Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высокае — горад унікальны. Бо ў Беларусі ня так шмат гарадоў, якія захаваліся амаль цалкам пасьля навалы ІІ сусьветнай вайны. У Высокім стаяць сабе і 400-гадовы касьцёл, і ўтульная «мураўёўка», і палац Патоцкіх, і ўязная брама замка Сапегаў у маляўнічым парку, і кляштар баніфратраў. І каб усё са смакам агледзець, трэба патраціць увесь дзень. Але акрамя помнікаў архітэктуры, у Высокім галоўная цікавостка — рынкавы пляц, зь некранутай забудовай былых габрэйскіх крам і дамкоў. Вось дзе кіно пра 30-я гады здымаць. Зрэшты, прага нешта разбурыць дабралася і да Высокага.

Краязнаўца Юры Сахарчук, які напісаў пра родны горад не адну кнігу, ініцыяваў усталяваньне памятнага знака на месцы гібелі высокаўскіх габрэяў.

— Тут расстралялі 320 чалавек. Яна была занядбаная, закінутая. Я падняў пытаньне, што трэба паставіць хоць нейкі знак. Людзі ж былі. Трэба ж пазначыць месца, каб там нічога не рабілі. Дамовіліся зь мясцовымі прадпрымальнікамі, каб далі грошы на памятны знак. А само Высокае такім і засталося, як да вайны. Ніякіх вялікіх разбурэньняў тут не было. Толькі што з высокаўскіх габрэяў выжыў толькі адзін. Таму што яго перад вайной адправілі на Ўрал вучыцца. Мясцовых жыхароў засталося вельмі мала. Таму што тых мужыкоў, якія засталіся, іх у 44-м годзе мабілізавалі.

Што адбывалася пасьля таго, як Высокае засталося без насельніцтва, мне ў фарбах распавяла Марыя Самасюк. У вайну гэтая поўная дабрадушная спадарыня жыла ў вёсцы пад Высокім.

— Мы жылі ў вёсцы. І як забралі габрэяў... Я помню, як мама мая і іншыя жанчыны пайшлі нешта шукаць у габрэяў. Мая мама на сьпіне прынесла стол невялікі. І крэсла яшчэ. На сабе. Як яна казала, на гэтым крэсьле вуйт сядзеў! Мая дачушка ў Мінск яго забрала. Такое крэсла прыгожае! Як у начальніка. І вось цяпер яно ў дачкі, у Мінску.

— Людзі адчувалі ў гэтым нейкі грэх?

— У якім сэнсе?

— Ну, пайсьці і забраць сабе нешта...

— Не. Не адчувалі. Мая мама крэсла прынесла, а людзі павозкамі вывозілі. З усіх вёсак людзі прыяжджалі. Некаторыя людзі многа золата знайшлі. Пасьля вайны будаваліся за тое золата. Цэлыя скарбы знаходзілі.

Гэтая абаяльная кабета ня бачыць у паводзінах вяскоўцаў нічога кепскага. «Не прападаць жа дабру». Асуджаць яе нельга. Бо для яе старое крэсла зь дзяцінства было неад’емнай часткай побыту. Ледзь не сямейнай рэліквіяй. Але ж старыя рэчы нясуць на сабе памяць пра былых гаспадароў. І нехта кінуў на гэтае крэсла апошні позірк перад дарогаю ў невараць.

Блукаючы па замчышчы, я разгаварыўся з маладым высокаўцам — навучэнцам мясцовага аграрнага каледжу, патрыётам свайго гораду.

— Прыяжджаюць з Брэста некаторыя і кажуць, што наш горад — поўны адстой. Такое крыўдна чуць. Вось пірамідальны дуб. Іх усяго тры ў Беларусі. Гэты Касьцюшка пасадзіў.

А гэты замак Гедымін пачаў будаваць. Усё, што трэба нашай моладзі цяпер — гэта сэкс і наркотыкі. Уся моладзь сядзіць на спайсах і гашышы.

— А сярод вашых знаёмых ёсьць людзі, якія кураць спайс?

— Аднаго грама спайсу хопіць на тое, каб разы чатыры ўкурыцца. Адзін грам каштуе тысяч васямсот. Яны прадаюць з дому тэлевізары, усё што можна, каб атрымаць дозу

— Такіх людзей адзінкі?

— У каледжы чалавек 25 з прыкладна трох соцень.

— А што настаўнікі?

— А што настаўнікі? Яны выклікаюць міліцыю. Але пакуль яна прыедзе, усё выдыхнецца.

Дык вось якая сапраўдная доля наркаманаў у нашых былых ПТВ. 25 на 300 навучэнцаў. Амаль дзесяць працэнтаў. Гэта яшчэ не катастрофа. Гэта па-іншаму называецца. Ня буду брыдкасловіць. Але яшчэ крыху такой дынамікі, і будзе катастрофа.

Высокае
Высокае

А вось што думае яркі прадстаўнік маладога пакаленьня, для каго Міндоўг і Касьцюшка — свае героі, пра сёньняшняга кіраўніка Беларусі. Пра Плошчу 2010 году мой суразмоўца, дарэчы, нічога ня ведае. Для яго гэта далёкая гісторыя.

— Аляксандар Лукашэнка выклікае ў вас якія пачуцьці? Сымпатыю, нязгоду?

— Я яго паважаю. Бо каб не было яго, не было б і Беларусі. Ён падымае нашу краіну з калень на ногі і хоча, каб мы цьвілі і працьвіталі. А некаторыя людзі, якія супраць яго ідуць, хочуць апусьціць нашу краіну ніжэй плінтуса.

Часам, блукаючы сярод незнаёмых мясьцін, шукаеш адно, а знаходзіш нешта зусім нечаканае. Я ішоў да былой настаўніцы Ліны Белямук, якая піша вершы, каб у якасьці ілюстрацыі выкарыстаць пару строфаў. Але нечакана наша размова з гэтай сівой дамай збочыла на зусім не паэтычную сьцяжыну. Некалькі гадоў таму ў пані Ліны памёр сын Аляксандар. Ён служыў у міліцыі Санкт-Пецярбургу, а салдатам тэрміновай службы ваяваў у Аўганістане. І памёр, як вынікае са словаў маёй суразмоўніцы, не натуральнай сьмерцю.

— Ён быў цяжка хворы. Ён пасьпеў прыляцець сюды, каб памерці. Яму стала блага, і сябры яго прывезьлі сюды. У яго спачатку ногі адняліся. Ён даваў падпіску аб неразгалошваньні. Калі рабілі аналізы, у ягонай крыві знайшлі нейкі яд. У мяне быў шок.

Нейкі яд, які пачаў дзейнічаць праз гады. Навошта? Нейкі сакрэт, які сын-нябожчык нікому не распавядаў. Для чаго? Суцэльная ваенная таямніца.

— Ён памёр. Мы тут яго і пахавалі.

— А што за яд?

— Мне самой цікава. Але паміралі людзі зь ягонай групы ўсе аднолькава. Спачатку адымаліся ногі, затым яны гублялі зрок, потым не маглі есьці і паміралі.

— Ніхто не дакапаўся да гэтай загадкі.

— А нікому не патрэбна. Я не хачу ў гэта лезьці.

Але мая суразмоўніца — не вар’ятка. І тое, што яна расказвае, не выклікае сумненьняў. Але выклікае пытаньні, адказы на якія Аляксандар забраў з сабой у магілу. І, слухаючы на чарговых урачыстасьцях пра 772 беларусаў, якія не вярнуліся з той вайны, трэба памятаць, што гэтая лічба — хлусьня. Іх было значна болей. Тых, хто памёр ад ран і скончыў жыцьцё самагубствам.

XS
SM
MD
LG