Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Абрамава: «Гэта будзе апошні тэрмін Лукашэнкі, а Караткевіч і Дзьмітрыеў пройдуць у парлямэнт»


Вольга Абрамава

Вольга Абрамава

У перадачы «Інтэрвію тыдня» палітоляг, былы дэпутат Вярхоўнага Савету, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава тлумачыць, чаму на гэтых выбарах ня будзе вялікай яўкі і што гэта азначае для ўлады, даказвае, чаму, на яе думку, Караткевіч і Дзьмітрыеў пройдуць у наступны склад парлямэнту, і заяўляе, што новы тэрмін прэзыдэнцтва будзе апошнім для Аляксандра Лукашэнкі.

— У якасьці палітоляга і дзейнага палітыка вы назіралі за многімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Якія стратэгічныя адрозьненьні гэтай кампаніі ад папярэдніх?

«Сацыёлягі кажуць, што будзе вялікая яўка. Яе ня будзе»

— Самае галоўнае — гэта тыя наступствы, той фон, які дасьць вынік у выглядзе нізкай яўкі. Альгарытм ранейшых выбараў быў такі, што ў момант заканчэньня збору подпісаў выбаршчыкі ўжо ня толькі ведалі кандыдатаў, але і вызначыліся, за каго будуць галасаваць. У любым месцы збору людзей, на рынках, у паліклініках, на загарадных прыпынках электрычак людзі літаральна «кашулі рвалі» за свайго кандыдата. Цяпер гэтага няма.

Я шмат ежджу грамадзкім транспартам і часам нават ініцыюю сацыяльныя і палітычныя дыскусіі, задаю пачатак абмеркаваньня, а потым зьбіраю інфармацыю. Настроі відавочныя. Сацыёлягі кажуць, што будзе вялікая яўка. Яе ня будзе. Ад вясны ў электрычках амаль зьнікла тэма Ўкраіны. Гэта фонавы, але стратэгічна важны момант. Гэтая тэма аказалася надта траўматычнай, псыхіка просіць спакою. Затое сацыяльныя тэмы ідуць «на ўра», і ўсе крытыкуюць уладу. Лаюць і за тое, што зьнялі мноства зручных электрычак («эканомяць на нас, пэнсіянэрах, а самі жыруюць»), і за рашэньне вярнуцца да ранейшай сыстэмы продажу сьпіртнога — кажуць, што ўлада дзеля грошай спойвае моладзь. Ніводнага разу сёлета ня чула, каб уладу за нешта пахвалілі. Адзінае, што чула — «ён цар, яму і рашаць».

Гэта ня значыць, што вынік у канцы выбараў будзе іншы. Але важна, што яўка будзе іншая, у атмасфэры, калі апатыя дамінуе над нездавальненьнем.

Так, улады агучаць нейкі вынік. Але ж міжнародныя назіральнікі будуць бачыць яўку, і на аснове гэтай інфармацыі, якую яны перададуць у свае структуры, і будуць будаваць адносіны зь беларускай уладай. Здымаць Лукашэнку з пасады нявыгадна ніводнаму з бакоў, а вось атрымаць ад яго нешта — бяз масавай падтрымкі насельніцтва будзе значна лягчэй. Выходзіць, што ўладным паліттэхнолягам давядзецца моцна падумаць, як знайсьці спосабы мабілізацыі людзей.

— Ці азначаюць гэтыя вашы назіраньні, што вы выступаеце за байкот ці няўдзел? Ці той варыянт удзелу, які выбрала тая частка апазыцыі, якую прадстаўляе прэтэндэнт Караткевіч — таксама мае права на існаваньне?

— Вядома, у палітыцы прысутнічаюць розныя інтарэсы, але толькі дзеяньні даюць нейкі вынік. Бязьдзеяньне таксама часам дае вынік, але ім карыстаюцца, як правіла, іншыя. Дарэчы, на няяўку будуць працаваць і скандалы ўнутры апазыцыі — любыя скандалы зьніжаюць яўку. І я нават ня ведаю, ці пралічана гэта самімі апазыцыянэрамі, ці не.

— Наколькі паліттэхналягічна правільна пабудаваны вобраз Караткевіч? Як бы вы яго ацанілі на сёньняшні момант?

— Я б яго ацаніла на моцную чацьвёрку (па пяцібальнай шкале). Тое, што выбудоўваецца ў пляне іміджу — робіцца даволі правільна. Для Беларусі арганічны цэнтрызм, для большасьці насельніцтва. Людзі лёгка прымуць сацыял-дэмакратычную ці сацыял-лібэральную ідэалёгію. Так гістарычна склалася сыстэма базавых каштоўнасьцяў, якіх прытрымліваецца большая частка насельніцтва.

Тое, што зроблена камандай Караткевіч — выдатна ўкладваецца ў запатрабаваньні большасьці. Вылучылі жанчыну маладую, прывабную, без нэгатыўнага бэкграўнду, бо яна нікому не вядомая. А новае — гэта заўсёды пэўным чынам прываблівае, і яе вобраз кожны можа напаўняць пазытывам. Не забудзьцеся пра 7 працэнтаў фэміністак (гэтая лічба доўгія гады не мянялася) — гэта тыя, хто, паводле апытаньняў, заўсёды быў гатовы галасаваць за жаночую партыю «Надзея». Гэта патэнцыйны электарат Караткевіч, які гатовы галасаваць за яе проста па факце, што яна жанчына.

«Прасіць палёгкі на тое, што кандыдат — жанчына, ня варта»

— У сацыяльных сетках ужо гучаць меркаваньні ў стылі «непрыгожа, калі чацьвёра мужчын накінуліся на жанчыну». Ці жанчына павінна быць роўнай у палітыцы незалежна ад гендэрнага статусу, ці для яе могуць быць нейкія паслабленьні?

— Не, ніякіх паслабленьняў быць не павінна. Як казаў мой настаўнік Аркадзь Вольскі — «у палітыцы няма мужчын і жанчын, у палітыцы ёсьць толькі палітыкі». Калі ты пайшоў у гэтую сфэру, то ты разумееш, на што ідзеш. Ты зрабіў гэты выбар сам, таму зрабі ласку трымаць удар. Я лічу, што прасіць палёгкі на тое, што кандыдат — жанчына, ня варта.

Пасада прэзыдэнта ў наш час патрабуе высокай псыхалягічнай устойлівасьці. Прабачце, тут кандыдата варта праверыць з усіх пунктаў гледжаньня. Але калі абвінавачаньні гучаць як хамства, то тут ня важна, мужчыну ці жанчыне яны прад’яўляюцца.

Паводзіны БНФ, які ўдзельнічаў у кааліцыі «Народны рэфэрэндум», я магу кваліфікаваць толькі як здрадніцтва

І, вядома, нельга скідаць з рахункаў факт здрадніцтва. Напрыклад, паводзіны БНФ, які ўдзельнічаў у кааліцыі «Народны рэфэрэндум», я магу кваліфікаваць толькі як здрадніцтва. Дакладна так, як Алег Трусаў і кампанія здрадзілі ў свой час Карпенку. Такія рэчы павінны ацэньвацца па-іншаму, і ёсьць пэўныя межы, якіх пераходзіць нельга.

— Якая будучыня ў праекту «Караткевіч», як вы яе бачыце — і асабіста для яе, і для кампаніі «Гавары праўду»?

— Тацяна Караткевіч абазначыла сама свае інтарэсы. Гэта ўдзел у беларускай рэальнай палітыцы. Гэта гатоўнасьць прыняць прапанову выканаўчай улады ў інтарэсах тых каштоўнасьцяў і той стратэгіі, якую вылучае яе арганізацыя. Таму відавочна, што яна будзе ўдзельнічаць у наступнай парлямэнцкай кампаніі, гэтага і не хаваюць яе паплечнікі.

Я думаю, што і Караткевіч, і Дзьмітрыеў будуць у будучым парлямэнце. Іх не ўвядуць туды за ручку, улада проста ня будзе гэтаму супраціўляцца. Бо сёньняшні этап разьвіцьця палітычнай сыстэмы Беларусі патрабуе зьяўленьня ў парлямэнце людзей з памяркоўна апазыцыйнымі поглядамі. Яны пройдуць туды самі, зьбяруць каманду, плаціць за ўсё будуць самі — але ўлада ня будзе аказваць ім шалёнага супраціву.

— Адкуль у вас такая ўпэўненасьць? У гісторыі Беларусі ўжо неаднаразова былі моманты, калі апазыцыі і Захаду рабілі намёкі, што ў парлямэнт прапусьцяць апазыцыянэраў. Але потым улада падманвала, «кідала». Чаму зараз павінна быць па-іншаму?

— Магчыма, я і памыляюся, бо досьвед нашых выбараў не такі вялікі. Але некаторая цыклічнасьць назіраецца. Бываюць пэрыяды жорсткасьці ўлады, калі яна асьцерагаецца ініцыяваньня апазыцыяй народных хваляваньняў, а бываюць пэрыяды пэўнай лібэралізацыі. Цяпер, з улікам міжнароднага кантэксту і таго, што ўлада вельмі хоча наладзіць адносіны з Захадам, пэўная колькасьць іншадумцаў можа зьявіцца ў наступным парлямэнце.

«Лукашэнка ня проста так выпускаў Статкевіча»

— А як гэта адаб’ецца на беларускай апазыцыі? Ці адбудзецца канчатковы падзел яе на апазыцыю больш радыкальную і больш памяркоўную, згодную на кампрамісы з уладамі?

— Дык гэта ўжо адбываецца. Лукашэнка ня проста так выпускаў Статкевіча. Усе іншыя довады — праваабаронцы, Захад — я прыбіраю, я пакідаю толькі тое, што мае ўнутрыпалітычны сэнс. Цяпер фактычна адбываецца сэпарацыя апазыцыі — тое, што патрабавала б месяцаў, цяпер ідзе за тыдні. У нашай гісторыі ўжо бывала, калі адбывалася зьяўленьне радыкальнага ядра апазыцыі, якое самаізалявалася ад асноўнай часткі. Яно пачынала паводзіць сябе з выклікам і абвінавачваць усіх іншых у згодніцтве.

І радыкалізм сам сябе заганяў у гета. Беларусы ў большасьці не падтрымліваюць радыкальную лінію, у якой толькі 10–12 працэнтаў прыхільнікаў. І пашырыць гэтую зону немагчыма — бо на перашкодзе стаіць нацыянальны характар. Правільней было б уплятаць свае інтарэсы ў інтарэсы значнай часткі народу праз ідэю «малых спраў» — грамадзянскія ініцыятывы і пэтыцыйныя кампаніі. Доўгі шлях, але ён адаптуе грамадзтва да таго, што апазыцыя можа абараняць ягоныя інтарэсы.

— Вы прааналізавалі наступствы ўдзелу Караткевіч у выбарах для яе самой і яе кампаніі. Але якія наступствы для краіны, для палітычных пераменаў? Улада раней рэагавала на «мэсыдж» адзіных кандыдатаў, бо яны прадстаўлялі значную частку грамадзтва. Але ці будзе ўлада хоць неяк рэагаваць на Караткевіч — бо невядома, наколькі яна прадстаўляе нават апазыцыйны электарат?

«Мяркую, наступны тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі будзе для яго апошнім»

— Цяпер ад апазыцыі мала што залежыць у гэтым дачыненьні. Для часткі людзей Караткевіч будзе альтэрнатывай. Пытаньне ў тым, што яна прад’явіць, акрамя агульных словаў. Узьдзеяньне пэўнае на ўладу будзе. На краіну гэта зробіць уплыў у тым сэнсе, што, сапраўды, упершыню кандыдат — жанчына, якая не баіцца быць вярхоўным галоўнакамандуючым.

Уплыў самога яе вылучэньня — ён не стратэгічны. А вось далейшыя крокі — калі такія людзі, як Караткевіч, будуць прадстаўленыя ў парлямэнце, дзе здолеюць стварыць нейкую групу, — гэта даволі значна. Бо, на мой погляд, наступны тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі будзе для яго апошнім. Прычым не ў трагічным сэнсе. А ў тым, што, я мяркую, ён прыйдзе да высновы, што сілы людзкія не бясконцыя. Лёс узьнёс яго вельмі высока, але і дасталася яму вельмі моцна.

І аптымальным варыянтам для яго было б вярнуцца да таго, што я сама калісьці яму прапанавала — перайсьці да парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі. Будзем спадзявацца, што гэта будзе зроблена. Бо пакідаць такую абсалютную прэзыдэнцкую ўладу нават пераемніку, якому цалкам давяраеш, — гэта небясьпечна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG