Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд адмяніў арышт Вольгі Мікалайчык за касмэтычку «Начных ваўкоў»


Вольга Мікалайчык, архіўнае фота

Вольга Мікалайчык, архіўнае фота

Адмененае пакараньне ў выглядзе 13 сутак арышту, якое 26 траўня вынес Цэнтральны раённы суд актывістцы Вользе Мікалайчык за акцыю каля расейскай амбасады. Рашэньне аб адмене пастановы прыняў судзьдзя Менскага гарадзкога суду Максім Лабко. Судзьдзя адправіў адміністрацыйную справу Вольгі Мікалайчык на новы разгляд у той жа суд Цэнтральнага раёну Менску.

29 красавіка рэжысэр Вольга Мікалайчык і праваабаронца Кацярына Садоўская прынесьлі да амбасады Расеі ў Менску «касмэтычку для „Начных ваўкоў“». Гэтак жанчыны назвалі набор жаночых сродкаў для ўпрыгожваньня, які зьбіраліся перадаць расейскім рокерам з групы «Начныя ваўкі».

Напярэдадні рокеры з гэтай групы падчас прапагандысцкай акцыі праехалі празь Беларусь, і з памежнага пераходу ў Берасьці адзін зь іх паслаў sms, што польскія памежнікі «абшукалі іх матацыклы ўключна з касмэтычкамі». Паводле Мікалайчык і Садоўскай, праз такі іранічны падарунак яны зьбіраліся выказаць пратэст супроць дзеяньняў актывістаў «русского мира».

Аднак супрацоўнікі амбасады Расеі да Вольгі Мікалайчык і Кацярыны Садоўскай ня выйшлі, а міліцыянт, які ахоўваў будынак, затрымаў жанчын на той падставе, што яны нібыта «брыдкасловілі, не выконвалі ягоныя законныя патрабаваньні, у тым ліку клаліся на зямлю».

Вольгу Мікалайчык пад арышт у залі суду не ўзялі, і жанчына адразу накіравала скаргу ў Менскі гарадзкі суд. У тым ліку актывістка запатрабавала прагледзець відэа падзеяў 29 красавіка, зьнятае на відэакамэры, якія ўсталяваныя на амбасадзе.

«Сёньня судзьдзя Лабко прагледзеў відэа, на якім добра бачна, што на зямлю мы ня клаліся і не брыдкасловілі. І стала зразумела, што нічога мы не парушалі. Таму лягічна, што тое ганебнае рашэньне давялося адмяніць. Але гэтак жа мусіў прагледзіць відэа з амбасады і судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Міхаіл Хома, які чамусьці гэтага ня стаў рабіць. Спадзяюся, паўторны разгляд маёй справы будзе гэткі ж пасьпяховы, як і разгляд скаргі», — сказала пасьля паседжаньня ў Менскім гарадзкім судзе Вольга Мікалайчык.

Пасьля акцыі 29 красавіка міліцыянты забралі ў Вольгі Мікалайчык пашпарт і не вярталі амаль 3 месяцы. Толькі днямі актывістцы ўдалося вярнуць дакумэнт.

Праваабаронцы Кацярыне Садоўскай за тыя ж падзеі каля амбасады Расеі прысудзілі штраф у 60 базавых адзінак. Яе касацыйную скаргу суд увогуле не прыняў, спаслаўшыся на фармальныя прычыны. Праваабаронца Кацярына Садоўская зьвярнулася з заявай у пракуратуру і Вярхоўны суд Беларусі і дагэтуль працягвае спробы таксама аспрэчыць рашэньне Цэнтральнага раённага суду Менску.

XS
SM
MD
LG