Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высокапастаўленыя прыродаахоўнікі аказаліся браканьерамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На Гомельшчыне — новая паляўнічая справа. За браканьерства ў Веткаўскім раёне затрыманыя супрацоўнікі прыродаахоўных службаў і міліцыі. Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага й расьліннага сьвету пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь паведамляе пра звальненьні і дысцыплінарныя спагнаньні ў дачыненьні да сваіх супрацоўнікаў.

Адказныя супрацоўнікі Гомельскіх абласной і міжраённай дзяржаўных інспэкцыяў разам зь міліцыянтамі палявалі ў Веткаўскім раёне блізу вёскі Жалезьнікі. Палявалі ў радыяцыйнай зоне нібыта на дзікоў — дзеля абмежаваньня іх колькасьці, каб тыя не разносілі небясьпечны вірус афрыканскай чумы сьвіней. Аднак забівалі чамусьці ласёў.

Супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі затрымалі больш за дзясятак заўзятых паляўнічых. Гэта былі службоўцы розных структураў, сярод іх — міліцыянты і двое супрацоўнікаў Гомельскай абласной і міжраённай дзяржаўных інспэкцыяў аховы жывёльнага й расьліннага сьвету. Паведамляецца, што паляўнічыя застрэлілі й асьвежавалі, як найменей, тры ласі.

Кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх паведаміў мэдыям, што абвінавачваньне прад’яўлена 11 асобам, у ліку якіх трое супрацоўнікаў Інспэкцыі па ахове жывёльнага й расьліннага сьвету, пяць — УУС Гомельскага аблвыканкаму і службовец Веткаўскага спэцлясгасу.

Вядуцца апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы, каб выявіць іншых службовых асобаў, якія займаліся незаконным паляваньнем.

У аднаго зь фігурантаў падчас ператрусу забралі 8 паляўнічых стрэльбаў, 4 карабіны й сотні патронаў. А яшчэ — мэталёвыя «вожыкі», дробныя канструкцыі з кавалкаў арматуры, каб раскідваць за сабой на дарозе. Патрульныя машыны на такіх «вожыках» прабіваюць колы і ня могуць дабрацца да браканьераў.

У Гомельскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету, адзін з кіраўнікоў якой таксама затрыманы на месцы браканьерства, ніяк не камэнтуюць здарэньне — спасылаюцца толькі на афіцыйнае паведамленьне на сайце Дзяржаўнай інспэкцыі пры прэзыдэнце:

«У нас на сайце Дзяржаўнай інспэкцыі зьмешчаныя ўсе тыя словы, якія трэба ведаць і абдумаць. У першую чаргу нам — наконт гэтай сытуацыі. Мяне яна закранула як чалавека, як службовую асобу».

На сайце Дзяржаўнай інспэкцыі сапраўды зьмешчаная інфармацыя пра звальненьні й дысцыплінарныя спагнаньні ў дачыненьні да шэрагу гомельскіх супрацоўнікаў гэтай службы.

Нядаўна прызначаны начальнік абласной інспэкцыі Андрэй Доўгі так камэнтуе сытуацыю з браканьерствам сваіх супрацоўнікаў:

Гэта, пэўна, людзі мяса захацелі ці пераблыталі, візуальна не разабраліся зь відам і полам жывёлінаў

«Гэта, пэўна, людзі мяса захацелі ці пераблыталі, візуальна не разабраліся зь відам і полам жывёлінаў. Так, было, але своечасова выявілі. Тут без камэнтароў, бо магло быць і горш. Добра, што своечасова выявілі, прынялі меры».

Кіраўнік пацьвердзіў інфармацыю пра звальненьне свайго намесьніка Андрэя Кузьменкі, намесьніка начальніка апэратыўна-аналітычнага аддзелу Андрэя Паплаўнага, намесьніка начальніка Гомельскай міжраённай інспэкцыі Сяргея Гатальскага.

Паніжаныя ў пасадах некаторыя іншыя службоўцы, а кіраўнік Кармянскай інспэкцыі, у зоне адказнасьці якой адбылося масавае браканьерства, атрымаў дысцыплінарнае спагнаньне.

У Кармянскай інспэкцыі заяўляюць: «Браканьеры ж нам не паведамляюць, калі й куды ідуць на паляваньне».

Яшчэ ў кастрычніку былы начальнік Гомельскай абласной інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету Вячаслаў Рогаль быў звольнены з пасады за ўпушчэньні ў працы. Яго перавялі ў Менск у рэспубліканскую інспэкцыю, а цяпер, наколькі вядома, звольнілі.

Дарэчы, гэта ня першая ў рэгіёне паляўнічая справа, у якой замешаныя рознага кшталту службоўцы.

У свой час супрацоўнікі КДБ выкрылі у Жлобінскім раёне паляўнічую сядзібу начальніка аддзела барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага райаддзелу міліцыі Мінянкова. На падстаўную асобу ён набыў сядзібу ў міжрэччы Дняпра й Бярэзіны, прыхапіў на дадатак ладны кавалак зямлі і ўзьвёў 14 пабудоў. Там барацьбіт з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі разьвёў зграю пародзістых сабак і нават тры дзікі. На паляваньне ў міжрэчча прыяжджалі высокапастаўленыя службоўцы МУС і Беларускага мэталюргічнага заводу. Палявалі на ўсё, што рухаецца. Забівалі нават на рысяў.

У свой час на незаконным паляваньні ў Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку «пагарэлі» ягоны дырэктар і начальнік Беларускай чыгункі.

Выглядае, што «чарнобыльскае сафары» — гэта ня толькі радыяцыйная тэрыторыя, але й месца выпрабаваньня дзяржаўных службоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG