гаварылі: няхай хоць год ляжыць. Але як толькі я папрасіў дакумэнты, то на наступны дзень сказалі, што жонку транспартуюць у Лельчыцы

«Раней яны наагул гаварылі: няхай хоць год ляжыць — няма пытаньняў. Але як толькі я папрасіў дакумэнты, то на наступны дзень нас выклікалі і сказалі, што жонку транспартуюць у Лельчыцы. То яна была нетранспартабельная, а ў Лельчыцы — калі ласка, у такі ж шпіталь, як і ў Жыткавічах».

Аляксандар лічыць, што калі й перавозіць жонку ў Лельчыцы, то трэба ўжо з заездам у Мазыр, дзе маецца кампутарны тамограф, каб зрабіць неабходныя дасьледаваньні.

Кіраўнік Жыткавіцкага раённага шпіталю так камэнтуе сытуацыю:

«Калі б маглі гэта зрабіць, ёй ужо дваццаць пяць разоў зрабілі б. Яна ж на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Як ёй зрабіць кампутарнае дасьледаваньне? Гэта значыць, адключыць, каб яна памерла? Пакласьці потым, зрабіць кампутарнае дасьледаваньне — і пахаваць».

Перавозіць жанчыну ў Лельчыцкі шпіталь мэдыкі з Жыткавічаў зьбіраюцца на рэанімацыйным аўтамабілі:

«Менавіта на рэамабілі, з апаратам.Там таксама: з апарата — на апарат. А адключыць яе і рабіць дасьледаваньне, якое робіцца цягам паўгадзіны ці нават гадзіны, — гэта ўсё, тут жа пахаваць».

18 кастрычніка Аляксандар Ляшчынскі з жонкай Віталіяй вярталіся дадому ў Лельчыцы зь Менску. На 302-м кілямэтры трасы Кобрын-Гомель на сустрэчную паласу выскачыў аўтамабіль «Рэно-Лагуна». Абедзьве машыны паляцелі пад адхон. Аўтамабіль Ляшчынскіх ад удару яшчэ й перакуліўся. Віталія атрымала цяжкую траўму галавы ды іншыя пашкоджаньні. У непрытомнасьці яе даставілі ў аддзяленьне рэанімацыі Жыткавіцкага шпіталю.

Віталія Ляшчынская выкладала ў лельчыцкай школе замежную мову, а ў вольны час займалася яшчэ й прадпрымальніцкай дзейнасьцю. У яе з мужам Аляксандрам расьце двухгадовая дачка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG