Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі сям’ю з 4 чалавек высяляюць на 11 квадратных мэтраў за нясплату камунальных паслуг


Кватэра, зь якой высяляюць

Кватэра, зь якой высяляюць

У Савецкім судзе Гомеля 18 лістапада разглядаўся пазоў жыльлёва-камунальнага прадпрыемства «Савецкае» пра высяленьне з трохпакаёўкі, па-сутнасьці, дзьвюх сем’яў. За няcплату камунальных плацяжоў вырашана перасяліць усіх зарэгістраваных у трохпакаёвай кватэры гараджанаў у аднапакаёўку, жылая плошча якой складае крыху больш за 11 квадратных мэтраў.

З чатырох фігурантаў справы пра высяленьне ў судзе прысутнічаў толькі адзін — 46-гадовы Вячаслаў. Яму й прад’явіла ўсе прэтэнзіі прадстаўніца КРЖЭУП «Савецкае»: доўг за камунальныя плацяжы з 2001 году за трохпакаёвую кватэру на праспэкце Кастрычніка склаў звыш 11 мільёнаў рублёў. Яшчэ 14 мільёнаў — гэта пеня, налічаная за трынаццаць гадоў. І 900 тысяч — судовая пошліна.

Вячаслаў, мужчына зь зямлістым тварам і глыбокімі зморшчынамі ад празьмернага ўжываньня алькаголю, судовы пазоў прызнаў. Прасіў не высяляць яго — і абяцаў сплаціць доўг да Новага году.

Судзьдзя Алена Дзічкоўская, якая разглядала грамадзянскую справу пра скасаваньне дамовы найму трохпакаёвай кватэры, запыталася, чаму ж да гэтага часу нічога ня сплачана?

Адказчык пераконваў, што жыў і працаваў у Маскве. А калі прыехаў, то, як заявіў сам Вячаслаў, моцна запіў. Грошы ў яго нібыта ёсьць — днямі павінен разьлічыцца расейскі заказчык, на якога ён працаваў:

«А вось зараз мяне разьлічаць — і да Новага году я сам аплачу гэтую кватэру. Я на фасадах быў. У мяне заробак быў 2 тысячы „расеі“ ў дзень. Вось начальнік мой пад’едзе, ён мяне разьлічыць — і да Новага году я ўсё гэта сплачу. Я не хачу гэтую кватэру губляць. Гэтая кватэра ад маці засталася».

Суд Савецкага раёну Гомеля

Суд Савецкага раёну Гомеля

Юрыст КРЖЭП «Савецкае» выказала сумнеў наконт намераў Вячаслава, бо яшчэ ўлетку ён напісаў расьпіску, што пагасіць доўг «у бліжэйшы час». Мінула паўгода, а запазычанасьць толькі расьце. У кватэры адключаныя электраэнэргія, газ, вада, электрычнасьць. Дзьверы у ёй без замка, сантэхніка дабітая, падлога ў калідоры прагніла. Суседзі скардзяцца на непрыемныя пахі.

Вячаслаў кажа, што ўсё пакацілася, нібы з горкі, пасьля сьмерці маці, якая працавала на хімзаводзе прыбіральшчыцай і атрымала гэтую трохпакаёўку ў панэльным доме ў год развалу Савецкага Саюзу. Да гэтага ўсе жылі ў невялікай прыгараднай вёсцы.

Пасьля сьмерці маці кватэру перапісалі на сястру Вячаслава Алу. З мужам яна неўзабаве разьвялася. Засталіся два сыны. Старэйшы цяпер у турме, а ў дачыненьні меншага Ала пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Ён прызнаны сіратою. Ім спачатку апекаваўся дзядуля па мужы, а пасьля сканчэньня каледжа яго пасялілі ў інтэрнаце. Ён прызнаны ўладамі як гараджанін, які мае патрэбу ў сацыяльным жытле.

Вячаслаў: «Пагасіць доўг — я пагашу. Але я ня ведаю, што мне зь сястрой рабіць. Разумееце? Калі маці памерла, усё: яна пачала ствараць прытон. Я прыеду, туды-сюды — прытон прыбяру. Хтосьці з бутэлькай прыходзіць, хто так. Але ўвесь час так працягвацца ня можа. Гэта ж адключылі і газ, і сьвятло, і ваду. Аплаціць доўг — гэта адно, а яшчэ трэба ж заплаціць за падключэньне. Аднаму мне аплаціць цяжка. А яна працаваць ня хоча».

Улічваючы неаднаразовыя папярэджаньні ўсім прапісаным жыльцам трохпакаёўкі, у тым ліку й сыну Алы, які сядзіць у турме, суд вырашыў выселіць Вячаслава, сястру Алу, яе старэйшага сына з займанай кватэры, а што да малодшага — прызнаць, што ён страціў права карыстаньня згаданым жылым памяшканьнем.

Наймальніцу трохпакаёўкі я засьпеў дома. Ала кульгала на правую нагу. Кажа, што ўпала ўчора на лесьвічнай пляцоўцы, таму й не змагла прыйсьці на суд. Кватэра сапраўды занядбаная.

Гаспадыня, седзячы ля вакна, сілкавалася грэцкімі арэхамі. Апавяла, што жыве, як можа, з адрэзанымі камунікацыямі:

«Я ў шоку. Сяджу во й перажываю. Ваду я бяру на вуліцы з калёнкі — ключ ёсьць. У мяне ў Давыдаўцы сяброўка жыве, там у яе старэнькая лядоўня. Ежу там гатую».

Ала сьцьвярджае, што доўгі час жыла ў Сьветлагорску ў свайго другога мужа, а ў кватэры знаходзіўся брат са сваёй грамадзянскай жонкай, якую прывёз з Расеі. Яе давялося, як заявіла Ала, «дэпартаваць назад у Расею». Брат нібыта і ўчыняў вэрхал у хаце.

Мне на пражыцьцё заставалася 300 тысяч. Я не магла плаціць

Паводле 18-га дэкрэту Алу, якая скончыла гандлёва-каапэратыўны інстытут, прымусова прызначылі працаваць прыбіральшчыцай на вагона-рамонтным заводзе з вылічэньнем заробку на ўтрыманьне малодшага сына.

«Мне на пражыцьцё заставалася 300 тысяч. Я не магла плаціць. І працу кінула, бо псарыяз у мяне на руках», — і Ала паказала сваю чырвоную, у струпах, хворую руку.

За адмову ад працы Ала адбыла пакараньне — адседзела ў сьледчым ізалятары. Цяпер кажа, што мае пазычыць у знаёмага 10 мільёнаў рублёў на выплату доўгу за камунальныя плацяжы.

Калі цягам дзесяці дзён брат і сястра сплацяць даўгі, суд мае магчымасьць пераглядзець справу — у зьвязку з новымі абставінамі.

XS
SM
MD
LG