Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наша экраннае шчасьце. У Менску адкрылася выстава «Happiness»


У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва — выстава жывапісу пад назвай «Шчасьце». Рыгор Несьцераў побач са сваімі карцінамі «Нактурн», «Інь-Янь», «Блізьняты» і «Чалавек у бязважкасьці».

У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва ў Менску адчынілася выстава жывапісу пад назвай «Шчасьце». 13 мастакоў творчага аб’яднаньня «Артэль» прапануюць публіцы сваё разуменьне панятку «шчасьця», якое ўвасобілі ў карцінах.

Алена Шлегель, карціна «Сны Эгейскага мора»

Алена Шлегель, карціна «Сны Эгейскага мора»

У «арцельшчыкаў» ёсьць свой маніфэст, сфармаваны Рыгорам Несьцеравым, кіраўніком аб’яднаньня, у 2008 годзе. У ім — палажэньні аб праўдзе пачуцьцяў, шчырасьці, чалавечнасьці.

Сяргей Малішэўскі, карціна «У прыбіральні»

Сяргей Малішэўскі, карціна «У прыбіральні»

Пра сваю працу «Нактурн» мастак Рыгор Несьцераў кажа:

«Чалавек забыўся, што ён знаходзіцца ў Космасе. Мы жывем на Зямлі, але ж зьяўляемся часткай Космасу. Таму на карціне можна пабачыць безабароннае, аголенае цела чалавека. Праца «Блізьняты» нагадвае пра трагедыю, якая адбылася зь вежамі-блізнятамі ў Амэрыцы. Тэракт разбурыў шчасьце. Няшчасьце ж прадугледжвае, што было і шчасьце, таму побач з хмарачосамі — твар дзяўчыны са шчасьлівай шырокай усьмешкай.

На адкрыцьці выставы Рыгор Несьцераў прэзэнтаваў сваю кнігу «Гадзіны гісторыі. Рытмы сусьветнай культуры», якую выдалі ў Канадзе.

«Жаданьне маляваць бярэцца зь цішыні»

Мастак Сяргей Пісарэнка нарадзіўся ў Маладэчне, але першыя 7 год пражыў у Казахстане. Дзяцінства на чужыне не пазбавіла здольнасьці ўглядацца ў родныя краявіды. Сяргей кажа, што, мабыць, пераезд у Казахстан даў яму абвостранае пачуцьцё «свайго».

Сяргей Пісарэнка са сваімі працамі «Акно», «Пара квецені», «У сярэдзіне лета»

Сяргей Пісарэнка са сваімі працамі «Акно», «Пара квецені», «У сярэдзіне лета»

«Вельмі люблю Беларусь. Вясковую. Яна вельмі глыбокая, мая Радзіма. Казахстану не прысьвяціў ніводнай карціны, малюю сваю Беларусь. Жаданьне маляваць бярэцца зь цішыні. Простыя, побытавыя рэчы становяцца цікавымі, калі сапраўды іх любіш. Разважаеш, задаеш самому сабе пытаньні... Шчасьце — гэта гарманічны стан душы. Шчасьце для мяне таксама, калі мае карціны будуць рабіць шчасьлівымі і гледачоў», — кажа Сяргей Пісарэнка.

«Шчасьце — жыць і працаваць»

Шчасьце ў кожнага сваё, кажуць мастакі.

Мацей Басаў каля сваіх карцін «Шлях сьвятла» і «А як жа я?»

Мацей Басаў каля сваіх карцін «Шлях сьвятла» і «А як жа я?»

«Шчасьце для мяне — кожны дзень жыць і працаваць. Галоўнае — ствараць. Захаваць сваё аблічча, вядома, складана, але важна зрабіць гэта. Бо перайманьню няма месца ў жыцьці сапраўднага мастака, ён павінен быць шчыры і прыстойны. На сапраўдны жывапіс мяне натхняюць слова Божае і музыка», — кажа Мацей Басаў.

Для мастака Аляксандра Забаўчыка за шчасьце — падзяліцца сваім шчасьцем і зь іншымі людзьмі. Глядач для яго — саўдзельнік працэсу стварэньня вобразаў, якія намаляваў мастак:

«Я даю права гледачу знайсьці свае вобразы і прыдумаць свае назвы для маіх карцін. Сучаснае мастацтва стварае для гледача ўмовы для фантазіі і ўяўленьняў. Нават чытаць кнігі трэба з пэўнай фантазіяй. Таму я не хачу навязваць свае вобразы», — кажа Аляксандар Забаўчык.

Аляксандар Забаўчык каля сваіх безназоўных карцін

Аляксандар Забаўчык каля сваіх безназоўных карцін

На выставе лепш за ўсё не гаварыць пра шчасьце, а глядзець на яго. Працы Натальлі Івановай нагадваюць пра дзяцінства, пра той стан шчырага захапленьня і радасьці, які бывае ў дзяцей.

Натальля Іванова, карціны «Марачы пра далёкія краіны», «Гусі мае, гусі»

Натальля Іванова, карціны «Марачы пра далёкія краіны», «Гусі мае, гусі»

Экраннае шчасьце

«Усяму свой час», — кажа мастак Рыгор Іваноў:

«Цяпер прыйшоў час экранаў. Час сусьветнай экранізацыі ўсяго чалавецтва. Наша жыцьцё ўжо нельга ўявіць без смартфона, ноўтбука, тэлевізара, пляншэта, фотаапарата і акуляраў».

Мастак прапануе паназіраць за нашай цывілізацыяй праз карціны, на якіх намаляваныя экраны. На думку Рыгора Іванова, праз экраны можна ўбачыць сваё шчасьце, таму што зь іх ільецца сьвятло.

Рыгор Іваноў і яго экраны-карціны

Рыгор Іваноў і яго экраны-карціны

«Сьвятло — гэта ўзровень Бога, размова са сваім вышэйшым „я“. Малітвай жа можна лічыць і сьвятло сьвечкі, напрыклад. Для мяне шчасьце — жыць у дадзены момант, усьведамляючы сябе», — расказвае Рыгор Іваноў.

Мастак сьцьвярджае, што яго карціны здольныя аднавіць псыхаэнэргетычны балянс, трэба толькі выбраць свой экран.

Марына Яўсейчык для Радыё Свабода

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG