Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выставу беларускага мастацтва прызналі адной з найлепшых ва Ўсходняй Эўропе


Фатаздымкі ўзычаныя фондам «Ізаляцыя. Плятформа культурных ініцыятываў»

Фатаздымкі ўзычаныя фондам «Ізаляцыя. Плятформа культурных ініцыятываў»

Выставу беларускага сучаснага мастацтва ZBOR, якая праходзіла ў Кіеве, часопіс ‪#viennacontemporary Magazine назваў адной з найлепшых ва Ўсходняй Эўропе.

Дакумэнтальныя фатаграфіі, відэапрацы, інсталяцыі, навуковыя нарысы, арыгінальныя творы мастакоў. Больш як 200 экспанатаў. 25 гадоў жыцьця і разьвіцьця беларускага мастацтва.

Тацяна Філеўская

Тацяна Філеўская

Арганізавалі выставу куратары Андрэй Дурэйка зь Нямеччыны і Максім Тымінько з Галяндыі. Іх ведаюць як актыўных прамоўтэраў беларускага мастацтва ў замежжы.

Ініцыятарам жа выступіў фонд «Ізаляцыя. Плятформа культурных ініцыятываў». Слова яго каардынатарцы Тацяне Філеўскай:

• У беларускім ZBORʼы прадстаўлена толькі сорак мастакоў, але іхныя працы даюць ключавыя аспэкты для разуменьня таго, як разьвівалася беларускае мастацтва апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў.

• Ва Ўкраіне няма такога аналягу, каб зьбіралі такі адзіны, кансалідаваны архіў, у які ўваходзілі б працы мастакоў усіх кірункаў. У нас есьць спробы архіваваць бягучы працэс, але гэтая праца вядзецца разьяднана і вельмі субʼектыўна.

• Па выніках дыскусій зразумела, што беларускае мастацтва рухаецца ў бок абароны агульначалавечых каштоўнасьцяў, да дэмакратычнага палілёгу, а не маналёгу, маючы крытычны погляд на саміх сябе і на сваё жыцьцё.

• Мне падаецца, што сучаснае беларускае мастацтва — пра свабоды, пра мноства поглядаў і магчымасьці іх выказаць.

• Дарэчы, на адкрыцьцё выставы прыехалі ня толькі тыя мастакі, працы якіх выстаўляліся, — і гэтая салідарнасьць нас проста ашаламіла!

• Выставу наведалі каля 1,5 тысячы чалавек, амаль усе былі ў поўным захапленьні. Некаторыя вярталіся па некалькі разоў і не сыходзілі гадзінамі — казалі, што выстава вельмі насычаная і за адзін раз яе проста немагчыма поўнасьцю праглядзець. Адных толькі відэапрацаў было на 2,5 гадзіны!

• Не абышлося без кур’ёзаў. Вельмі папулярным экспанатам была кніга «Азбука абсурду». Яе хтосьці скраў у першы ж дзень. Таму мы былі вымушаныя другі асобнік пачапіць на мэталічны ланцужок.

• Тая частка грамадзтва і мастакоў, зь якімі мы маем зносіны, імкнецца да іншага разьвіцьця Беларусі і, можа, нават крыху зайздросьціць магчымасьцям, якія ёсьць ва Ўкраіне, нягледзячы на ўсе цяжкасьці.

• Калі гаварыць пра колькасьць інстытуцый, пляцовак, мастакоў, грантавыя магчымасьці і фундацыі, якія існуюць ва Ўкраіне ў галіне сучаснага мастацтва, — гэта пакуль, на жаль, недасягальна для Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG