Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваяваць за Ўкраіну ў атрадзе «Пагоня» запісалася 5 беларусаў


Міхал Вітушка і Ігар Гузь.

Міхал Вітушка і Ігар Гузь.

Інтэрвію Радыё Свабода даў адзін з удзельнікаў беларускага добраахвотнага атраду «Пагоня» пад псэўданімам Міхал Вітушка, які будзе ваяваць за незалежнасьць і цэласнасьць Украіны ў Данбасе.

Сёньня яго прадставіў у сябе ў Фэйсбуку намесьнік старшыні Валынскай абласной рады Ігар Гузь, які абвясьціў набор беларусаў у добраахвотны атрад «Пагоня».

— Чаму ўзялі імя Міхала Вітушкі? Што вас зьвязвае з гэтым чалавекам? Ці іншыя беларусы маюць падобныя ж імёны? Якія і чаму?

— Імя Міхала Вітушкі ўзяў таму, што захапляюся яго мужнасьцю і тым, што ён зрабіў для Беларусі. Па-другое, таму, што, прымаючы ўдзел у падобнай дзейнасьці, лепей не называць свайго імя, а мець псэўда. Кожны з удзельнікаў абірае сабе псэўда (Воўк, Ліс, Сівы, Чорны...). Гэта робіцца на ўзор дзейнасьці УПА, там таксама не ўжываліся сапраўдныя імёны, і ўсе карысталіся выключна псэўдамі.

— Колькі ў вашым атрадзе беларусаў (па магчымасьці — хто яны)? Ці ёсьць сярод іх жанчыны?

— На дадзены момант 5 беларусаў. Усе адносна маладыя хлапцы — да 35 год. Жанчын няма.

— Чаму вырашылі пайсьці ў батальён? Як даўно вы ва Ўкраіне?

— Таму што ўпэўнены — нельга заставацца ўбаку, калі зьдзяйсьняецца злачынства.

— Ці маеце вайсковы досьвед? Што робіце ў звычайным жыцьці?

— Маю досьвед Майдана, вайскова-спартовых трэнавальных вышкалаў ва Ўкраіне, і амаль 10 год адзінаборстваў. Пра звычайнае жыцьцё распавядаць ня буду — таму што гэта дэмаскуе.

— Часта кажуць, што гэта «чужая вайна». Якая ваша думка?

— Гэта вайна Ўкраіны супраць нашага агульнага ворага — крамлёўскай мафіі (не супраць Расеі, а менавіта супраць шавіністычнай імпэрскай хунты). Украінцы заўжды нас падтрымлівалі і падтрымліваюць у нашай барацьбе з рэжымам. Трэба і нам падтрымаць братоў у цяжкія часы!

— Чым займаюцца добраахвотныя батальёны? З чым даводзілася сутыкацца за час канфлікту?

— Пра гэта я распавяду, калі вярнуся з Усходу. Пакуль мы толькі рыхтуемся да выезду...

— Як ставіцеся да тых беларусаў, якія знаходзяцца на баку сэпаратыстаў?

— Калі яны паехалі пад уплывам прапаганды — мне іх проста па-чалавечы шкада. Калі за грошы — то яны ворагі, якіх трэба зьнішчаць.

— Ці з поўным даверам ставяцца да вас сябры-ўкраінцы? (Былі зьвесткі пра тое, што беларусаў затрымлівалі як дывэрсантаў, нэгатыўна ўспрымаецца інфармацыя пра тое, што на баку сэпаратыстаў ёсьць чачэнцы, расейцы, данскія казакі...)

— З украінцамі ў нас ужо вельмі даўно добрыя стасункі, ніякага недаверу няма! Ставяцца сардэчна, і ўдзячныя за нашы намаганьні дапамагаць. Наконт чачэнцаў — тут трэба адрозьніваць кадыраўцаў ад чачэнцаў. Кадыраўцы — гэта карны атрад Крамля, а чачэнцы ваююць на баку Ўкраіны.

— За кошт чаго існуюць добраахвотныя батальёны? Хто ім дапамагае? Ці прыходзіць дапамога зь Беларусі і якая? Каму яны падпарадкоўваюцца?

— Наколькі я ведаю ад знаёмых, якія ўжо даўно на Ўсходзе, — амаль цалкам забясьпечваюцца батальёны грамадзянамі і прадпрымальнікамі. Наконт дапамогі зь Беларусі, то не валодаю ніякай інфармацыяй, на жаль.

— Ці не мяняецца іх роля падчас актыўных дзеяньняў украінскага войска?

— На гэтае пытаньне адказаць змагу, калі вярнуся з Усходу.

— Ці ня бачыце пагрозы ў тым, што пасьля канфлікту людзей, якія ўжо трымалі ў руках зброю, цяжка будзе вярнуць да мірнага жыцьця?

— Пагрозы ня бачу, але добра разумею, што зьявіцца фронт працы па псыхалягічнай рэабілітацыі вайсковых і ўсіх удзельнікаў. Патрэбная будзе дапамога псыхолягаў і іншых спэцыялістаў па рэабілітацыі.

— Чаму ўзьнікла ідэя зрабіць беларускі атрад? Якая ў гэтым неабходнасьць? Чым ён будзе вылучацца сярод іншых?

5 чалавек асабліва нічога ня вырашаць у маштабах вайны, але тут больш маральны аспэкт — паказаць Украіне, што мы разам, хто ім сапраўдны брат і сябар

— Таму што сабралася група беларусаў, ахвотных разам удзельнічаць у антытэрарыстычнай дзейнасьці на Ўсходзе Ўкраіны. 5 чалавек асабліва нічога ня вырашаць у маштабах вайны, але тут больш маральны аспэкт — паказаць Украіне, што мы разам, хто ім сапраўдны брат і сябар. Сярод іншых мы ня будзем вылучацца і будзем рабіць тое, што і ўсе астатнія — выконваць загады кіраўніцтва.

— Калі б у Беларусі здарылася падобная сытуацыя, ці магчымае ў нас збройнае супрацьстаяньне?

— Хочацца верыць, што мы ня горшыя і таксама зможам абараніць сваю Радзіму!

— Ці ведаюць пра вас беларускія праваахоўныя органы, ці не выяўлялі ўвагі да вас, вашых сваякоў?

— Спадзяюся, што ня ведаюць, і зраблю ўсё, каб не даведаліся. Не жадаю мець зь імі ніякіх кантактаў. І сваякоў маіх таксама ніхто не чапае. Я не апазыцыйны шэф ці лідэр, як яны сабе называюць, каб ім мяне ведаць.

— Ці плянуеце вярнуцца ў Беларусь? Ці гэта бясьпечна? Ці пагражае вам перасьлед? Калі Ўкраіна прапануе грамадзянства, ці пагодзіцеся?

— Беларусь — гэта мая Радзіма, і ніколі я не адмоўлюся ад яе. Там мае родныя і сябры. Калі нехта даведаецца пра мой удзел, то, канечне, чакае перасьлед. Я маю грамадзянства, і мне яго хапае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG