Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэньне Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта — «за» і «супраць»


Мікола Статкевіч, 19 сьнежня 2010 году
Мікола Статкевіч, 19 сьнежня 2010 году

Рух салідарнасьці «Разам» настойвае на абраньні Міколы Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2015 году. Пра гэта паведаміў у Варшаве старшыня арганізацыі Вячаслаў Сіўчык. Як ставяцца да гэтага лідэры іншых апазыцыйных структураў? Ці можа Статкевіч, якога, не парушаючы заканадаўства, немагчыма зарэгістраваць кандыдатам, стаць сымбалем аб’яднаньня апазыцыі?

Вылучэньне Міколы Статкевіча ўваходзіць у пляны Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кажа партыйны лідэр Анатоль Лябедзька:

«Мы за тое, каб выбарчая кампанія складалася зь дзьвюх рэчаў. Першая — гэта стварэньне ініцыятыўнай групы ў падтрымку Статкевіча. І пакуль іншыя размаўляюць ці заклікаюць, мы пачалі рухаць гэты працэс практычна. Ужо падпісаліся і прафэсар Багданкевіч, і народная артыстка Бандарэнка, і кінарэжысэр Хашчавацкі, і дэпутаты Вярхоўнага Савету розных скліканьняў, і многія іншыя. І такую ж працу мы пачалі ў рэгіёнах. Для нас стварэньне ініцыятыўнай групы Статкевіча — гэта праца з палітычна актыўнымі грамадзянамі. І гэта актуалізацыя тэмы свабодных і сумленных выбараў і барацьба за вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў.

А другое — гэта новы эканамічны курс, які прапануе наша партыя. Гэта — праца з пасіўнымі прыхільнікамі пераменаў. Для іх патрэбна іншае пасланьне, зь іншым зьместам».

Стварэньне ініцыятыўнай групы ў падтрымку Статкевіча днямі будзе абмяркоўваць прэзыдыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада),— кажа старшыня партыі Ірына Вештард. Яна ўпэўненая, што гэтая ініцыятыва, якую, паводле яе, упершыню агучыў Уладзімер Някляеў, будзе падтрыманая:

«Нават калі мы і маем нейкія пытаньні, удакладненьні, то іх задаюць тады, калі мы разам сядзім за кубачкам кавы ці гарбаты на роўных. Вось тады мы можам і задаваць пытаньні: мо і складаныя, мо і цяжкія. Пакуль жа сябры БСДП (Грамада) і Мікола Статкевіч не на роўных: ён у пастарунку, а мы на свабодзе. Таму трэба скарыстаць усе магчымасьці, каб і ён, і мы былі на свабодзе».

А вось рада руху «За свабоду» ўжо абмеркавала правядзеньне кампаніі ў падтрымку Статкевіча, — распавядае першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

«Лічым, што нагадваць пра існаваньне палітычных вязьняў у Беларусі трэба ў кожным разе. Для гэтага неабавязкова чакаць прэзыдэнцкай кампаніі. Формы могуць быць любыя: і ўлёткавая кампанія, і кампанія ў інтэрнэце, і збор подпісаў...

Вылучэньне Статкевіча стане сьведчаньнем, што апазыцыя ня мае адказаў на пытаньні звычайных выбарцаў

Што тычыцца прэзыдэнцкай кампаніі, то, на думку руху „За свабоду“, тут павінен быць дакладны пасыл жыхарам Беларусі: неабходны дэмакратычны кандыдат, які можа рэальна прэтэндаваць на перамогу. То бок гэта кандыдат, які мае права ўдзельнічаць у выбарах, які будзе зарэгістраваны, які будзе зьбіраць подпісы і г.д. Вылучэньне Статкевіча стане сьведчаньнем, што апазыцыя ня мае рэальных альтэрнатываў, што яна зацыкленая выключна на сваіх праблемах, што яна ня можа адказаць на тыя выклікі, якія зьявіліся перад нашай краінай. Карацей, што апазыцыя ня мае адказаў на пытаньні звычайных выбарцаў».

Апазыцыя традыцыйна спазьняецца з вырашэньнем найважнейшых задачаў, мяркуе палітоляг Андрэй Ягораў. Ён згадвае, што яшчэ ў 2012 годзе, а можа нават і крыху раней, асабіста ўдзельнічаў у перамовах паміж рухам «За свабоду» і грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду» аб супольнай стратэгіі да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году:

«І ўжо тады трэба было ствараць кааліцыі, вылучаць нейкі пул адзіных лідэраў, фармаваць стратэгіі, ствараць тэхналягічныя штабы і г.д. А калі гэтага своечасова не зрабіць, то да выбараў-2015 апазыцыя прыходзіць у такім стане, што яна ня можа ні за што змагацца ў палітычным сэнсе.

Таму вылучэньне Статкевіча дае ёй хоць нейкую маральную легітымізацыю няўдзелу ў гэтых выбарах, пры тым, што апазыцыя сымбалічна падтрымлівае Статкевіча. Гэта дае ёй усё ж нейкі нармальны выхад з актуальнай сытуацыі, у якой яна нічога больш ня можа зрабіць».

Згодна з Канстытуцыяй чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсьці не пазьней за 20 лістапада 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG