Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фэмінізм патрэбны Беларусі, бо ў нашым грамадзтве не хапае чульлівасьці і эмпатыі», — Вольга Гапеева


Вольга Гапеева, фота bybooks.eu

Вольга Гапеева, фота bybooks.eu

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — беларуская паэтка, пісьменьніца, перакладчыца, гендэрная дасьледчыца Вольга Гапеева. Яна адказвае на пытаньне, чаму фэмінізм патрэбны Беларусі, разважае, ці можа прагрэсіўны чалавек быць супраць фэмінізму, і тлумачыць, што такое «калябарацыянізм з патрыярхатам». Зь ёй гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Вольга, вы сябе вызначаеце як фэміністку?

— Так.

— Што гэта для вас азначае — ці гэта мае найперш грамадзка-палітычнае значэньне, ці нейкі агульнафілязофскі аспэкт, у сэнсе стаўленьня да жыцьця?

— Мне падаецца, што тут грамадзка-палітычны і філязофскі аспэкты перасякаюцца. Адно немагчымае без другога. Таму маё азначэньне фэміністкі звычайна вельмі шырокае. Гэта чалавек, які выступае за тое, каб у кожнага чалавека было права на выбар. Больш дробныя нюансы можна разглядаць у залежнасьці ад таго, пра які аспэкт жыцьця мы гаворым.

— Фэмінізм заўсёды быў даволі рознакаляровы, з рознымі адценьнямі і рухамі. Мне, напрыклад, найбольш даспадобы лібэртарыянскі фэмінізм. Але (як мне падаецца) апошнім часам мэйнстрым фэмінізму ўсё ж відавочна левы, я б нават сказаў, лева-сацыялістычны. Ці згодныя вы з такой ацэнкай і чаму так адбылося?

— Вядома, апошнія дзесяцігодзьдзі фэмінізм ішоў поруч зь іншымі левымі кірункамі. Мне падаецца гэта даволі заканамерным, бо і тыя, і гэтыя спрабуюць змагацца за нейкія свабоды, за чалавека як істоту разнастайную.

Пагаджуся з вамі, што фэмінізм ніколі ня быў нечым гамагенным, маналітным. Ва ўсіх тэарэтычных кнігах вы можаце прачытаць пра існаваньне фэмінізму лібэральнага, марксісцкага, постмадэрнісцкага фэмінізму. З аднаго боку, гэта плюс. Але зь іншага — мінус, бо вельмі праблемна кансалідаваць людзей, якія ўваходзяць ці далучаюць сябе да фэмінізму. І часам прадстаўнікі розных групаў ці тыпаў фэмінізму могуць вельмі варожа ставіцца адна да адной ці адзін да аднаго.

— Часам прадстаўніцы фэмінізму ў Беларусі заяўляюць у стылі, што «ўсе прагрэсіўныя людзі павінны быць фэміністамі». Але вось ёсьць у Швэцыі фэмінісцкая партыя, якая на выбарах набрала 4 працэнты. Яны выступаюць за большыя правы прафсаюзаў, за большую дапамогу мігрантам, за палестынцаў, супраць Ізраіля. Калі я ўсё гэта не жадаю падтрымліваць — ці азначае гэта, што я «супраць фэмінізму», што я «не прагрэсіўны»?

Наш пол, гендэр не павінен узьдзейнічаць на тое, якую прафэсію мы выбіраем, як вядзем сваю гаспадарку

— Вы так прыцягнулі швэдзкі досьвед... Думаю, там трэба вызначацца ў тэрмінах іхняга кантэксту. Для мяне гэта вельмі субʼектыўны панятак — фэмінізм. Таму я заўсёды імкнуся ўдакладніць, што чалавек разумее пад гэтым. Я тут бачу адно, а нават мае калегі могуць разумець зусім іншае, і нават не лічыць мяне фэміністкай.

Тое, што «кожны прагрэсіўны чалавек павінен быць фэміністам» — я ўспрымаю гэтую фразу наступным чынам. Мы ў 21 стагодзьдзі дажылі да таго, што наш пол, гендэр не павінен узьдзейнічаць на тое, якую прафэсію мы выбіраем, як вядзем сваю гаспадарку, ці забараняюць мне займацца нейкімі справамі. Вось гэтае разуменьне, я лічу, сапраўды павінна быць у кожнага прагрэсіўнага чалавека.

— Тады, калі вярнуцца да Беларусі, то як бы вы закончылі фразу: «Фэмінізм патрэбны Беларусі, бо...»?

— Фэмінізм патрэбны Беларусі, бо, як мне здаецца, у нашым грамадзтве не хапае чульлівасьці і эмпатыі. Фэмінізм — гэта якраз той кірунак, які дапамагае людзям вучыцца талерантнасьці, чульлівасьці, эмпатыі.

— Па-мойму, проста шыкоўная, філязофская фармулёўка. Калі ж пайсьці на больш практычны ўзровень, заканадаўча-нарматворчы — што б на сёньня вы палічылі галоўным для правоў жанчын у Беларусі?

— Зноў жа гэты «сьпіс прафэсіяў», забароненых для жанчын. Калі ты ня можаш быць пілётам летака ці машыністам электрацягніка ў мэтро. Тут, зноў жа, філязофскі аспэкт цягне за сабой і практычныя крокі. Калі мы будзем чульлівымі, будзем разумець, што жанчына марыць стаць пілётам летака — то наша эмпатыя і дазволіць нам зразумець яе патрэбы, а ёй — мець права на гэта. Так што гэта даволі практычнае, а ня толькі філязофскае азначэньне.

— Беларускі фэмінізм часам «абвінавачваюць» у тым, што сёньня ён выступае ўжо хутчэй не за роўнасьць, а за прывілеі. І тут некалькі самых яркіх маркераў. Ваша стаўленьне да гэтых тэмаў — квоты для жанчын, роўны ўзрост выхаду на пэнсію, прызыў у войска?..

— У некаторых сфэрах я выступаю прыхільніцай таго, каб напачатку ўводзіліся так званыя квоты для жанчын. Бо мы жывем ня ў вакуўме. І немагчыма жанчыну, як любога субʼекта, адарваць і адразу вырваць з гэтай культурнай і сацыяльнай парадыгмы, у якой яна існавала ўсё жыцьцё.

Вы можаце казаць, што жанчынам лёгка трапіць у палітыку і гэтай далей. Але сацыяльныя і культурныя элемэнты, не настолькі відавочныя, замінаюць гэтаму. Многія жанчыны ня любяць спаборнічаць, бо ў іх зь дзяцінства не выхоўваецца гэтая рыса характару. Хлопчыкаў і дзяўчат з маленства вучаць розным рэчам. Калі ты расьцеш з тым, каб ня ўмець і не хацець спаборнічаць — ты наўрад ці пойдзеш у бізнэс ці палітыку.

— Вольга, але ж так дзяўчатак выхоўваюць менавіта жанчыны — маці ў семʼях, выхавацелькі ў садочках, настаўніцы ў школах!

— Гэта так. І для гэтага ў фэмінізму ёсьць свой тэрмін — «калябарацыянізм з патрыярхатам». Калі жанчыны трансьлююць тыя ж патрыярхатныя нормы, у якіх жылі самі. І яны не выступаюць за роўнасьць ці правы для жанчын. Іх таксама можна зразумець — ніколі не жылі інакш. І калі яны дазволяць зьмяніцца парадку — яны ніколі ня будуць упэўненыя, якое яны месца будуць займаць. А пакуль патрыярхат дае ёй «пачэснае» месца маці, жанчыны, якую на 8 сакавіка віншуюць кветкамі, тартамі — і гэтага павінна ім хапаць.

Што да прызыву ў войска, то для мяне гэта праблема агульначалавечая, сацыяльнага пляну. Я б увогуле рабіла прызыў у войска на кантрактнай аснове, калі ты — мужчына ці жанчына — маеш права выбару.

— У гарачых дыскусіях на гендэрныя тэмы ў сацыяльных сетках людзі часам лёгка раскідваюцца такімі тэрмінамі, як «мізагінія» і «сэксізм». Вось зараз на адрас тых, хто выступае супраць абортаў, кажуць, што ў іх мізагінія (нянавісьць да жанчын). Ці вы згодныя з такім азначэньнем?

— Мізагіністам можа быць і мужчына, і жанчына. Ці працуе забарона абортаў супраць жанчын? Канечне, у нечым гэта скіравана на абмежаваньне права жанчыны распараджацца сваім уласным целам. Зноў жа, залежыць ад таго, як вызначаць слова «мізагінія». Калі гэта непрыманьне жанчыны як субʼекта, тады тут можна гэта ўбачыць. Калі браць нейкі этычны аспэкт, то, можа, тут гэтае слова прымяняецца надта шырока ці ня надта адпавядае.

— Прабачце, але ў нашай размове амаль не ўдалося закрануць іншы, ці не галоўны, аспэкт вашага жыцьця — тое, што вы цудоўная беларуская паэтка. Што новага напісалі?

— Рыхтую новую кнігу паэзіі да публікацыі. Так што чакайце. У самы найбліжэйшы час, да канца году, яна можа пабачыць сьвет. Можаце пажадаць мне посьпехаў у гэтай справе, бо паэзія — ня тое, што так лёгка і проста ў нас выдаецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG