Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касмэтычкі я прынесла паслу Расеі, — Нікалайчык


Вольга Нікалайчык

Вольга Нікалайчык

Актывістак Вольгу Нікалайчык і Кацярыну Садоўскую, затрыманых каля расейскай амбасады, трымаюць у Цэнтральным РУУС Менску.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды распавяла праз тэлефон з пастарунку Вольга Нікалайчык.

«Стаім у „гадзюшніку“, дзе ўсе затрыманыя знаходзяцца. Папрасіла, каб нас вывелі ў прыбіральню, сказалі: „Чакайце“. А ў Садоўскай жа цукроўка, у яе хворыя ныркі».

Карэспандэнт: «А чаму вас затрымалі?»

Нікалайчык: «Я ня ведаю. Мы прыйшлі да расейскай амбасады, каб пагаварыць і абурыцца, што па нашай тэрыторыі езьдзяць са сьцягамі з краіны, якую Ўкраіна і ўвесь сьвет прызнаў акупантам. А яны вольна езьдзяць па нашай краіне з лёзунгамі „Крым наш“, „Менск наш!“ Мы прыйшлі пагаварыць з расейскімі дыпляматамі, але да нас ніхто ня выйшаў. Дык я вырашыла паслу Сурыкаву пакінуць падарунак, сумачку склала. Але ён ня выйшаў. А Садоўская як праваабаронца назірала за тым, што адбываецца. Яе забралі, і я таксама ня ведаю, чаму».

Карэспандэнт: «А той падарунак дзе дзеўся, тая касмэтычка, якую вы прынесьлі?»

Нікалайчык: «Яна цяпер з намі. Гэты падарунак з намі ў пастарунку. Выклікалі на нас супрацоўнікаў міліцыі, яны забралі нас, касмэтычкі і прывезьлі ў РУУС. Што далей будзе, ня ведаем. Ужо сказалі, маўляў, рыхтуйцеся мінімум на пяць сутак. Ну, нам жа не прывыкаць. Проста ў Садоўскай чалавечы інсулін дома застаўся. У мяне пашпарт у парадку, усё роўна трымаюць. Пратаколаў ніякіх не складалі, нічога не тлумачаць. Хто што каму тлумачыць у бяспраўнай краіне?!»

Ужо сказалі, маўляў, рыхтуйцеся мінімум на пяць сутак. Ну, нам жа не прывыкаць

Вольга Нікалайчык назвала сваё затрыманьне парушэньнем правоў чалавека.

«Што я парушыла? Я ў сваёй краіне, я вольны чалавек. Ужо дыхаць хутка нельга будзе».

Вольга Нікалайчык кажа, што Кацярыне Садоўскай можа стаць кепска, бо ёй патрэбна ўвесь час харчавацца, каб ня падаў цукар у крыві. Яна ня мае з сабой інсуліну.

Да амбасады Расейскай Фэдэрацыі грамадзкія актывісткі прыйшлі, абурыўшыся мотапрабегам па Беларусі пуцінскіх «Начных ваўкоў», якія зь беларускай тэрыторыі імкнуліся трапіць у Польшчу і Нямеччыну. Яны прынесьлі пад амбасаду адмысловы «чамадан-касмэтычку» з эмблемай «Начных ваўкоў» і надпісам «Забярыце касмэтычку», якую нібыта забыліся байкеры на мяжы. У сацыяльных сетках высьмеялі расейскіх байкераў, якія паскардзіліся, што польскія памежнікі «абшуквалі старанна, кожную шкарпэтку і кожную касмэтычку».

XS
SM
MD
LG