Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобраз Караткевіч — жанчына, зацкаваная старой гвардыяй апазыцыі?


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

У якім рэчышчы адбываюцца перамены ў беларускай апазыцыі на фоне выбарчай кампаніі? Чаму адзінае, вакол чаго ўдалося аб’яднацца многім апазыцыйным структурам — гэта крытыка Тацяны Караткевіч? Ці адбудзецца перафарматаваньне апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аглядальнік парталу Tut.by Арцём Шрайбман і намесьнік рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец.

«Тое, што адбываецца зь беларускай апазыцыяй, — гэта блізка да краю, горш ужо быць ня можа»

Цыганкоў: На фоне працягу выбарчай кампаніі мы назіраем перамены ў апазыцыйных арганізацыях. Партыя БНФ у суботу выйшла з кампаніі Тацяны Караткевіч. Ці можна казаць. што адбываецца перафарматаваньне апазыцыі? Як вы ацэніце тое, што адбываецца?

Зьміцер Панкавец

Зьміцер Панкавец

Панкавец: Тое, што адбываецца зь беларускай апазыцыяй, — гэта блізка да краю, горш ужо быць ня можа. Гэта цалкам правальная выбарчая кампанія, калі два ўплывовыя ў апазыцыйным асяродзьдзі палітыкі — Калякін і Лябедзька — ня здолелі сабраць неабходныя подпісы.

Таму я схільны думаць, што любыя новыя кааліцыі прывядуць да пазытыўных тэндэнцыяў у стане апазыцыі. Я не кажу, што гэтая новая кааліцыя, якая можа ўтварыцца вакол Статкевіча, будзе трывалым і надзейным падмуркам — але нават яе абрысы варта ўспрымаць як пазытыўную зьяву. Варта заўважыць, што па вызваленьні Мікола Статкевіч выказаў пару добрых словаў на адрас Аляксандра Мілінкевіча — можа, і гэта прывядзе да чагосьці большага.

Пакуль жа сёньня няма ніякіх кааліцыяў унутры апазыцыі. На выбары пайшлі партыі-адзіночкі, якія ня здолелі далучыць да сябе іншыя структуры. Таксама быў часовы хаўрус БНФ і «Гавары праўду», які дэ-факта разваліўся.

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман

Шрайбман: Калі мы можам называць перафарматаваньнем поўную фрагмэнтацыю апазыцыі, то — так, тады гэта перафарматаваньне. Цяпер, як слушна сказаў Зьміцер, няма ніякага сталага саюзу ўнутры апазыцыі. Мы назіраем развал кааліцыі «Народны рэфэрэндум». Былі спадзяваньні, што гэта правобраз нейкай агульнай кааліцыі, якая можа ўключыць у сябе шмат суб’ектаў з рознымі палітычнымі праграмамі. Але калі справа дайшла да рэальнай палітычнай кампаніі — то ўсё пасыпалася. Мы ўбачылі, што «Народны рэфэрэндум» — гэта нават не кааліцыя, а тактычнае аб’яднаньне нейкіх структураў з тактычнай мэтай зьбіраць подпісы за нейкі паўмітычны рэфэрэндум, які, як усе разумеюць, улады не дазволяць правесьці.

Цыганкоў: А чым можна патлумачыць гэтыя звадкі і падзелы? Можа, дзеяньнямі спэцслужбаў, пра што цяпер шмат кажуць?

«Яны нават не клапоцяцца, як яны выглядаюць у грамадзтве»

Шрайбман: Не, я не трымаюся той вэрсіі, што тут вінаватая рука рэжыму. Я казаў і кажу, што апазыцыя апынулася ў такім стане натуральна — як вынік эвалюцыі беларускай палітычнай сыстэмы. Усё менш месца застаецца для дзеяньняў апазыцыі, усе менш сродкаў выдзяляецца з заходняга боку. Закрылася магчымасьць Плошчы, няма веры ў перамогу, таму няма ніякіх стымулаў для рэальнага аб’яднаньня, кожная структура цягне коўдру на сябе.

Я ня веру ў праект «кааліцыі» вакол Статкевіча, пры ўсёй павазе да ягонай мужнасьці

Мы бачым, што яны нават не клапоцяцца, як яны выглядаюць у грамадзтве. Амаль ніхто ў апазыцыі ня робіць нічога, каб пазьбегнуць канфліктаў, а наадварот — працуе на іх эскаляцыю. Я ня веру ў праект «кааліцыі» вакол Статкевіча, пры ўсёй павазе да ягонай мужнасьці. Бо адразу пасьля прэсавай канфэрэнцыі Някляеў і Лябедзька заявілі, што ў ніякія кааліцыі яны не ўваходзяць, а толькі падтрымліваюць высілкі Статкевіча па дэлегітымізацыі выбараў.

Цыганкоў: Ці магчыма спрагназаваць, як далей будуць разьвівацца адносіны ўнутры апазыцыі? Як будзе выглядаць стаўленьне да Тацяны Караткевіч? Наколькі моцны будзе ціск на яе з патрабаваньнем зьняцца з выбараў?

Панкавец: Ніякага пацяпленьня да пэрсоны Караткевіч з боку значнай часткі апазыцыі мы назіраць ня будзем. Што будзе адбывацца пасьля выбараў — будзе залежаць ад далейшых дзеяньняў Караткевіч: ці прызнае яна выбары, ці ўбачыць пэўныя паляпшэньні. Думаю, многія і на Захадзе будуць прыслухоўвацца да яе словаў.

Цыганкоў: Варыянт, што яна можа зьняцца — вы нават не разглядаеце?

Караткевіч пэўна застанецца. Я нават не выключаю, што яна атрымае другое месца

Панкавец: Не, абсалютна. Караткевіч пэўна застанецца. Я нават не выключаю, што яна атрымае другое месца. Але больш за ўсё залежыць ад яе паводзінаў пасьля выбараў.

Арцём кажа, што апазыцыя ня можа аб’яднацца. Але я заўважу, што сур’ёзных ідэалягічных супярэчнасьцяў паміж рознымі апазыцыйнымі партыямі няма. І гэта ключавы пункт. Таму я, у адрозьненьне ад Арцёма, не выключаю тут і працы «трэціх сілаў», і асабістыя амбіцыі.

«ГП будзе вымушана альбо мяняць да сябе стаўленьне з боку апазыцыі, альбо стаць чымсьці кшталту „кішэннай апазыцыі“»

Шрайбман: Нельга ўсё сьпісваць на працу спэцслужбаў, бо мы маем справу з самастойнымі дарослымі людзьмі. Калі б была прага аб’яднацца, яны б знайшлі нейкі фармат.

Калі ж адказваць на пытаньне пра Караткевіч, то цяпер атрымалася пэўнае аб’яднаньне супраць Караткевіч. Бо фігуру Караткевіч ня лічаць самастойнай, лічаць крэатурай кіраўніка «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, стаўленьне да якога ў апазыцыі дасягнула найніжэйшай кропкі. І гэта праблема для ГП, бо яна зараз будзе вымушана альбо мяняць да сябе стаўленьне з боку апазыцыі, альбо стаць чымсьці кшталту «кішэннай апазыцыі» і, мабыць, нават пайсьці ў парлямэнт. Але гэта азначае цалкам страціць магчымы давер з боку астатніх апазыцыйных структураў.

Іншая справа, што гэтыя абвінавачаньні на адрас Караткевіч могуць згуляць на яе карысьць — тактычна, у межах кампаніі.

Цыганкоў: «Я не з уладай, не з апазыцыяй, а з народам»? Быў кандыдат з такім лёзунгам у 1994-м годзе.

Шрайбман: Так. Стварыць уражаньне жанчыны, зацкаванай старой гвардыяй апазыцыі. І гэта можа дадаць ёй бонусаў у незвычайнага для апазыцыі электарату. Але гэта вельмі рызыкоўны шлях. Бо мы разумеем — улада скарыстаецца кампаніяй Караткевіч у сваіх мэтах. А вярнуць пасьля выбараў давер астатняй часткі апазыцыі для ГП будзе даволі складана, калі зараз яны пойдуць на істотнае дыстанцыяваньне ад астатняй апазыцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG