Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія ўжо стала часткай гісторыі. У чым былі яе асаблівасьці? Чаму ў грамадзтве і палітычнай клясе існаваў такі фаталізм? Чаму выбарчая машына выглядае такой эфэктыўнай?

Удзельнікі: палітоляг Сяргей Нікалюк і дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Асаблівасьці цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі

Валер Карбалевіч: «Любая выбарчая кампанія, нават калі яна праходзіць у такім своеасаблівым выглядзе, як у Беларусі, ёсьць прадмет аналізу. Яна зьяўляецца пэўным люстэркам часу. У гэтым сэнсе, якія асаблівасьці сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі? Што яна адлюстравала, што высьвеціла?»

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк: «Выбары ў Беларусі не зьяўляюцца падзеяй, таму што нічога не вырашаюць. Але прэзыдэнцкія выбары праходзяць празь пяць гадоў, і за гэты час шмат што мяняецца.

Цяперашнія выбары ўпершыню прайшлі ва ўмовах, калі даходы насельніцтва не расьлі, а падалі. Але грамадзтва не ўсьвядоміла, што беларуская сацыяльная мадэль уступіла ў стадыю дэградацыі. І гэта спрыяла таму, што ўлада дасягнула ўсіх мэтаў, якія яна перад сабой ставіла.

Другі чыньнік, які ўплываў, на выбары, гэта ўкраінскі крызіс. Ён яшчэ мінулым годам зламаў тэндэнцыю залежнасьці рэйтынгаў рэжыму ад узроўню жыцьця. Таму ўлады перавялі агітацыйную кампанію ў плоскасьць таго, што Лукашэнка гарантуе мір, бясьпеку і спакой у краіне».

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч: «На гэтых выбарах не існавала рэальнай альтэрнатывы Лукашэнку. І гэта адрозьнівае сёлетнюю кампанію ад папярэдніх. Фактычна не была прадстаўлена традыцыйная апазыцыя. І ніхто з палітычных суб’ектаў ня верыў, што падчас кампаніі магчымыя перамены. Таму зьмяншэньне ўзроўню жыцьця не паўплывала на вынік кампаніі».

Адкуль такі фаталізм?

Карбалевіч: «Як ужо адзначылі мае суразмоўцы, на прэзыдэнцкую кампанію найбольш уплывалі два чыньніка. Гэта ўкраінскі крызіс і эканамічны крызыс. Яны дзейнічалі ў процілеглым кірунку. Тым ня менш, можа, упершыню, як сказаў, сп. Казакевіч, быў такі фаталізм і „безнадзёга“. У тым, што нічога зьмяніць нельга, былі ўпэўненыя грамадзтва, улада, апазыцыя. Усе разглядалі выбары, як рытуал. Адкуль такі фаталізм, калі, можа ўпершыню становіцца відавочна, што беларуская сацыяльная мадэль вычарпала свой рэсурс?»

Нікалюк: «Не разумею, якая насамрэч альтэрнатыва была падчас выбараў 2010 году».

Карбалевіч: «Згодзен з тым, што рэальна яе не было. Але у грамадзтве была даволі вялікія спадзевы на перамены. Сярод маіх знаёмых, далёкіх ад палітыкі людзей, усур’ёз ішлі спрэчкі, за каго галасаваць, за Саньнікава, Някляева ці Раманчука.

Нікалюк: «Усе апошнія пяцігодкі апатыя ў грамадзтве нарастала. У сацыяльнай псыхалёгіі існуе паняцьце „сындром вывучанай бездапаможнасьці“. Гэта калі чалавек шмат разоў сутыкаецца зь нейкім нэгатыўным чыньнікам, але ня можа на яго ўплываць. Ці ён так лічыць, што ня можа ўплываць. Таму адмаўляецца ад спроб нешта зьмяніць. Гэта сындром дзейнічае ў Беларусі 20 гадоў, а цяпер мы на піку яго ўплыву.

Але адзначу такі цікавы факт. Паводле абнародаванага сацыялягічнага апытаньня інстытута Гэлапа, Лукашэнка на выбарах атрымаў менш, чым у верасьні фіксаваў НІСЭПД. Звычайна наадварот, па меры прыбліжэньня даты выбараў рэйтынг Лукашэнкі павышаўся, бо дзейнічаў мэханізм мабілізацыі электарату. А вось цяпер гэтае правіла не спрацавала. Гэта таксама тлумачыцца апатыяй, бязвер’ем у грамадзтве».

Казакевіч: «Я б паставіў тыя ўнутраныя фактары, пра якія казаў сп. Нікалюк, на другі плян. А на першы плян вывеў бы вонкавыя чыньнікі. У сьвеце працягваецца эканамічны крызыс. І ў асяродзьдзі эліты і грамадзтва склалася ўражаньне, што выхад з крызісу не залежыць ад эканамічнай палітыкі, ад рэформаў, ад зьмены ўлады».

Карбалевіч: «Але, напрыклад, у Вэнэсуэле менавіта эканамічны крызіс прывёў да перамогі апазыцыі».

У 1990-я гады была вера ў тое, што простая зьмена сыстэмы, ладу адразу прывядзе да паляпшэньня жыцьця. Цяпер такой веры няма

Казакевіч: «Трэба ўлічваць, што там дэстабілізацыя палітычнай сыстэмы адбылася з-за сыходу харызматычнага лідэра Уга Чавэса. Дык вось, я працягну сваю думку. У 1990-я гады была вера ў тое, што простая зьмена сыстэмы, ладу адразу прывядзе да паляпшэньня жыцьця. Цяпер такой веры няма».

Другі момант. Шмат было спадзеваў, што эўрапейская інтэграцыя можа быць альтэрнатывай палітыцы Лукашэнкі. Але пасьля ўкраінскіх падзеяў гэтая альтэрнатыва ў грамадзкай сьвядомасьці рэзка страціла сваю прывабнасьць. Вось Украіна зрабіла эўрапейскі выбар, а які вынік? Так разважае абываталь. Гэта той вонкавы фон, кантэкст, якія задае атмасфэру пэсымізму і фаталізму. Людзі лічаць, што простых рашэньняў няма«.

Ці магчымыя перамены ў функцыяніраваньні выбарчай машыны?

Карбалевіч: «Ніколі раней прэзыдэнцкія выбары так не нагадвалі фармальны рытуал, дзе форма і зьмест відавочна не адпавядалі адно другому. Але, здаецца, ніколі раней высновы замежных назіральнікаў не былі такімі ляяльнымі да беларускага рэжыму. І гэта можна патлумачыць ня толькі нармалізацыяй адносін Беларусі з Захадам. Падаецца, што беларуская выбарчая машына стала настолькі дасканалай, што юрыдычна зафіксаваць парушэньні становіцца ўсё цяжэй. Ці ёсьць магчымасьць прымусіць гэтую машыну рухацца ў іншы бок, на што, дарэчы, спадзяецца апазыцыя».

Галоўная ўмова існаваньня беларускага рэжыму — гэта адсутнасьць канкурэнцыі

Нікалюк: «Галоўная ўмова існаваньня беларускага рэжыму — гэта адсутнасьць канкурэнцыі. Ва ўмовах канкурэнцыі функцыяніраваньне і аднаўленьне гэтага рэжыму немагчыма. І патрабаваньне прытрымлівацца выбарчага заканадаўства раўназначна патрабаваньню зьмены прыроды рэжыму. Таму пераменаў у працэсе выбараў ня будзе. І ня мае значэньне, якія будуць унесены зьмены ў выбарчае заканадаўства.

Таму сыстэма працуе бяз збояў. Хачу нагадаць, што ў працы выбарчых камісій бярэ ўдзел каля 70 тыс чалавек. Зьявілася новая сацыяльная група — чальцы выбарчых камісій. І ня памятаю, каб хтосьці зь іх выступіў з пратэстам, што ня так падлічваюцца галасы».

Карбалевіч: «Не зусім так. На некаторых участках лічылі справядліва. І таму там усе паказчыкі апынуліся зусім іншымі, чым у цэлым па краіне».

Казакевіч: «Больш важныя не прававыя нормы, а правапрымяненьне. Калі няма палітычнай волі дзейнічаць паводле закону, то зьмены заканадаўства мала дапамогуць. А такой палітычнай волі я ня бачу».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG