Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пефціева знайшліся яшчэ тры афшорныя кампаніі на Багамах


Улалдзімер Пефціеў
Улалдзімер Пефціеў

Міжнародны кансорцыюм журналісцкіх расьсьледаваньняў (ICIJ) апублікаваў новую ўцечку зьвестак пра афшорныя кампаніі, атрыманую ад газэты Süddeutsche Zeitung.

На гэты раз зьвесткі тычацца 175 тысяч кампаніяў, зарэгістраваных на Багамах у 1990-2016 гадах. У іх ёсьць і беларускае імя, заўважае Times of Malta.

Беларускі бізнэсовец Уладзімер Пефціеў, якога выданьне называе алігархам, названы дырэктарам трох афшорных кампаніяў: Investment Management Group (1997–2005), NTA (1997–2003) і VVK Investments (1997–2011). Жонка Пефціева Вольга Макарава застаецца дырэктаркай апошняй.

Уласнасьць Пефціева ацэньваецца выданьнем у 1 млрд даляраў. Адзначаецца, што Пефціеў «у блізкіх сувязях зь беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам», а таксама што ён знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, якія «ўдарылі па яго бізнэсах».

Паводле ранейшых уцечак зьвестак пра афшоры, вядомых як «Панамскі архіў», жонка Пефціева заснавала сама меней 12 афшораў падчас санкцыяў ЭЗ супраць мужавага бізнэсу на Брытанскіх Віргінскіх астравах і на Сэйшэлах.

Беларускія імёны Панамы: цікавыя супадзеньні

***

Уладзімір Пефціеў — былы старшыня сходу акцыянэраў «Белтэхэкспарту» і былы саўладальнік «Белтэх Холдынгу» — кампаніяў, якія займаюцца продажам зброі. Акрамя зброі, Пефціеў займаўся тэлекамунікацыямі (правайдэр «Дзелавая сетка»), лятарэямі («Спорт-заклад»), алькаголем («Аквадзіў»). «БТ Тэлекамунікацыі» спансараваў Прэзыдэнцкі спартовы клюб. У 2009–2012 гадах Пефціеў быў кіраўніком Беларускай тэніснай фэдэрацыі.

У топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў за 2016 год інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Пефціеў займае 11-е месца.

Пефціеў першым сярод беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад эўрапейскія санкцыі. За фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў ліпені 2011 году Рада Эўразьвязу забараніла яму наведваць тэрыторыю ЭЗ, а ягоным прадпрыемствам — весьці там бізнэс. Тамтэйшыя рахункі алігарха былі замарожаныя.

Пефціеў з дапамогай літоўскіх адвакатаў падаў на Раду Эўразьвязу пазоў у Эўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі. У 2014 годзе суд прыняў рашэньне на ягоную карысьць. У выніку Пефціеў, а таксама яго прадпрыемствы былі выключаныя з санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG