Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Грунова: Мяне пакаралі разам з сынам


Вольга Грунова

Вольга Грунова

27 лютага ў Гомелі падчас адкрыцьця выставы плякатаў «Шэсць аргумэнтаў супраць смяротнага пакарання» Вольга Грунова, маці растралянага Аляксандра Грунова, падпісала індывідуальную скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Яна просіць прызнаць факт парушэння яе правоў з боку беларускіх уладаў. Летась у кастрычніку сын Груновай Аляксандар па выраку суду быў расстраляны — за асабліва жорсткае забойства гомельскай студэнткі. Яго маці зьвярталася ў вышэйшыя ўладныя структуры, каб даведацца, дзе пахаваны сын — згодная была забраць цела і перапахаваць побач з бацькам, вэтэранам вайны, гвалтоўна забітым невядомымі асобамі.

Груновай адказвалі — гэта немагчыма, бо абмежавана артыкулам 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу дзеля, як сказана, «забесьпячэньня грамадзкага парадку і абароны маральнасьці, паколькі інфармацыя пра месца пахаваньня пакаранага можа справакаваць нэгатыўныя наступствы і пацягнуць іншыя эксцэсы».

«Пакаралі сына і пакаралі мяне, бо я цяпер пакутую, мучуся, ня сплю па начах, паколькі не магу прыйсьці й паплакаць на магіле сына. Ад таго, што ён забіў дзяўчыну, ён не перастаў быць мне сынам», — кажа Грунова.

З дапамогай праваабаронцаў Грунова зьвярталася ў Кастытуцыйны суд, парлямэнт, Адміністрацыю прэзыдэнта, каб унесьлі зьмены ў заканадаўства і дазволілі сваякам забіраць целы расстраляных. Адказвалі — няма падставаў.

Таму Вольга Грунова й просіць Камітэт ААН, каб той разгледзеў яе скаргу й рэкамэндаваў беларускаму ўраду прывесьці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі, а менавіта з артыкулам 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

XS
SM
MD
LG