Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК: унясеньне зьмен у Выбарчы кодэкс да парлямэнцкіх выбараў немэтазгодна


Цэнтравыбаркам Беларусі паведаміў, што ня будзе ўносіць чарговыя зьмены ў Выбарчы кодэкс да правядзеньня ў краіне парлямэнцкіх выбараў. І спаслаўся на рэкамэндацыі Вэнэцыянскай камісіі.

«У сувязі з тым, што выбары ў парлямэнт будуць прызначаныя ў бліжэйшыя месяцы, а таксама ўлічваючы рэкамэндацыі Эўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Вэнэцыянскай камісіі) аб непажаданасьці зьменаў выбарчага заканадаўства менш як за год да выбараў, міжведамасная экспэртная працоўная група лічыць немэтазгодным разглядаць цяпер пытаньне ўнясеньня чарговых зьменаў у Выбарчы кодэкс», — гаворыцца ў паведамленьні ЦВК.

Да таго ж міжведамасная экспэртная працоўная група ўнесла прапановы па ўдасканаленьні выбарчага працэсу, якія не патрабуюць унясеньня зьменаў у заканадаўства. «Прапановы, накіраваныя на павышэньне адкрытасьці фармаваньня выбарчых камісіяў, інфармаваньня грамадзкасьці аб выніках разгляду скаргаў па выбарчых спрэчках, стварэньне ўмоў для ажыцьцяўленьня назіраньня за выбарчымі працэдурамі, будуць прадстаўленыя на разгляд кіраўніку дзяржавы», — паведамляе ЦВК.

Сяргей Альфер: «Выбарчыя органы ня хочуць нічога зьмяняць у парадку правядзеньня выбараў»

Юрыст, спэцыяліст па выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер кажа, што ён чакаў падобнага адказу Цэнтравыбаркаму на прапановы праваабаронцаў, палітычных партыяў і грамадзкасьці. Бо дастаткова рэгулярна ЦВК паўтарае: міжнародныя структуры не рэкамэндуюць мяняць выбарчае заканадаўства менш як за год да выбараў. Але тут трэба адзначыць: яны не рэкамэндуюць істотна мяняць выбарчае заканадаўства, падкрэсьлівае юрыст Сяргей Альфер.

Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

«Я камэнтую гэта азначэньне «істотна» наступным чынам: зьмяняць сыстэму выбараў. Напрыклад, замест мажарытарнай сыстэмы, якая цяпер выкарыстоўваецца, зрабіць прапарцыйную сыстэму выбараў па партыйных сьпісах. Зразумела, ніхто ў Беларусі не гатовы будзе вось так хутка падрыхтавацца і нармальна правесьці выбары па іншай сыстэме.

Што тычыцца тэхнічных зьменаў, то вялікая колькасьць краін менавіта перад выбарамі на іх ідзе, і тут няма ніякага парушэньня рэкамэндацыяў уплывовых міжнародных структур. Каб хацелі ўнесьці тэхнічныя зьмены, іх вельмі хутка падрыхтавалі б і ўзаконілі б. Да таго ж вядома, што трэба рабіць, прапаноў за апошнія 16 гадоў паступіла столькі, што нічога вынаходзіць і прыдумляць ня трэба. І правялі б праз парлямэнт у двух чытаньнях вельмі і вельмі хутка. Тым больш у нас ёсьць магчымасьць, калі гэты законапраект прадстаўляе прэзыдэнт, прыняць яго ў двух чытаньнях праз 10 дзён. Так што тут чыста тэхнічных пытаньняў па зьмене заканадаўства ўвогуле няма.

Зь іншага боку, цалкам зразумела, што выбарчыя органы ня хочуць нічога зьмяняць у парадку правядзеньня выбараў. Але, паколькі мы цяпер робім выгляд, што ідзём у Эўропу, нам трэба штосьці будзе рабіць. І таму застаецца спадзявацца, што Цэнтральная выбарчая камісія сваімі пастановамі зробіць пэўныя тэхнічныя зьмены ў парадку правядзеньня выбараў.

На самой справе, калі ёсьць жаданьне, можна абысьціся бязь зьмены заканадаўства

На самой справе Выбарчы кодэкс у тым выглядзе, у якім ён сёньня існуе, дазваляе праводзіць выбары, скажам так, свабодныя і справядлівыя, у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі прававымі нормамі, калі таго пажадаюць арганізатары выбараў.

Абсалютна зразумела, што ЦВК можа выдаць пастанову, якая зьяўляецца абавязковай для ўсіх выбарчых камісіяў, у адпаведнасьці зь якой будзе ўсталявана абсалютна празрыстая сыстэма працы выбарчых камісіяў, а таксама каб у першую чаргу ў камісіі вылучалі прадстаўнікоў палітычных партыяў. Пажадана, канечне, каб усё гэта было прапісана ў Выбарчым кодэксе, а ў гэтым выпадку, маўляў, могуць упікнуць, што ЦВК перавышае свае паўнамоцтвы. Але ЦВК і так кожныя выбары перавышае свае паўнамоцтвы!

А вось безь перавышэньня паўнамоцтваў Цэнтравыбаркам можа прапісаць працэдуру падліку галасоў, дзе кожны бюлетэнь дэманструецца кожнаму чальцу камісіі і назіральніку, бюлетэні падлічваюцца галосна. ЦВК можа прапісаць і парадак назіраньня за выбарамі, дзе кожны назіральнік знаходзіцца на такой адлегласьці, каб ён мог бачыць усе маніпуляцыі выбарчай камісіі, усе бюлетэні. Так што тут на самой справе, калі ёсьць жаданьне, можна абысьціся бязь зьмены заканадаўства. Можна актамі ЦВК прапісаць працэдуру выбараў такім чынам, каб увогуле не было ніякіх сумневаў у празрыстасьці і чэснасьці гэтых выбараў».

XS
SM
MD
LG