Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ландсбергіса прапануюць прызнаць першым прэзыдэнтам адноўленай Літвы


Вітаўтас Ландсбергіс, 1990 год
Вітаўтас Ландсбергіс, 1990 год

У парлямэнце Літвы зарэгістраваны дакумэнт, у якім прапануецца прызнаць, што першы старшыня парлямэнту пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы Вітаўтас Ландсбергіс фактычна меў статус кіраўніка дзяржавы.

У парлямэнце Літвы зарэгістраваны дакумэнт, у якім прапануецца прызнаць, што першы старшыня парлямэнту пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы Вітаўтас Ландсбергіс фактычна меў статус кіраўніка дзяржавы.

Дэпутат Мантас Адаменас, які выступіў з гэтай ініцыятывай, тлумачыць, што сёлета адзначаецца 25 гадоў з дня аднаўленьня незалежнасьці Літвы. Адаменас падкрэсьлівае, што ў пэрыяд з 11 сакавіка 1990 году да 11 лістапада 1992 году Вітаўтас Ландсбергіс быў старшынём Вярхоўнага Савету Літоўскай Рэспублікі, фактычна кіраваў краінай і, «выконваючы свае абавязкі, заўжды дзейнічаў у інтарэсах Літоўскай Рэспублікі і выконваў свае абавязкі годна».

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі сказаў Свабодзе, што, на ягоную думку, гэта добры крок, і, магчыма, нешта падобнае зь цягам часу можа адбыцца і ў Беларусі:

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

«Я лічу, што гэта абгрунтаваная прапанова. Гэта нармальна, гэта пэўная гістарычная справядлівасьць. Бо Вітаўтас Ландсбергіс кіраваў парлямэнтам у вельмі цяжкі час. Яму трэба было браць на сябе адказнасьць за ўсю краіну, асабліва калі штурмавалі будынак парлямэнту.

Дый Станіславу Шушкевічу таксама прыходзілася нялёгка ў пэўных момантах. Таму я, напрыклад, як асоба гэта б падтрымаў. І там, і тут. Чаму не?»

Іншай думкі прытрымліваецца яшчэ адзін сьведка тых часоў — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Алег Трусаў:

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Перапісваць гісторыю дрэнна, якія б ні былі для гэтага патрыятычныя пачуцьці. Іншая рэч, што ва ўсіх падручніках можна запісаць, што першым кіраўніком незалежнай літоўскай дзяржавы быў спадар Ландсбергіс. А першым кіраўніком незалежнай беларускай дзяржавы быў Станіслаў Шушкевіч.

Дарэчы, яшчэ палякі прыдумалі назву „начальнік краіны“. Пілсудскі ніколі ня быў прэзыдэнтам Польшчы, але ва ўсіх падручніках ён згадваецца як кіраўнік польскай дзяржавы.

Я параіў бы літоўцам (мне падаецца, што ў іх так і ёсьць) запісаць, што першым кіраўніком літоўскай незалежнай дзяржавы, няважна, як называлася пасада, ёсьць спадар Ландсбергіс. І гэта можна ўшанаваць праз розныя варыянты.

Так і ў нас — першы кіраўнік незалежнай беларускай дзяржавы быў спадар Шушкевіч. Другім кіраўніком быў Мечыслаў Грыб. А цяперашні кіраўнік, як бы яго ні называлі, толькі трэці. Нават не другі».

Афіцыйна першым прэзыдэнтам адноўленай Літвы лічыцца Альгірдас Бразаўскас. Ён кіраваў краінай з 25 лістапада 1992 году па 25 лютага 1993 году як выканаўца абавязкаў прэзыдэнта. А з 25 лютага 1993 году па 25 лютага 1998 году — як паўнавартасны прэзыдэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG