Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нармальна зарабляць у нас можна толькі, калі нейкія „левыя“ справы робіш альбо крадзеш», — гарадзенскі vox populi


Якую працу трэба цяпер мець у Беларусі, каб атрымліваць добры заробак? Каму ў Беларусі добра жывецца? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Трэба працаваць там, у капіталіста: там заробкі нашмат вышэйшыя, а цэны нашмат ніжэйшыя. Мне казалі зь дзяцінства, што капітал скруціць цябе ў барані рог, але гэтага не адбылося. А вось мае швагры працуюць тут на заводзе гандлёвага машынабудаваньня, і больш як па 5 мільёнаў ня маюць. А вось дырэктар, начальнік цэху — там ня пяць і ня дваццаць мільёнаў заробак».

Спадар: «Працаваць на рынку: купі-прадай...»

Карэспандэнт: «Але прадпрымальнікі ўжо надта скардзяцца, што немагчыма працаваць...»

Спадар: «Але ніхто адтуль не бяжыць. А нам, сілавікам, зьнялі заробак пасьля Новага году на 20%, то што казаць пра астатніх людзей! Між намі кажучы, Беларусь — фэадальная краіна, якая складаецца з кланаў, і хто кіруе кланам, таму і добра жывецца».

Спадар: «Шмат дзе можна добра зарабляць. Да прыкладу праграмістамі, калі добры спэцыяліст-мэдык, запатрабаваны ў сваёй прафэсіі, — яны добра зарабляюць».

Спадар: «Магчыма, у бізнэсе і, наколькі я ведаю, пакуль яшчэ на будоўлі. Ну, а больш? А больш толькі чыноўнікі зарабляюць».

Спадарыня: «Я нават ня ведаю, дзе цяпер можна зарабіць, бо вельмі складана наагул знайсьці працу. Я з Мастоў наагул, там таксама вельмі цяжка, то працую тут у шпіталі мэдсястрой. Прыяжджаю ў Горадню з Мастоў на працу, аддзяжуру — і назад».

Спадарыня: «Нават працуючы на добрым прадпрыемстве, як некалі ўсе рваліся на „Азот“, ужо добра не заробіш. Вельмі шмат прадпрыемстваў у горадзе банкрутуюць. Цяпер усе глядзяць на цэны ў краме».

Спадар: «Хто крадзе, той і жыве. Ну хто ў нас можа дазволіць сабе па 5 кватэраў мець? Толькі той, хто крадзе, бо сумленнай працай гэтага не заробіш. А крадзе той, хто мае доступ».

Спадар: «Я ня ведаю, як на мой розум, то нармальна зарабляць можна толькі пры ўмове, калі нейкія „левыя“ справы робіш альбо проста крадзеш. Іншага варыянту няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG