Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выцінанка: шлях да мадэрнізацыі ці кансэрвацыя ў традыцыях?


Выцінанка ў гімназіі-каледжы мастацтваў

Выцінанка ў гімназіі-каледжы мастацтваў

Ці карэктна прыпісваць беларусам адну зь вядучых роляў у разьвіцьці мастацтва выцінанкі? Выразаньне ажурных узораў з паперы прынята лічыць адметнай праявай беларускай самабытнасьці, хоць аплікацыя ў розным выглядзе ўласьцівая шмат якім народам сьвету.

Менская гімназія-каледж мастацтваў цалкам апраўдвае сваю назву — практычна ўся насьценная прастора аздобленая працамі былых і цяперашніх выхаванцаў. Ужо на ўваходзе наведнікаў сустракаюць сымпатычныя выявы з ватману — гарэзьлівая школьніца і настаўніца з пачастункам. І, натуральна, мноства калядна-навагодніх атрыбутаў «хэнд-мэйд» — гірлянды, сьняжынкі, вяночкі.

У невялічкім кабінэце Марыны Аўчыньнікавай месьціцца сапраўдная экспэрымэнтальная фабрыка: тут сабраная ўнікальная калекцыя папяровых вырабаў, адзначаных на самых розных выставах. Больш за 30 гадоў спадарыня Аўчыньнікава навучае дзяцей азам выцінанкі і аплікацыі, кожны раз намагаючыся разбавіць звыклыя шаблёны элемэнтам навізны. Выхад за кансэрватыўныя рамкі не заўсёды вітаецца прыхільнікамі захаваньня старадаўніх традыцый, аднак суразмоўніца перакананая: застой у мастацтве — шлях у нікуды. Асабліва калі працуеш з пачаткоўцамі:

Папяровая школьніца ў вэстыбюлі гімназіі

Папяровая школьніца ў вэстыбюлі гімназіі

«Неяк я павяла дзяцей на выставу ў бібліятэку Пушкіна. Выстаўляліся клясычныя працы: строгія, складаныя, бясконцыя бясколерныя арнамэнты. Такіх рэчаў, шчыра скажу, я не вітаю: нешта ў іх занадта жорсткае. Можа таму, што кручуся ў асяродзьдзі дзяцей і гляджу на многія рэчы іх вачыма. Гэтыя шаблённыя творы не задавальняюць мяне кампазыцыйна. І тая выстава пакінула ўражаньне аднастайнасьці. Наведнікі ад такіх працаў хутка адыходзілі, пачыналі сумаваць. Нават дзеці сказалі: давайце вернемся і будзем працаваць. Стаміліся ад прадказальнасьці. Як кажуць, няма попыту, і за дзяржаву крыўдна. Жанчына, якая кіравала выставай, запытала пра маю цікавасьць да экспазыцыі. Пачуўшы, што я займаюся гэтым у школе, задала рытарычнае пытаньне: а выцінанка будзе жыць? І я задумалася — ня ведаю. Выцінанка павінна жыць, але неабходныя новыя формы, новае адлюстраваньне сябе. Насамрэч працы нашых дзяцей маюць традыцыйныя карані, проста яны ўкладзеныя ў нетрадыцыйны аб’ект. Чаму не?»

Марына Аўчыньнікава зь дзіцячай працай

Марына Аўчыньнікава зь дзіцячай працай

Спэцыялізаваныя даведнікі падаюць, што выцінанка як старажытны від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўзьнікла ў Кітаі і толькі потым зьявілася ў Эўропе. Ажурны ўзор, выразаны з паперы, гэтаксама атрымаў распаўсюд у Беларусі, Польшчы (wycinanka), Украіне (вытинанка). Лічыцца, што на сучасныя беларускія землі выцінанка прыйшла ў XVI стагодзьдзі, калі ў асяродку шляхты атрымала папулярнасьць сылюэтная выразка — чорна-белыя выявы людзей, побытавых сцэнаў, прыродных матываў. Просты люд такой забавы быў пазбаўлены з банальнай прычыны — адсутнасьці паперы.

Адданасьць традыцыям

Адданасьць традыцыям

Толькі ў ХІХ стагодзьдзі матэрыял стаў больш даступным і накладзеныя ў некалькі пластоў арнамэнты пачалі выкарыстоўвацца для афармленьня жытла і аздабленьня інтэр’еру да сьвятаў. Народная выцінанка і тады, і цяпер сьвята трымаецца тэхнікі выкананьня: найчасьцей папера складваецца гармонікам у некалькі разоў і па баках выразаюцца ажурныя геамэтрычныя ўзоры. Такім чынам прысутнічае абавязковая рыса — сымэтрыя асобных элемэнтаў. Сучасная беларуская выцінанка хоць і вылучаецца больш разнастайнай тэматыкай ды тэхнікай выкананьня, але па-ранейшаму арыентуецца на традыцыйныя матывы. З такім кансэрватыўным падыходам якраз і змагаецца Марына Аўчыньнікава:

Узоры традыцыйнай выцінанкі

Узоры традыцыйнай выцінанкі

«Традыцыйная выцінанка перадусім сымэтрычная і перагінаецца напалову. Некаторыя рэчы, як напрыклад, фіранка, складваецца „гармонікам“. У любым выпадку тыражуецца ўзор, цалкам сымэтрычны. Умоўна кажучы, рэжу адзін раз і раскладаю на чатыры плоскасьці. Атрымліваецца, што ўзор множыцца чыста мэханічна. Яшчэ адна асаблівасьць у тым, што клясычная выцінанка двухкаляровая, як правіла, чорна-белая».

Карэспандэнт: «Вашы мадэрнізаваныя працы можна назваць выцінанкай?»

Лясная птушка з элемэнтамі навізны

Лясная птушка з элемэнтамі навізны

«Прыкладам, „Саву“ назваць можна, яна адпавядае асноўным запатрабаваньням: сымэтрычная, двухколеравая. Але ў той жа час яна не выконвае ролю выцінанкі, бо складаецца з аднаго прадмету. Традыцыйная выцінанка такая: звычайна вазон ці дрэва, альбо жывёлы-птушкі-рыбы. Традыцыйней ужо не бывае. Выцінаць і выразаць — галоўнае, каб была сымэтрыя. Вось у такім ключы працуйце, колькі хочаце. У дадзеным выпадку іншы падыход да рэалізацыі: ён не захоўвае шаблёны, выходзіць па-за рамкі традыцый. Але праца зьявілася менавіта такой і калі аналягічныя формы будуць расьці і множыцца, то аднойчы гэта таксама стане традыцыяй. Яшчэ адна нетрадыцыйная праца, але ў наскрозь традыцыйнай тэхніцы — морда ваўка. Прыгожа, згодны? Але пакуль што ў выцінанкі вобразы збольшага абмежаваныя, як я ўжо казала — вазон ці дрэва. Апошнім часам ёсьць некаторая мадэрнізацыя, новая стылістыка, за што яшчэ нядаўна білі па руках. Штосьці нават уваходзіць у каталёгі і таксама называецца беларускай выцінанкай. Напрыклад, аўтапартрэты».

Гульня з прапорцыямі

Гульня з прапорцыямі

Цікаўлюся ў суразмоўніцы, як выцінанка трактуецца ў сучасных падручніках, ці дапускаюць прапагандысты гэтага віду мастацтва вольнасьці ў рэалізацыі сваіх задумаў?

«Падручнікаў як такіх не існуе. За гэты час выйшаў адзін, магчыма два вучэбныя дапаможнікі, якія падрыхтавалі віцебскія выкладчыкі. Але і там база, аснова, як кажуць, шкілет, структура і схема ўзятыя ведаеце адкуль? З тэхнікі росьпісу па тканіне. Але што шчыра зьдзівіла? Калі мяне ў свой час папрасілі прасунуць гэтую справу ў школе, я дзейнічала абсалютна ўсьляпую. Сама шукала, думала, прыкідвала, складвала, выразала і сэрыю сваіх практыкаваньняў прыдумляла сама, усе хады. Ашаламляльна, што калі выпусьцілі дапаможнік, мяне як быццам паўтарылі. Пры гэтым у мяне нічога ня скралі. Я проста зразумела: далейшых хадоў проста няма, гэты пласт культуры ва ўсіх народаў аднолькавы. Прынамсі падобны. Наогул у мяне была экспэрымэнтальная праграма і называлася „Аплікацыя, выцінанка і мастацкае выразаньне з паперы“. Таму я магла працаваць у любых тэхніках, у любым накірунку».

«Зброя» выцінаншчыка

«Зброя» выцінаншчыка

Марына Аўчыньнікава скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. У гімназіі-каледжы мастацтваў пачынала з малюнка і жывапісу. Але яшчэ напачатку 1980-х да прадстаўнічага зьлёту дырэктараў кіраўніцтва школы папрасіла падрыхтаваць адкрыты ўрок — такі, каб ня быў падобныя на іншыя. Маладая настаўніца вы́разала два дзясяткі матылькоў і папрасіла дзяцей зрабіць каляровую падложку, выкарыстоўваючы адпаведныя фоны для рознакаляровых матылькоў. Урок прайшоў у захапляльна-творчай атмасфэры, пасьля чаго паступіла прапанова «пашырыць і паглыбіць» удалы экпэрымэнт. У адсутнасьць даведачнай літаратуры давялося ўваходзіць у курс справы самастойна:

Марына Аўчыньнікава з традыцыйнай працай

Марына Аўчыньнікава з традыцыйнай працай

«Тут навокал мае знаходкі, якія, бязь лішняй сьціпласьці, я лічу ўнікальнымі. Таму што магла б яшчэ расказаць, як я іх ствараю, але гэта мой маленькі сакрэт, і пакуль раскрываць яго ня буду. Магу толькі сказаць, што гэта такія знаходкі, калі мы ўпісваем традыцыцыйны спосаб складаньня паперы ў новы фармат. Іншымі словамі, гэтыя працы таксама шматразова складзеныя, і мы тыражуем узор гэтак жа, як нашы продкі-беларусы. Але зусім ня так, як, напрыклад, кітайцы. Проста мы знайшлі новы ход — у кампазыцыі, ва ўжываньні і сумяшчэньні колеру. У выніку яны становяцца не такімі, як ува ўсіх астатніх. Скажам, афрыканскія сюжэты. Нечакана, але чаму ня можа быць?».

Экспэрымэнты зь «фіранкамі»

Экспэрымэнты зь «фіранкамі»

Гімназічная мэбля аздоблена сваімі рукамі

Гімназічная мэбля аздоблена сваімі рукамі

Традыцыйныя ўзоры народнай выцінанкі — расьлінна-геамэтрычныя, радзей — так званыя зааморфныя або антрапаморфныя. Усё той жа прынцып шматразовага складваньня, сымэтрычнасьць узору, дэкаратыўнасьць. У асобных рэгіёнах Беларусі чорнымі або паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі пабеленыя сьцены ў хатах. І калі ў суседзяў-балтаў дазвалялася зрабіць галоўным героем асобна ўзяты аб’ект, то ў беларусаў тыя ж дрэвы-кусты павінны абавязкова атачаць іншыя элемэнты. Марына Аўчыньнікава кажа, што гэты напрамак творчасьці па-ранейшаму багаты на забароны і забабоны:

Анёл на ружовым фоне

Анёл на ружовым фоне

Сапраўдная ювэлірная праца

Сапраўдная ювэлірная праца

«У нас ня хочуць бачыць працы на ружовым фоне — маўляў, нельга, гэта ня ў нашых традыцыях. А мне вось гэты ружовы падабаецца. Мне кажуць, што ружовы колер — пошлы. Асабіста я ня бачу ў колерах пошласьці, няма яе там, пошласьць ёсьць у галаве. Тым больш, калі выява анёла. Яго, дарэчы, хацелі нават купіць. Я ўпёрлася: ні ў якім разе, буду берагчы і захоўваць да апошніх сваіх дзён... Ёсьць умельцы, якія выразаюць з ватману. Прычым, гэтага мядзьведзя зрабіў хлопчык. Калі сфатаграфаваць —выдатна бачна, якая фігура скразная. Гэта, дарэчы, адваротны бок мэдаля. Калі ёсьць працы сапраўды ювэлірныя, з тонкімі выразамі, то ў дадзеным выпадку выразаецца зь вельмі жорсткай паперы, прыкладаючы неймаверныя намаганьні. Я ў дзіцяці запытваю: навошта ж ты рэзаў з ватману, такі гвалт над рукой? А ён сур’ёзна адказвае: «Марына Юр’еўна, мы лёгкіх шляхоў не шукаем».

Мядзьведзь з «празрыстага» ватману

Мядзьведзь з «празрыстага» ватману

Марына Аўчыньнікава ганарыцца сваімі выхаванцамі. Яно і зразумела: за непрацяглы час 10-12-гадовыя майстры авалодваюць унікальнай тэхнікай працы з паперай. У якасьці прыкладу дэманструе ажурную сурвэтку, якая сьведчыць ня толькі пра ўзровень тэхнікі, а і пра здольнасьць надзвычайнай канцэнтрацыі. А дзяцей, як вядома, утрымаць у рамках ня так проста:

Ажурная сурвэтка

Ажурная сурвэтка

«Вось які цуд, асабліва калі паглядзець на прасьвет. Для 12 гадоў — надзвычай карпатлівая праца. Але ведаеце, што я зразумела? Уся гэта карпатлівасьць прывучае дзяцей да вельмі важных якасьцяў: цярплівасьці, уседлівасьці, схільнасьці да тонкай, дробнай працы. Я перакананая, што калісьці і дзесьці гэта ім дапаможа, прычым у якой заўгодна сфэры. Напрыклад, станеш хірургам — будзеш ведаць, як рэзаць, як асобным парадкам трымаць інструмэнт. Бо калі проста рэжаш, адпаведна, робіш рух рукамі па прамой. Але калі вядзеш крывыя лініі, мэтодыка ўжо іншая. Асабліва зьдзіўляюцца бацькі, як пачынаю ім тлумачыць. Каб выразаць дугавую лінію, трэба навучыцца працаваць локцем і плечавым суставам. Паварочваеш паперу, абедзьве рукі пачынаюць „танчыць“ і тады атрымліваецца патрэбная крывая лінія. І ў гэтай разнастайнай працы з інструмэнтамі вельмі шмат цікавага. Наша стаўленьне да нажніцаў занадта звыклае, насамрэч у кіраваньні нажніцамі схаваны цэлы мэханізм няпростых пасьлядоўных крокаў. З часам я зразумела: рукатворная праца ў любым кірунку (а ў нас у кожным кабінэце свая спэцыялізацыя) літаральна рассоўвае межы ўспрыняцьця сьвету, межы сьвядомасьці дзіцяці».

Воўк у новым абліччы

Воўк у новым абліччы

​ Пад канец размовы запытваю ў Марыны Аўчыньнікавай, ці моцна напружвае яе той факт, што даводзіцца адстойваць уласную пазыцыю, спрабуючы мадыфікаваць старыя лякалы?

«Не зусім так. Мне пашанцавала, што ўнутры школы ня трэба нічога даказваць ці зь некім змагацца. Калі ласка, шукай, працуй у любым кірунку. Мяне тут не абмяжоўваюць, у гэтым сэнсе ўсё добра. Але што тычыцца мастацтва самой выцінанкі (а я задавалася такім пытаньнем), у мяне ўнутранага адказу да гэтага часу няма. Я для сябе вызначыла такую аксіёму: яна ў чымсьці сьляпая. Нават аплікацыя сабачкі для мяне відушчая, а вось традыцыйная — як быццам падсьлепаваты генэрал. Я ўвесь час разважаю: утульна мне там ці не, унутры гэтага мастацтва? Запытала ў свайго калегі: скажыце, вам падабаюцца такія працы? Сапраўды бясконцыя ўзоры, проста бязьмежная іх колькасьць, плюс яшчэ кожнае дзіцё прыўносіць нешта новае. І пачула такую характарыстыку: наколькі гэта мастацтва разнастайнае, настолькі яно і аднастайнае. І я зразумела, што мне перашкаджае жыць: аднастайнасьць».

Конкурсная праца «Сланечнік»

Конкурсная праца «Сланечнік»

Карэспандэнт: «І што ў такой сытуацыі рабіць, як разнастаіць аднастайнае?»

«Кожны чалавек аднойчы хоча вырвацца за акрэсьленыя межы, вызначыць для сябе арыенцір свабоды. Вырвацца за межы сьвету, за межы кнігаў, за межы дзяржаў. Вырвацца за межы, умоўна кажучы, свайго цела. Вырвацца і кудысьці адляцець. Чалавек увесь час хоча межы рассоўваць. І ў гэтым сэнсе існуючая статычнасьць мяне крыху стамляе. Я яшчэ хачу вырвацца за межы чагосьці тут, у гэтым мастацтве, але, як паказвае практыка, мастакі пачынаюць шукаць дасканаласьці, а ўрэшце трапляюць у дамы для тых, хто зьехаў з глузду. Як Урубель. Бо хочуць пераадолець дасканаласьць Творцы і дрэнна сканчваюць. Мабыць, нельга ўвесь час шукаць дасканаласьці, яе няма, згодны? Таму, можа, лепш і не шукаць, супакоіцца ці ўвогуле пераключыцца на іншую дзейнасьць...».

Навагодняе фае гімназіі

Навагодняе фае гімназіі

Сёлета Менская гімназія-каледж мастацтваў адзначыла 95-годзьдзе. Навучальная ўстанова зьяўляецца сябрам Беларускай асацыяцыі клюбаў ЮНЭСКА, удзельніцай міжнародных праграмаў, падтрымлівае партнэрскія сувязі з аналягічнымі школамі Нарвэгіі, Нямеччыны, Польшчы. Гімназія дае сярэднетэхнічную адукацыю, рыхтуе адмыслоўцаў у галіне дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адметна, што менавіта выпускнікі і выкладчыкі бралі самы непасрэдны ўдзел у яе маштабнай рэканструкцыі і аздабленьні інтэр’ераў. Напрыклад, Марына Аўчыньнікава ўпрыгожыла сваімі працамі гімназічную кавярню.

Працы Марыны Аўчыньнікавай у кавярні гімназіі

Працы Марыны Аўчыньнікавай у кавярні гімназіі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG