Фінансавая пракуратура Францыі пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да жонкі кандыдата ў прэзыдэнты ад правацэнтрыстаў Франсуа Фіёна. Разглядам доказаў будуць займацца адмыслова ўпаўнаважаныя сьледчыя судзьдзі, піша газэта Le Parisien.
У канцы студзеня францускія СМІ паведамілі пра тое, што жонка Фіёна Пэнэлёпа фіктыўна лічылася памочнікам дэпутата парлямэнту, не выконваючы ніякай працы, але атрымліваючы зарплату. Фіён абверг гэтыя абвінавачваньні, але з-за скандалу ягоная папулярнасьць зьнізілася. Пасьля гэтага рэйтынг Фіёна рэзка ўпаў, і фаварытам прэзыдэнцкай гонкі стаў незалежны кандыдат Эмануэль Макрон.
Паводле апошніх апытаньняў (24 лютага), у прэзыдэнцкай гонцы на першым месцы па-ранейшаму лідэр ультраправай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн (26 працэнтаў галасоў), на другім — кандыдат-цэнтрыст Эманнуэль Макрон (23 працэнты), на трэцім — Фіён (21 працэнт). У другім туры, паводле апытаньняў, і Макрон, і Фіён пакуль ўпэўнена перамагаюць Лё Пэн.