Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянт парваў Канстытуцыю Беларусі на кавалкі» — Вольга Мікалайчык пра арышт і парадкі на Акрэсьціна


Вольга Мікалайчык, архіўнае фота

4 красавіка выйшла на волю пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту рэжысэр дакумэнтальнага кіно, грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык.

Пра што б вы зьнялі кіно паводле падзей 25 сакавіка і наступнага арышту на Акрэсьціна? — спытаў карэспандэнт Свабоды ў рэжысэра. Вольга Мікалайчык пералічыла самыя запамінальныя эпізоды мінулых 10 дзён.

Пра годнасьць простых беларусаў

«Ключавой тэмай майго фільму была б мужнасьць і годнасьць простых беларусаў», — кажа Вольга Мікалайчык і пералічвае людзей, зь якімі разам сядзела на Акрэсьціна.

«Выхавацелька дзіцячага садку, маці 4 дзяцей, якая заклікала амапаўцаў ня біць людзей, а яе схапілі і потым павезьлі ад нас судзіць.

Яшчэ была такая Марыя Кастылянчанка, якой нават не было на акцыі, а да яе ўварваліся ў хату і пачалі ламаць дзьверы.

Альбо Люда з „Амкадору“, якая расказала дзіўную гісторыю пра абыходжаньне міліцыянта з Канстытуцый Беларусі. У Люды з сабой была гэтая кніжка, апошняга выданьня, у чырвона-зялёнай вокладцы. Люду прывезьлі ў Заводзкі РУУС, пратрымалі там на холадзе некалькі гадзін у двары, і тады яна дастала кніжку з Канстытуцыяй ды пачала зачытваць міліцыянтам той артыкул, які гарантуе людзям свабоду сходаў.

Дык міліцыянт падскочыў да яе, выхапіў і ўва ўсіх на вачах парваў кніжку на кавалкі. Во які!

Альбо была са мной, калі затрымлівалі на плошчы Калініна, Натальля Бордак. Мы на вачах міліцыянтаў разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, каб іншым было бачна, да каго гуртавацца, але нам не далі пастаяць і 30 сэкундаў, як напалі і, пхаючы ў сьпіны, пацягнулі ў аўтобус.

Я бачыла там простых людзей: моладзь, пэнсіянэраў, якія не пабаяліся сталінскай лукашэнкаўскай турмы, выйшлі на Дзень Вол

На Акрэсьціна цяпер вельмі жорстка, нават на „Валадарцы“ лепей. Але я бачыла там простых людзей: моладзь, пэнсіянэраў, якія не пабаяліся сталінскай лукашэнкаўскай турмы, выйшлі на Дзень Волі.

У Курапатах мы баронім памяць, на Дзень Волі — баронім годнасьць. Вось пра гэтых беларусаў я б зьняла фільм».

Пра антысанітарыю на Акрэсьціна

Апошнім разам Вольга Мікалайчык сядзела на Акрэсьціна паўтара года таму. Кажа, што з таго часу ўмовы ў турме зьмяніліся ў горшы бок. Тое, што арыштантам выдалі пасьцельную бялізну, кажа Вольга, ня лічыцца, бо гэта толькі да Дня Волі. «Вас выпусьцяць і бялізну адбяруць», — казалі раней затрыманыя «хуліганы» Акрэсьціна.

«Ручнікоў як не давалі, гэтак і цяпер не выдаюць. Цяжкасьці з уласнай гігіенай таксама засталіся. Да гэтага варта дадаць антысанітарныя ўмовы прыняцьця ежы», — кажа спадарыня Мікалайчык і тлумачыць:

«Мы ўсе ў нашай камэры пакутавалі ад дыярэі — хваробы страўніка. На пачатку майго тэрміну гэта было, потым крыху лепш, потым зноў. У чым прычына? Я прааналізавала і зразумела: прычына ў тым, у якіх умовах і як мыюць посуд, якім мы карыстаемся.

У ЦІПе (цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў) ёсьць пасудамыйная машына, але ў нашым ІЧУ (ізалятары часовага ўтрыманьня), дзе я сядзела, такой машыны няма. Свой посуд вязьні пасьля прыняцьця ежы мыюць самі ледзь цёплай вадой з-пад крана і складаюць у ракавіну. Там жа, дарэчы, мусяць мыць тыя ж шкарпэткі ды рознае, бо іншага месца няма. Пасьля яды гэты посуд забіраюць, складаючы талерка ў талерку, і наступным разам нам выдаюць ужо зь ежай. Але бачна, што яго дадаткова ня мыюць, лыжкі могуць трапіцца з засохлай кашай. Вось адсюль і дыярэя. Страшэнная рэч! Адна жанчына ў нашай камэры мусіла прасіць дапамогі лекараў, бо ўжо ледзь трымалася на нагах. Мы пра гэта казалі адміністрацыі, але яны на гэта не адрэагавалі».

Пра тое, як не давалі пісаць скаргі

Асобная тэма — стаўленьне ахоўнікаў да правоў вязьняў. У тым ліку да права скардзіцца і аспрэчваць тыя ці іншыя дзеяньні і рашэньні адміністрацыі. «Гучыць нібыта па-дзіцячы — у нас адабралі асадкі — але за гэтым стаіць тое, што забіраюць апошняе права на змаганьне», — кажа Вольга Мікалайчык.

Убачыла, у якой цывілізацыйнай прорве апынулася наша дзяржава, калі да чалавека ставяцца проста як да нейкай істоты без імя

Паводле Вольгі Мікалайчык, у яе камэры ахоўнікі праводзілі адмысловыя вобшукі, каб пазабіраць у вязьняў асадкі.

«Канвэртаў таксама не выдаюць, паперы пісаць скаргі няма. Мы спрабавалі пісаць нейкія скаргі на лісьціках з нататнічкаў, якія нам з волі ўдавалася атрымаць. Але які іх лёс?»

Як Вольга Мікалайчык ацаніла цяперашняе стаўленьне пэрсаналу вязьніцы на Акрэсьціна да вязьняў?

«Рознае, але пераважна хамскае і варожае, як да нелюдзяў. Час ад часу трапляліся людзі з нармальным стаўленьнем. Была жанчына на раздачы ежы, таксама міліцыянтка, якая зьвярталася да нас па-добраму, магла нешта прапанаваць і параіць, але астатнія — жах! На „ты“, з мацюкамі, з прыніжальнымі словамі. Бачна, што паводле службы ад іх ніхто не патрабуе культурнага абыходжаньня зь вязьнямі, таму і такое стаўленьне», — кажа Вольга Мікалайчык.

Свае новыя ўражаньні ад 10 сутак на Акрэсьціна Вольга Мікалайчык падсумавала гэтак:

«Убачыла, у якой цывілізацыйнай прорве апынулася наша дзяржава, калі да чалавека ставяцца проста як да нейкай істоты без імя, аб якую можна выцерці ногі і нічога табе за гэта ня будзе. Бо беспакаранасьць. Таму я б здымала фільм пра беспакаранасьць адных і пра чалавечую годнасьць другіх, якія не спалохаліся турмы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG