Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Але, бачачы прыклад Украіны, ужо рыхтуецца „бацька“ наш», — гарадзенскі vox populi


Ці магчымае паўтарэньне ўкраінскага сцэнара ў іншых постсавецкіх краінах, якія Расея лічыць часткай «русского мира»? Ці існуе такая пагроза для Беларусі? Чаму? Апытаньне ў Горадні.

1-шы мужчына: «Наконт небясьпекі я ня ведаю, таму што я не палітоляг, не магу вам сказаць, што ёсьць, дапусьцім, для Беларусі такая небясьпека. Я думаю, што няма. Таму што няма вялікай розьніцы паміж Захадам і Ўсходам самой Беларусі. Можа, ёсьць такая магчымасьць у іншых постсавецкіх рэспубліках, але я не магу сьцьвярджаць гэта ўпэўнена. Няхай яно там скончыцца, пад „русским миром“ ці не пад рускім, але каб не было вайны».

2-гі мужчына: «З боку Расеі? Тэарэтычна — так, усё магчыма. Але, бачачы прыклад Украіны. ужо рыхтуецца „бацька“ наш. Дарэчы, хоць я не падтрымліваю ягоную палітыку, трэба аддаць належнае, што ён хоць крыху пачынае разумець, усьведамляць — з кім ён „сябруе“».

3-ці мужчына: «Цяжкавата сказаць. Я думаю, што няма небясьпекі ў такім фармаце. Ну, я ня думаю, што ў нас такое магчыма».

1-я жанчына: «Ці магчыма? Я думаю, што так. Трэба, напэўна, штосьці прадпрымаць, штосьці рабіць. Хоць я ведаю, у мяне зяць вайсковец, пастаянна наша армія ў нейкім тонусе трымае свой патэнцыял. Ня дай Бог таго, што ва Ўкраіне чыніцца. Ведаеце што: нават ня верыцца, што гэта зусім побач, зусім недалёка».

4-ты мужчына: «Можа, ня будзе такога сцэнару, як ва Ўкраіне, у нас».

2-я жанчына: «Нічога такога ня будзе. Чаму павінна быць? У нас, мне здаецца, людзі цалкам адэкватныя. Ва Ўкраіне больш амбітныя людзі і бязмозглыя, я лічу. У Беларусі больш жывуць нармальныя людзі, я так лічу, па сабе мяркую. Трэба разважаць лягічна: калі гэта трэба камусьці адмыць грошы, то калі ласка, няхай мыюць у сябе там у ваннах залатых, а ў нас усё ў парадку».

5-ты мужчына: «Канечне, я лічу, што магчыма. Расея аказвае вельмі вялікі ўплыў на ўсе навакольныя краіны. Таму ўсё магчыма».

6-ты мужчына: «Канечне, ёсьць небясьпека. Вайна ёсьць вайна, чым скончыцца —невядома яшчэ. Сказаць складана, што там далей будзе».

7-мы мужчына: «Я думаю, што не. Ну, прэзыдэнт у нас больш-менш такі, што ня дасьць народ у крыўду. Павінны, па ідэі, стрымаць націск».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG