Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запавет Барыса Нямцова


Праваабаронца, старшыня расейскага таварыства «Мэмарыял» Сяргей Кавалёў і сябра палітрады Партыі народнай Свабоды (РПР-ПАРНАС) Ільля Яшын у эфіры рускай службы Радыё Свабода абмяркоўваюць апошнія палітычныя ідэі Барыса Нямцова. Вядзе перадачу Міхаіл Сакалоў.

Міхаіл Сакалоў: ...Я хачу пагаварыць у нейкім сэнсе пра запавет Барыса Нямцова, нашага сябра. Справа ў тым, што ў сваіх апошніх выступах, у тым ліку і на Радыё Свабода, Барыс казаў пра пляны апазыцыі, пра тое, што яна можа рабіць, як павінна дзейнічаць і гэтак далей. Я прыгадаў, што калісьці расейскі дыктатар Уладзімер Пуцін, дыктатар у рангу прэзыдэнта, паскардзіўся на тое, што ён ня можа пагаварыць з Махатма Гандзі. Калі Ўладзімер Пуцін адправіцца на той сьвет, у яго, магчыма, будзе шанец пагутарыць з Барысам Нямцовым. Пры жыцьці апошнія гады ён зь Нямцовым не размаўляў, хоць менавіта Нямцоў выступаў цалкам у духу Гандзі аб негвалтоўным супраціве тым людзям, на чале з Уладзімерам Пуціным, якія акупавалі Расею... Я, дарэчы, нагадаю, у Індыі супраціў прыхільнікаў Гандзі калянізатарам суправаджалася, хоць і негвалтоўнымі, але масавымі ахвярамі. Індыйцаў каляніяльная паліцыя забівала падчас страйкаў, падчас акцый пратэсту. У гэтым сэнсе супраціў Барыса Нямцова і яго таварышаў быў куды больш гандзійскім, чым у самога Гандзі. Ці будзе яно такім далей, Ільля?

Ільля Яшын: Я вельмі спадзяюся, што ён будзе менавіта такім далей. Таму што ўсе апошнія падзеі і канкрэтныя эпізоды, і ўся лёгіка разьвіцьця палітычнага канфлікту ўнутры нашай краіны вядуць да грамадзянскай вайны, калі называць рэчы сваімі імёнамі. Усё па вялікім рахунку ідзе да маштабнай грамадзянскай канфрантацыі. Улада робіць усё для таго, каб падзяліць грамадзтва на сваіх і чужых, на ворагаў Расеі і прыхільнікаў прэзыдэнта, на прыхільнікаў ўмоўнага Майдана і Антымайдан. Уся палітыка Пуціна на працягу апошніх гадоў — гэта сутыкненьні ілбамі розных частак грамадзтва. Мы не хацелі б такога сцэнару для нашай краіны. Мы былі, застаёмся і застанемся прыхільнікамі мірных пасьлядоўных пераменаў у нашай краіне. Мы выдатна разумеем, што калі заўтра здарыцца крывавы бунт, які правакуе Пуцін, наўрад ці гэта прывядзе да таго, што Расея стане той дзяржавай, аб якой марыў Нямцоў, за якую ён аддаў сваё жыцьцё, пра якую мы ўсе марым, пра якую мараць дзясяткі тысяч людзей, якія выйшлі ўшанаваць яго памяць. Хутчэй за ўсё, гэта прывядзе да яшчэ большай дыктатуры. Таму трэба рухацца, хай павольна, але вельмі пасьлядоўна да таго, каб Расея стала нармальнай цывілізаванай эўрапейскай дзяржавай, нават калі за гэта прыходзіцца плаціць такую страшную цану.

Міхаіл Сакалоў: Яны, прынамсі, сваёй прапагандай, можна сказаць, забіваюць. Палітычнае забойства, заказваў яго Пуцін, як мяркуюць адны, ці не заказваў, або яго пажаданьне споўнілася, або хтосьці ў гэтай атмасфэры тэлевізійнага гвалту вырашыў прачытаць нейкія думкі ўладаў, але, тым ня менш, факт, што адзін з прызнаных лідэраў апазыцыі забіты. Што цяпер рабіць апазыцыі?

Сяргей Кавалёў: Я б сказаў, што забойцаў няма чаго шукаць, яны пазначаныя вельмі выразна — гэта тая вярхушка палітычная, якая стварыла атмасфэру шаленства ў краіне. Тут ужо ўсё роўна, меўся заказ ад спэцслужбаў ці не — гэта трэба было б судовым органам старанна праверыць. Але я дапускаю, што ніякага заказу не было. Гэта вынік разьвязанай сьвядома, мэтанакіравана разьвязанай істэрыі. Так што гаворка аб асноўных заказчыках недарэчная, яны ўсім бачныя. Я б хацеў захаваць аптымізм. Зразумела, я ні ў якой меры не прыхільнік грамадзянскай вайны і рускага бунту, бессэнсоўнага і бязьлітаснага, іншым ён, мабыць, сёньня ня можа быць. Ці ёсьць шанцы на тое, каб пайсьці шляхам нашых ўсходнеэўрапейскіх калегаў і братоў? Некаторы шанец ёьсць. Шчыра прызнаюся, ён уяўляецца мне ня вельмі вялікім.

Калі я меў шчасьце і гонар вельмі блізка мець адносіны з Андрэем Дзьмітрыевічам Сахаравым, я ня раз задумваўся аб нейкай фантазіі. Сярод каля ста, прынамсі, акадэмікаў, якія на самай справе займаліся сумленнай навукай і, на самай справе, ўнесьлі ў гэтую навуку вялікі ўклад, знайшоўся адзін. Уявіце сабе, што ў гэтай сотні знайшлося б яшчэ 15, а яшчэ лепш 20 такіх, як Андрэй Дзьмітрыевіч Сахараў, хай і не такіх рашучых, але людзей ўпартых ў сваёй прыстойнасьці. Я думаю, што гісторыя краіны магла б пайсьці па-іншаму. Малаверагодна, каб усіх разаслалі ў Горкі, Чалябінск і куды-небудзь яшчэ. Гэта ня вельмі верагодна. А потым, калі ёсьць такія людзі, то тады вакол іх зьбіраюцца людзі, скажам, майго маштабу, людзі добрасумленныя і сьмелыя, але не кандыдаты на Нобэлеўскую прэмію. Гэтых людзей у акадэміі тысячы, і з гэтым цяжка што-небудзь зрабіць. Што мы назіраем сёньня сярод інтэлектуальна бездакорных людзей, я ня стану называць імёнаў, усе ведаюць гэтых пісьменьнікаў, драматургаў, кінасцэнарыстаў і кінарэжысёраў, вельмі таленавітых музыкантаў, сьпевакоў і драматычных артыстаў, якія ўсё стаяць у позе падпарадкаваньня, усе ляжаць на пузе. Вось пытаньне. Усё ж цяпер вельмі дрэнна ў Расеі, цяпер наступіў таталітарызм. Давайце больш не ўжываць слова «аўтарытарызм» — гэта ўжо пройдзены этап. Дык вось, тым ня менш, няма масавага тэрору, няма масавых пасадак і ёсьць надзея, што гэта не адбудзецца, але гэта залежыць ад нас. Пытаньне: ці мы гатовыя да мірнай палітычнай эвалюцыі, выдатна разумеючы, што мэта яе — зьмена ўлады? Гатовыя ці не? Я не магу адказаць на гэтае пытаньне дакладна...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG