Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга пра чалавека, «які вярнуў беларусам гісторыю»


Мікола Ермаловіч

Мікола Ермаловіч

У сэрыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» выйшла кніга «Мікола Ермаловіч. Той, хто вярнуў нам гісторыю» аўтарства Анатоля Астапенкі.

«Мікола Ермаловіч — адзіны гісторык Беларусі, які, ня маючы ніякіх навуковых званьняў і вучоных ступеняў, стаў аўтарам уласнай, прызнанай многімі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі навуковай канцэпцыі ўтварэньня Вялікага княства Літоўскага», — расказаў Свабодзе Анатоль Астапенка.

— Сэрыя «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» ствараецца такім чынам, што аўтары могуць самі выбіраць асобу, пра якую хацелі б напісаць эсэ, якое затым становіцца кнігай. Чаму Вы абралі Міколу Ермаловіча?

— Першая падназва маёй кнігі пра Міколу Ермаловіча — «Чалавек, які вярнуў годнасьць народу». Мікола Ермаловіч вярнуў годнасьць і асабіста мне як частцы гэтага народу. Калі я вучыўся ў школе, гісторыя Беларусі выкладалася нам у інтэрпрэтацыі Лаўрэнція Абэцэдарскага, зь якой вынікала, што беларусаў як нацыі няма і не было. Скончыўшы школу, я даведаўся, што ёсьць гісторык Ермаловіч, які зусім па-іншаму глядзіць на гісторыю Беларусі. Пазнаёміўшыся зь яго працамі, я стаў разумець нашую гісторыю зусім ня так, як яе выкладалі ў школе, — а ў правільным кірунку. Таму я і лічу, што Ермаловіч вярнуў мне годнасьць, паказаў, што нашая гісторыя не такая ўжо і занядбаная, а беларусы — нармальны эўрапейскі народ, які меў сваю дзяржаву. Ермаловіч першым адкінуў стэрэатыпы пра тое, што беларускія плямёны былі заваяваныя ў ХІІІ ст. жамойтамі — продкамі сучасных літоўцаў, якія прыйшлі да нас з расейскай і літоўскай гістарыяграфіяў, — і стварыў нацыянальную беларускую гісторыю. Да таго ж я быў асабіста знаёмы зь Міколам Ермаловічам — мы былі калегамі, сустаршынямі нацыянальна-дэмакратычнай партыі.

Анатоль Астапенка

Анатоль Астапенка

— Ці прыжылася беларусацэнтрычная канцэпцыя гісторыі, распрацаваная Міколам Ермаловічам, у падручніках, ці мела пасьлядоўнікаў?

— У 90-я гады кніга Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь» нават атрымала дзяржаўную прэмію. Гэта азначала прызнаньне на самым высокім узроўні. А асноўныя ідэі і тэзы Ермаловіча былі рэкамэндаваныя для ўключэньня ў падручнікі. Шмат кніг і падручнікаў, якія выйшлі ў той час, грунтаваліся на той канцэпцыі гісторыі Беларусі, якую прапанаванаў Мікола Ермаловіч. Шмат гісторыкаў падтрымалі гэтую канцэпцыю, сярод іх — Анатоль Грыцкевіч, Алег Трусаў і шэраг іншых, якія мелі самастойныя погляды і былі не ідэалягізаваныя. На жаль, пасьля рэфэрэндуму 1995 году, калі пачалася хваля адмаўленьня ўсяго нацыянальнага, пачалі даказваць, што Мікола Ермаловіч нічога не зрабіў, нягледзячы на тое, што яго працы абсалютна навуковыя і грунтуюцца на першакрыніцах, зь якімі ён пастаянна працаваў, у адрозьненьне ад тых, хто абараняў дысэртацыі, перапісваючы тэксты адзін у аднаго. Мікола Ермаловіч ня меў навуковых ступеняў, але быў сапраўдным навукоўцам. Цяпер таксама ёсьць пасьлядоўнікі Міколы Ермаловіча, напрыклад Зьдзіслаў Сіцька, які напісаў кнігу «Утроп Літвы», дзе прапанаваў свае далейшыя распрацоўкі ідэяў Ермаловіча.

— Якой будзе роля канцэпцыі Міколы Ермаловіча ў незалежнай Беларусі?

— У незалежнай Беларусі беларусацэнтрычная канцэпцыя гісторыі Ермаловіча будзе фундамэнтам гістарыяграфіі Беларусі. Хаця, вядома, ёсьць моманты, якія яшчэ трэба дапрацоўваць. І гэта будзе рабіцца.

— Кнігі гэтай сэрыі маюць невялікі аб’ём. Што Вам удалося зьмясьціць у вашым эсэ пра Міколу Ермаловіча?

— Тут і яго навуковы шлях, і біяграфія, і асноўнае з тэорыі беларускай гісторыі. Я сядзеў у архівах, чытаў яго дзёньнікі. Спрабаваў зразумець, чаму ён быў апантаны гісторыяй. Мікола Ермаловіч у старасьці амаль нічога ня бачыў, але не выходзіў суткамі зь «Ленінкі». Хто яго прымушаў? Ніхто не прымушаў. Проста чалавек меў такое пакліканьне. Гэта быў вельмі цікавы чалавек, і тое, што ён стварыў, — вынік вельмі цяжкай працы.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў панядзелак, 8 сьнежня, а 18-й гадзіне ў офісе Партыі БНФ (вуліца Чарнышэўскага, 3).

Сэрыя «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» заснаваная Інстытутам беларускай гісторыі і культуры сумесна з выдавецтвам «Харвэст».

У сэрыі ўжо выдадзеныя брашуры, прысьвечаныя Вацлаву Ластоўскаму, Міхаілу Пташуку, Яну Чачоту, Ігнату Канчэўскаму, Уладзіславу Сыракомлю, Міхалу Андрыёлі, Алаізе Пашкевіч, Напалеону Орду, Карусю Каганцу, Мечыславу Карловічу, Мітрафану Доўнар-Запольскаму.

Каардынатар і рэдактар сэрыі — Анатоль Тарас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG