Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму, 17 сакавіка 1991 году, адбыўся рэфэрэндум аб захаваньні Савецкага Саюзу. Да распаду СССР заставалася 9 месяцаў.

Свабода ўзгадвае 10 ужо забытых фактаў пра гэтае апытаньне.

1. У Беларусі вынік быў вышэйшы, чым па СССР

Афіцыйныя дадзеныя пра вынікі рэфэрэндуму па Беларусі былі наступныя:

«За» захаваньне СССР у абноўленым выглядзе — 5.069.313 выбарцаў, або 82,6%.

«Супраць» — 986.079, або 16,1%.

Па СССР у цэлым прыхільнікаў захаваньня Савецкага Саюзу было меней:

«За» Саюз — 113.512.812, або 77,85%.

«Супраць» Саюзу — 32.303.977, або 22,15%.

2. Беларускія лічбы зь іншага пункту гледжаньня

У Беларусі колькасьць прыхільнікаў захаваньня СССР сярод тых, хто меў права голасу, вагалася на мяжы паловы і склала крыху больш за 52 адсоткі (на ўчасткі прыйшлі 63,5 адсотка грамадзян, якія мелі права голасу, зь іх прагаласавалі «за» — 82,6%. У Менску супраць Саюзу выказаліся 32%).

Высьветлілася, што вельмі многія ўдзельнікі рэфэрэндуму галасавалі невядома за што. Паводле сацыялягічных апытаньняў, з тых, хто сказаў на рэфэрэндуме «так», толькі 6% мелі ўяўленьне пра праект Саюзнай дамовы, які быў прапанаваны Гарбачовым.

3. Рэфэрэндум у Беларусі прызначылі незаконна

Гэта зрабіў не Вярхоўны Савет, а толькі яго прэзыдыюм, прычым нават не на сваім паседжаньні, а праз апытаньне яго сябраў.

4. Плебісцыт з аднабаковай агітацыяй

Закон аб рэфэрэндуме СССР гарантаваў «грамадзянам СССР, палітычным партыям, масавым рухам права бесьперашкоднай агітацыі за альбо супраць рашэньня, якое выносіцца на рэфэрэндум».

У рэальнасьці гэты пункт закону не выконваўся — апанэнты голасу ня мелі.

5. У розных рэспубліках — па-рознаму

СССР у новым выглядзе падтрымалі выбарцы ў Азэрбайджане, Беларусі, Казахстане, Кіргізстане, Расеі, Таджыкістане, Туркмэніі, Узбэкістане, Украіне.

Не падтрымалі праз байкот рэфэрэндуму альбо празь іншыя формы — у Армэніі, Грузіі, Латвіі, Літве, Малдове, Эстоніі.

Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў галасуе на рэфэрэндуме 17 сакавіка 1991 году

Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў галасуе на рэфэрэндуме 17 сакавіка 1991 году

6. Рэфэрэндум першы і апошні

За ўвесь час існаваньня Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік да 17 сакавіка 1991 году ўсесаюзны рэфэрэндум ніколі не праводзіўся.

7. Рэфэрэндум ініцыяваў Гарбачоў «па просьбе працоўных»

Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ініцыяваў і настойліва патрабаваў правядзеньня рэфэрэндуму аб пытаньні захаваньня «абноўленага Саюзу як фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік».

Пра гэта ведалі ўсе, паколькі паседжаньні Зьездаў народных дэпутатаў тады трансьляваліся па ўсёй краіне. Але, згодна з савецкімі камуністычнымі традыцыямі, ініцыятыву ўсенароднага апытаньня пераклалі на працоўных — «у сувязі са шматлікімі зваротамі працоўных, якія выказваюць заклапочанасьць наконт лёсу Саюзу ССР...».

8. Пытаньняў магло быць два

Першапачаткова Гарбачоў прапаноўваў, акрамя пытаньня аб абноўленым СССР, вынесьці на рэфэрэндум яшчэ і пытаньне пра прыватную ўласнасьць на зямлю. Народныя дэпутаты нават прагаласавалі за тое, каб пытаньняў было два. Аднак затым Гарбачоў папрасіў зьняць зямельнае пытаньне. Таму ў бюлетэнях захавалася толькі адно пытаньне:

«Ці лічыце Вы неабходным захаваньне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці?».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG