Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Гомелі: «Жанчыну — у прэзыдэнты, а кандыдаты-пэнсіянэры няхай унукаў гадуюць »


«Ці зьбіраецеся вы галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах? Што ведаеце пра супернікаў Лукашэнкі?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Жанчына ў гадах: «Усіх ведаю. Буду галасаваць за Лукашэнку. Мне падаецца, што супернікаў яму няма. Чаму? Ды таму, што ён вядзе правільную палітыку. Няхай мізэрныя заробкі, але ёсьць яны. І ціха — мы жывём спакойна. Я толькі за гэта. А прыйдуць новыя — я ня ведаю, што будзе. Пакуль яны асвояцца, зноў час пройдзе. І зноў — стопар».

Інвалід: «Ведаю, канечне — Гайдукевіч, Лукашэнка, жанчына, па-мойму, Караткевіч яе прозьвішча. Падаецца, чатыры кандыдаты. Але пасьля 2005 году я на выбары не хаджу. Пры цяперашняй нашай уладзе я ня толькі не набыў, а нават страціў тое, што пры Савецкім Саюзе нажыў».

Пэнсіянэрка з хадулямі: «Там ёсьць Гайдукевіч... Але я за Лукашэнку. Да пэнсіянэраў ён ставіцца так, як і павінен прэзыдэнт ставіцца. Пэнсіі маёй на мяне адну хапае — тры з паловай мільёны».

Мужчына сталага ўзросту: «Канечне, ведаю — Караткевіч, Улаховіч і — як там яго прозьвішча? — здаецца, Хадкевіч. Жанчына больш за ўсё зацікавіла. За жанчыну! Трэба мяняць Лукашэнку, хоць ён і зрабіў шмат добрага. А калі зрабіў, то трэба прыгожа сысьці. Што за справы такія? Гэта ж не па-эўрапейску! Мы ж эўрапейская краіна і павінны прытрымлівацца нармальных законаў. А маладая дзеўка — яна ж па-новаму думае!»

Маладая жанчына: «Пайду, дакладна вырашыла. Вельмі мяне зацікавіла жанчына, прозьвішча яе заканчваецца на »-іч". Абаяльная жанчына, праграма яе мяне зацікавіла. Я пакуль думаю, але галасаваць пайду. Выбары важныя, і рашэньне прымаць нам«.

Жанчына сярэдніх гадоў: «Пайду на выбары, а куды ж дзявацца. Кандыдатаў, здаецца, трое — жанчына і двое мужчын. Але прозьвішчы я ня памятаю, бо не вывучала канкрэтна».

Мужчына з вусамі: «Усіх ведаю — Караткевіч, Улаховіч, лібэрал наш, Лукашэнка. Пачытаю праграмы і падумаю».

Жанчына, якая сьпяшалася: «Я ведаю ўсіх кандыдатаў, але буду галасаваць за аднаго. Цяпер мяняць нічога нельга. Калі на зямлі крыху супакоіцца, тады й можна».

Маладая дзяўчына: «А я нікога ня ведаю — няма каго наагул выбіраць».

Студэнт: «Не цікавіўся, не глядзеў. Я чуў, што ёсьць жанчына, мужчыны — абмяркоўвалі ва ўнівэрсытэце. Але імёны, прозьвішчы — ня ведаю такіх падрабязнасьцяў».

Пэнсіянэрка са стажам: «Пойдзем за Караткевіч! Чым спадабалася? Трэба жанчына — у Нямеччыне жанчына, у Францыі жанчына, у Літве жанчына. А іншых кандыдатаў я ня ведаю, бо яны старыя — няхай ужо на пэнсіі сядзяць. Няхай працуюць маладыя! Маладым наагул няма дзе ўладкавацца. У мяне ўнучка эканаміст, інстытут скончыла, а працы няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG