Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліца Барадуліна, якой яшчэ няма. І невядома, ці будзе


На даляглядзе — хаты былой вёскі Арэхава

На даляглядзе — хаты былой вёскі Арэхава

Вуліца, якую вырашана назваць у гонар народнага паэта Беларусі, у Віцебску толькі запраектаваная. Пакуль што тут чыстае поле. Зь вельмі цьмянымі пэрспэктывамі забудовы.

Рашэньне назваць адну з вуліц у раёне прыватнай катэджнай забудовы Арэхава імем Рыгора Барадуліна было прынята Віцебскім гарвыканкамам 25 сакавіка. У гэтай даце можна было б убачыць аптымістычны сымбалізм, калі суаднесьці яе з гістарычным Днём Волі. Аднак суадносіць даводзіцца з рэчаіснасьцю, а яна зусім не такая ўрачыста- сымбалічная.

«Вуліца Рыгора Барадуліна» запраектаваная на ўскраіне Віцебску, у раёне невялікай вёскі Арэхава, побач з могілкамі. Калісьці гэта былі вясковыя могілкі, а цяпер — гарадзкія, вялікія — на ўвесь бераг Дзьвіны. Дый сама вёска з 2004 году ўваходзіць у склад гораду.

Наглядчыца могілак нават ня можа дакладна паказаць, куды прыехаць, каб убачыць месца будучай катэджнай забудовы. Хоць сама яна якраз з Арэхава. Распавядае, што сюды 5 разоў на дзень ходзіць маршрутка, на якой можна дабрацца на працу ў горад. Пра «навасёлаў» спадарыня ня чула, яна махае рукой удалячынь і раіць кіравацца туды, дзе на даляглядзе сканчаюцца вясковыя хаты:

«Не, ніхто тут не сяліўся. Я нешта такое чула, што ніяк ня могуць выбраць назвы для вуліц. Едзьце па гэтай дарозе направа, яшчэ направа і потым налева. Там будуць палі, напэўна, там трэба будаваць. Цяпер гэтая вёска — у Першамайскім раёне, насельніцтва ня менш як 200 чалавек, 105 двароў. Двойчы на тыдзень прыяжджае аўталаўка. Але як нехта будзе будавацца тут, то і свая крама, напэўна, будзе».

Дарога да вёскі

Дарога да вёскі

Тут, на паўднёва-заходняй ускраіне Віцебску, вельмі маляўнічыя мясьціны — высокае ўзьбярэжжа Дзьвіны, побач батанічны заказьнік «Чортава барада». Праўда, ён выглядае занядбаным, затое вельмі цікавы для аматараў анамальных зьявішчаў — кажуць, тут такія здараюцца. А яшчэ — для аматараў старажытнай гісторыі: паводле легендаў, тут было паганскае капішча, расла дуброва, і быў у ёй дуб-волат, які лічыўся сьвятым. Яшчэ ў заказьніку бывае шмат грыбоў, мясцовыя зьбіраюць.

Батанічны заказьнік «Чортава барада»

Батанічны заказьнік «Чортава барада»

Але для тых, хто падобную рамантыку ня лічыць вызначальным фактарам, гэты раён мала прывабны: тут няма ні інфраструктуры, ні добрага транспартнага злучэньня.

У заказьніку. Від на Дзьвіну

У заказьніку. Від на Дзьвіну

Апрача маршруткі № 44, якая ходзіць у вёску 4–5 разоў на дзень, можна скарыстацца іншым маршрутам: даехаць на аўтобусе да канцавога прыпынку «Рачны порт». Потым кілямэтры два ісьці ўгару ўздоўж могілак і незасеяных палёў, ператвораных у сьметнікі.

Тут і пачынаецца цэнтральная вуліца

Тут і пачынаецца цэнтральная вуліца

90-гадовая спадарыня Ганна жыве на цэнтральнай вуліцы вёскі Арэхава. Вуліца так і называецца — Арэхаўская. Жыве тут з 1939 году, калі вёска пачала разбудоўвацца. Бабуля таксама спрабуе дапамагчы вызначыцца на мясцовасьці зь лякалізацыяй будучай катэджнай забудовы:

«Гэта па дарозе і пад лес туды. Гавораць, нібыта там будуць будаваць, але ці праўда, ці не — ня ведаю. Пакуль нічога тут такога няма. У адзін канец вёскі — дык там Віцебск, а ў другі — там Дзьвіна. А тут жа лясы былі, на гары сосны расьлі прыгожыя. А грыбоў колькі было! І фанэрны завод толькі сярод лесу...»

Спадарыня Ганна, карэнная жыхарка Арэхава

Спадарыня Ганна, карэнная жыхарка Арэхава

Спадарыня мяркуе, што катэджы будуць там, дзе цяпер поле — улева ад скрыжаваньня Арэхаўскай вуліцы з вуліцай Яснай. Аказваецца, ёсьць тут такая.

Ясная вуліца

Ясная вуліца

Гэтыя мясьціны добра ведае актывіст Барыс Хамайда, ён жыве недалёка і любіць тут шпацыраваць. Аднак зьвесткі пра тое, што недзе тут будзе вуліца Рыгора Барадуліна, спадар Хамайда ўспрыняў вельмі скептычна:

«Я тут раніцай прагульваюся, штодня дзесьці з траўня і да восені. Кілямэтры 4–5 пехам хаджу. Але тут жа поле! Тут праўда сканчаецца жыцьцё — могілкі, ускраіна гораду. А вялікаму паэту трэба ўсё ж рабіць вуліцу бліжэй да цэнтру. А ў нас там Кірава, Леніна, Урыцкага, Суворава. Беларускага ж клясыка — сюды, на ўскраіну запхнулі. Я лічу, што гэта ўвогуле зьдзек! Ці хаця б вось гэтую вуліцу перайменаваць. Яна ўжо забудаваная, а што за назва — Ясная, а далей ідзе Расьсьветная... Размова ж пра беларускага клясыка, паэта! Гэта ж ня проста так! Нас забудуць, а ён павінен жыць вечна, пакуль ёсьць Беларусь і беларускі народ!»

Барыс Хамайда: Беларускага клясыка — сюды, на ўскраіну запхнулі. Гэта зьдзек!

Барыс Хамайда: Беларускага клясыка — сюды, на ўскраіну запхнулі. Гэта зьдзек!

Сёньня вуліца Рыгора Барадуліна — гэта пустое месца, дзе запраектаваныя 24 участкі памерам 1 гектар пад прыватнае будаўніцтва. І ўсяго на чатыры зь іх пададзеныя заявы ад ахвотных будавацца.

Колішняя вёска Арэхава, у полі за якой можа зьявіцца вуліца Барадуліна
Колішняя вёска Арэхава, у полі за якой можа зьявіцца вуліца Барадуліна

Пляны зрабіць тут асобны раён катэджнага жытла — ужо даўнія: яшчэ ў 2013 годзе праводзілася грамадзкае абмеркаваньне праекту будучай забудовы. Але папулярным у гараджан гэтае месца ня стала.

Месца шмат, але ахвотных будавацца няма

Месца шмат, але ахвотных будавацца няма

Дарэчы, апрача вуліцы Рыгора Барадуліна, у раёне Арэхава запраектаваныя вуліцы імя Лазара Лагіна, стваральніка папулярнай казкі «Стары Хатабыч», і імя Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тараса на Парнасе». Але на сайце Віцебскага гарвыканкаму, у пераліку вольных для забудовы ўчасткаў, гэтае прозьвішча напісана па-расейску зь дзьвюма памылкамі. Што ж будзе, калі дойдзе да вулічных шыльдаў? Але загадваць так далёка не выпадае: ніводнай заявы ад ахвотных займець тут жытло дагэтуль няма.

Хто такі «Верініцын»?

Хто такі «Верініцын»?

Вуліца Рыгора Барадуліна, хоць у праекце, першай зьявілася ў Віцебску. Летась у ліпені на малой радзіме паэта, у Вушачах, мясцовыя ўлады абяцалі перайменаваць у гонар Барадуліна Школьную вуліцу. Але гэтага так і не адбылося. На Школьнай вуліцы стаіць хата дзядзькі Рыгора, і мясцовыя жыхары вельмі прыхільна паставіліся да ініцыятывы перайменаваньня А ў Вушацкім райвыканкаме кажуць, што «перадумалі»: замест перайменаваньня вырашылі надаць імя паэта земляка якой-небудзь новай вуліцы ў райцэнтры. Калі гэта будзе — ніхто ня кажа. Не ўвасобілася ў жыцьцё і наданьне імені Рыгора Барадуліна вушацкай школе. Гэта другое няспраўджанае абяцаньне, дадзенае ўладамі летась. Тады на сайце Віцебскага аблвыканкаму зьявілася паведамленьне, што ва Ўшачах гатовыя ўшанаваць памяць Барадуліна ў адказ на шматлікія звароты і просьбы жыхароў Віцебшчыны. Цяпер гэтая абвестка зьнікла з сайту аблвыканкаму.

XS
SM
MD
LG