Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 11 гадоў «Вольнае Глыбокае» вярнулі ў падпіску. «Падпіска мала на што цяпер уплывае», — Уладзімер Скрабатун


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У падпісныя каталёгі на другое паўгодзьдзе ўключана незалежнае выданьне «Вольнае Глыбокае». На газэту зноў можна аформіць падпіску: на 6 месяцаў гэта каштуе 23 рублі 76 капеек.

11 гадоў таму, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, усе паштовыя аддзяленьні скасавалі дамовы з газэтай. Аднак некалькі год запар 40 асобнікаў газэты распаўсюджваліся праз кіёскі «Віцебскаблсаюздруку».

У размове з карэспандэнтам Свабоды галоўны рэдактар «Вольнага Глыбокага» Ўладзімер Скрабатун сказаў, што 11 гадоў таму выключэньне газэты з падпіснога каталёга ініцыявала «Белпошта».

«Тады нават прыехалі ў Глыбокае, каб наагул газэту зачынілі. Ня ведаю, чаму гэта ініцыявала „Белпошта“, але такое было. Сказалі, антыпрэзыдэнцкая газэта. Я прасіў паказаць хоць адзін антыпрэзыдэнцкі артыкул, дык ніхто ж не паказаў. Але ўлады глыбоцкія не пагадзіліся зачыніць».

Якія цяпер пэрспэктывы мае «Вольнае Глыбокае», калі на газэту зноў вярнулі падпіску?

«Падпіска мала на што цяпер уплывае. У людзей няма грошай, у вёсках пазачынялі паштовыя аддзяленьні. Я нават ня ведаю, дзе цяпер людзі могуць газэту выпісаць і нават даведацца, што яе можна выпісаць. Калі цяпер па вёсках езьдзяць мабільныя пошты і раскідваюць лісты па скрынях. Цяпер жа зусім іншая сытуацыя. У вёсках людзі ня будуць ведаць, што газэту можна выпісаць», — сказаў Уладзімер Скрабатун.

Уладзімер Скрабатун
Уладзімер Скрабатун

Раней «Вольнае Глыбокае» мела наклад 3,5 тысячы асобнікаў, зь іх 2,4 тысячы складала падпіска.

«Было б больш, бо мы тады заключылі дамовы з Полацкам і Наваполацкам, дзе жыве многа глыбачан. І мы на гэта разьлічвалі, — сказаў Уладзімер Скрабатун. — Навошта газэту наагул выкідвалі з падпіскі, гэта мне не зразумела. А тое, што вярнулі... Я думаю, што дзякуючы Сярэдзічу», — сказаў спадар Уладзімер.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся сёлета ў лютым з галоўным рэдактарам газэты «Народная Воля» Ёсіфам Сярэдзічам, паабяцаў, што праблемы з распаўсюдам незалежных і рэгіянальных газэт праз пошту і шапікі «Белсаюздруку» больш ня будзе. Сярод выданьняў, якім вярнулі доступ да шапікаў і пошты — «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», Intex-press, «Новы час», «Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета» і «ARCHE. Пачатак».

Некалькі дзён таму стала вядома, што ў падпісныя каталёгі вярнулі і незалежны тыднёвік «Свободные новости плюс» — праз 14 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG