Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, што цяпер творыцца, — гэта не найгоршае. Будзе яшчэ горш» — гавораць магілёўцы


«Якую б ацэнку вы паставілі ўладзе за яе эканамічную палітыку? Чаму?». Адказваюць жыхары Магілёва.

Спадар: «Тройка. Разрыў улады і народу існуе. Пакуль сытуацыя не выходзіць на ўзровень канфлікту — проста ігнаруецца. Прэзыдэнт выходзіць на рынак і на ім рашае пытаньні. Выбачайце — гэта нонсэнс наагул. Прамежкавыя зьвёны ўлады не працуюць наагул. Усе баяцца. Кожны глядзіць, што скажуць зьверху».

Спадар сталага веку: «На тройку. Мала аддаецца ўвагі пэнсіянэрам. Аднаму на пэнсію пражыць дужа цяжка. Хутка ж, здаецца, выбары прэзыдэнта. Кандыдатураў іншых няма. Мы іх ня ведаем, акрамя нашага «бацькі».

Малады спадар: «Зыходзячы з таго, што ўзровень падае, сытуацыя на прадпрыемствах з заробкамі, колькасьць працоўных дзён падае да чатырох на тыдзень — ацаніў бы гэта балы на тры па дзесяцібальнай шкале».

Спадар: «Тройка. Укладаньне грошай у сельскую гаспадарку мне дужа не падабаецца. Гэта іх закопваньне без аддачы. А разьвіцьцё прадпрыемстваў без нармальнага ўладальніка, зь дзяржаўным кіраваньнем ва ўмовах рынку — бессэнсоўнае. Зноў жа закопваньне, крадзеж сродкаў».

Спадар сталага веку: «Чацьвёрка цьвёрдая. Мне як пэнсіянэру на ўсё хапае, то бок я ўжо не шыкую, машыны ў мяне няма, дачы няма — на ўсё хапае пэнсіі».

Спадар: «Тры зь мінусам. Нізкі ўзровень жыцьця. Непрадказальнасьць заўтрашняга дня. Ненадзейнасьць. Мы ўсё чакаем чагосьці лепшага, а яно ўсё не прыходзіць».

Спадар: «Блізка да нуля. А што, не відаць, што ў нас робіцца навокал? У нас у Магілёве працуе „Трансмаш“ тры-чатыры дні — і ўсё затаварана. „Строммашына“ ў вялікай прастрацыі. Ліфтавы яшчэ крыху працуе. Тут мо і не віна Лукашэнкі. Расея чаго хацела, на тое і наткнулася».

Малады спадар: «На тры з паловай, бо няма асаблівай стабільнасьці. Наша валюта скача то ўверх, то ўніз. Аднак цэны стрымліваюць цяпер, то, відаць, і чацьвёрка».

Спадар: «Тройка. Ды вы і самі бачыце, які стан у насельніцтва. Я вось бачу, але выказаць словамі не магу. Дабрабыт зьмяніўся наш, прычым ня ў лепшы бок».

Малады спадар: «На дадзены момант, ну, можа чацьвёрка. Цяпер улада ідзе на нейкія саступкі, разумеючы, якія могуць быць наступствы. Спадзяемся на цуд. Што будзе ў наступным годзе, незразумела. Тое, што цяпер яшчэ творыцца, — гэта не найгоршае. Будзе яшчэ горш».

XS
SM
MD
LG