Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэньне Статкевіча як доўгатэрміновая акцыя салідарнасьці


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

«Ідэя пра вылучэньне Статкевіча адначасова сфармавалася ў некалькіх галовах, у тым ліку і ў галаве самога Міколы. Гэта толькі падкрэсьлівае, што гэтая ідэя правільная», — лічыць жонка палітыка Марына Адамовіч.

У склад ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты палітвязьня Мікалая Статкевіча ўвайшло больш за паўтары тысячы чалавек.

Падаць дакумэнты ў Цэнтравыбаркам плянуюць 16 ліпеня. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч, якая ўзначальвае ініцыятыўную групу.

У склад адзінага аргкамітэту па вылучэньні Статкевіча ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, «Маладога фронту», руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі», а таксама руху салідарнасьці «Разам».

— Спадарыня Марына, 14 ліпеня вы заявілі, што ініцыятыўная група Міколы Статкевіча налічвае паўтары тысячы чалавек. Падобныя лічбы называюць і іншыя дэмакратычныя прэтэндэнты. Вы задаволеныя вынікамі?

— Людзі ўсё яшчэ працягваюць зьвяртацца, каб уступіць у ініцыятыўную групу. Усё ж недастаткова інфармацыі мы змаглі распаўсюдзіць пра запіс, пра фармаваньне групы. Таму далучыцца можна да самага моманту падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю, якая адбудзецца 16 ліпеня. А на гэты момант у групе маем ужо больш за 1500 чалавек. Калі ацэньваць вынікі, то я мушу адзначыць, што мы недапрацавалі. Па тым, што людзі працягваюць зьвяртацца пэрсанальна, каб далучыцца да групы, я бачу, што колькасна група магла б быць нашмат большая. Было б прыемна і правільна, каб ініцыятыўная група па вылучэньні Міколы Статкевіча колькасна была б самая вялікая.

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

— У ініцыятыўную групу ўвайшла вялікая колькасьць вядомых людзей — гэта дзеячы беларускай культуры і навукі Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Сяргей Законьнікаў, Юры Хашчавацкі, Уладзімер Халіп, Зінаіда Бандарэнка, Валер Мазынскі, Аляксандар Тамковіч і нават сьпявак Лявон Вольскі, а таксама палітыкі, у тым ліку і тыя, якія самі зьбіраюцца змагацца за прэзыдэнцтва. Вас гэта матывуе?

— Для мяне гэта важны знакавы паказьнік таго, што ў беларускім грамадзтве існуе салідарнасьць. Стварэньне ініцыятыўнай групы Статкевіча — гэта маштабная акцыя салідарнасьці, якую падтрымалі нават тыя, хто выступае зь іншых пазыцыяў і мае адрозныя погляды на тое, удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у гэтай кампаніі.

— Як рэагуе ўлада на фармаваньне ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча?

І я, і ўсе сябры ініцыятыўнай групы пры любым раскладзе зьбіраемся завершыць пачатую працу

— Я не магу варажыць на гушчы ад кавы і не магу прадбачыць, якім будзе рашэньне ЦВК што да нашай рэгістрацыі. Але я разумею, што агульная рэакцыя такая — не дапусьціць розгаласу і не дапусьціць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо яна дае магчымасьць працаваць зь людзьмі, распавядаць пра сытуацыю з правамі чалавека ў краіне, гаварыць пра палітзьняволеных, пра тое, урэшце, што кандыдат у прэзыдэнты зь мінулай выбарчай кампаніі дагэтуль сядзіць за кратамі. Карацей, вялікага аптымізму няма, але заўсёды трэба даваць людзям шанец вярнуцца ў прававое рэчышча.

— Вы кажаце, што ўлады не дапусьцяць рэгістрацыі Статкевіча, бо баяцца розгаласу. Але, зь іншага боку, не зарэгістраваць ініцыятыўную групу — таксама азначае справакаваць гучнае абмеркаваньне. Атрымліваецца, вы паставілі ўлады ў сытуацыю, калі любое іх рашэньне будзе ім не на карысьць?

— Я лічу, што спачатку мы павінны падаць сьпісы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, а толькі пасьля камэнтаваць рашэньне, якое прымуць улады.

— І ўсе ж: што будуць рабіць прыхільнікі Міколы Статкевіча, калі рашэньне будзе адмоўнае? Ці скончыцца акцыя салідарнасьці ў момант падачы сьпісаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы?

— І я, і ўсе сябры ініцыятыўнай групы пры любым раскладзе зьбіраемся завершыць пачатую працу. Мы будзем гэтую акцыю салідарнасьці рабіць доўгатэрміновай.

— Як Мікола Статкевіч ацэньвае ход падрыхтоўкі да яго вылучэньня? Ці ў лістах ён нешта выказваў вам з гэтай нагоды?

— Мікола агучыў свае разважаньні яшчэ на самым пачатку кампаніі. Тады яны супалі зь меркаваньнямі і Ўладзімера Някляева, і Анатоля Лябедзькі, і іншых грамадзка-палітычных дзеячоў. Так атрымалася, што ідэя пра вылучэньне Статкевіча адначасова сфармавалася ў некалькіх галовах, у тым ліку і ў галаве самога Міколы. Гэта толькі падкрэсьлівае, што гэтая ідэя правільная. Таму Мікола пагадзіўся быць вылучаным, пагадзіўся на фармаваньне сваёй ініцыятыўнай групы.

17 ліпеня Цэнтравыбаркам на сваім пасяджэньні разгледзіць дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG